Канстытуцыя Японіі

Канстыту́цыя Япо́ніі (яп.: 日本国憲法, にっぽんこくけんぽう, ніхон-коку кэнпо; англ.: Constitution of Japan, «Канстытуцыя Японскай дзяржавы») — дзеючы асноўны закон дзяржавы Японія. Была абвешчана 3 лістапада 1946 года, набыла моц 3 мая 1947 года.

канстытуцыя
«Канстытуцыя Японіі»
яп.: 日本国憲法
Першая старонка арыгінальнага асобніка
Першая старонка арыгінальнага асобніка
Галіна права: канстытуцыйнае права
Дзяржава: Японія
Прыняцце: парламентам Японіі
7 кастрычніка 21 года Сёва (1946)
Падпісанне: імператарам Сёва
3 лістапада 21 года Сёва (1946)
Уступ у сілу: 3 мая 22 года Сёва (1947)
Першая публікацыя: 3 мая 22 года Сёва (1947)
Дзеючая рэдакцыя: 3 мая 22 года Сёва (1947)

Кароткія звесткі правіць

Канстытуцыя Японіі 1947 года замяніла ранейшую Канстытуцыю Вялікай Японскай імперыі, тэрмін дзеяння якой скончыўся пасля паражэння Японіі ў Другой сусветнай вайне ў 1945 годзе[1]. На сённяшні дзень ніякіх паправак у дзеючую Канстытуцыю Японіі не ўносілася. Пры нязменнасці самой Канстытуцыі ёсць факты змены яе трактоўкі. Так, у ліпені 2014 года Кабінет міністраў Сіндза Абэ прыняў рэзалюцыю[2], якая дае новае тлумачэнне артыкула 9 Канстытуцыі Японіі.

Канстытуцыя Японіі абвяшчае японскую нацыю носьбітам дзяржаўнага суверэнітэту, а Імператара Японіі — сімвалам гэтай нацыі. Канстытуцыя гарантуе членам нацыі, асобам з японскім грамадзянствам, асноўныя правы чалавека, калі яны не супярэчаць грамадскаму дабру.

Згодна з Канстытуцыяй, улада падзелена на тры галіны — заканадаўчая, выканаўчая і судовая, прадстаўленыя адпаведна Парламентам Японіі, Урадам Японіі і Вярхоўным судом Японіі. Вышэйшым органам дзяржаўнай улады вызначаецца двухпалатны парламент. Выканаўчую вертыкаль узначальвае прэм’ер-міністр Японіі. Рэгіянальным і грамадскім аб’яднанням на месцах прадастаўляецца права на самакіраванне. Імператар пазбаўлены ўплыву на дзяржаўнае кіраванне.

Канстытуцыя Японіі вядомая як «Мірная канстытуцыя» (平和憲法, хейва кэмпо) з-за артыкула 9, які прадугледжвае адмову Японіі ад вайны як сродку вядзення дзяржаўнай палітыкі і адмову ад утрымання войска[3].

Аднак, нягледзячы на тое, што артыкул прадугледжвае адмову дзяржавы ад права весці вайну і мець узброеныя сілы, у Японіі дэ-факта ёсць армія — Сілы самаабароны. З фармальнага пункту гледжання, японская армія лічыцца асаблівым тыпам паліцэйскіх сіл, яе дзейнасць фармальна абмяжоўваецца абаронай краіны, хоць фактычна японскі флот удзельнічае ў барацьбе з піратамі ў Адэнскім заліве, абараняючы замежныя караблі. Згодна з пастановай Кабінета міністраў ад 1 ліпеня 2014 года, Японія мае права на так званую «калектыўную самаабарону» і можа выкарыстоўваць Сілы самаабароны не толькі ў выпадку ўзброенага нападу на Японію, але і ў выпадку нападу на краіны, з якімі Японія мае цесныя сувязі, а таксама ў выпадку сур’ёзнай пагрозы такога нападу.

Дзеючая Канстытуцыя Японіі з’яўляецца Вярхоўным законам Японіі, а ўсе пастановы, указы і рэскрыпты, якія супярэчаць ёй, не прызнаюцца дзеючымі.

Дзень Канстытуцыі Японіі адзначаецца штогод 3 мая.

Зноскі

  1. Паміж юрыстамі вядуцца дэбаты пра тое, ці з’яўляецца дзеючая Канстытуцыя Японіі новай канстытуцыяй, ці была папраўкай да Канстытуцыі Вялікай Японскай Імперыі.
  2. Cabinet Decision on Development of Seamless Security Legislation to Ensure Japan’s Survival and Protect its People, July 1, 2014 (Provisional Translation) (англ.)
  3. Гэты артыкул быў прыняты з-за ціску адміністрацыі ЗША, якая кантралявала Японскі архіпелаг пасля Другой сусветнай вайны і мела сваёй задачай праводзіць татальную дэмілітарызацыю Японіі. Падчас Карэйскай вайны ЗША, ужо ў ролі саюзніка, прымусіла японцаў парушыць гэты артыкул уласнай Канстытуцыі, садзейнічаючы фарміраванню японскіх узброеных сіл — Сіл самаабароны Японіі.

Літаратура правіць

 
Лагатып Вікіцытатніка
У Вікікрыніцах ёсць тэксты па тэме
Канстытуцыя Японіі

Канстытуцыя Японіі // 日本大百科全書 : 全26冊. — 2版. — 東京 : 小学館, 1994—1997.

Спасылкі правіць

  • Канстытуцыя Японіі // Юрыдычная энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэд. кал. Ю. С. Шамшучэнка (адк. рэд.) [і ін.]. — К. : Украінская энцыклапедыя ім. М. П. Бажана, 2001. — Т. 3 : К — М. — 792 с. — ISBN 966-7492-03-6.
  • Асновы канстытуцыйнага права Японіі // Канстытуцыйнае права замежных краін: Вуч. дапаможнік / Пад агул. рэд. В. А. Рыякі. — Кіеў : Юрынком Інтэр, 2006. — С. 494—517.