Адкрыць галоўнае меню

Карэліцкі раённы краязнаўчы музей

Карэліцкі раённы краязнаўчы музеймузей у Карэлічах. Створаны паводле рашэння Карэліцкага райкама КПБ ад 23 мая 1969 г. як раённы Музей народнай славы. З 2007 г. сучасная назва. Для наведвальнікаў адчынены 29 чэрвеня 1974 г. Падзея была прымеркавана да 30-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Музеем кіравалі І.А.Шыбут, В.У.Чартко, В.У.Уласевіч, В.М.Мароз, Э.А.Арабей. З 1998 г. дырэктар І.М.Цівунчык.

Асноўны фонд музея (2008) налічвае 7444 адзінкі захоўвання, навукова-дапаможны — 2975 адзінак. Плошча экспазіцыйных памяшканняў 159,6 м², выставачнай залы — 24,4 м².

КалекцыіПравіць

Аснову экспазіцыі складаюць 5 калекцый: фотапомнікі, нумізматыка, помнікі пісьменства, мастацтва, рэчавыя помнікі. Найбольш цікавыя і рэдкія прадметы з гэтых калекцый: лістоўка КПЗБ (1934), ордэн Леніна, які належаў П.Жалезняковічу, скарб манет — солідаў Яна Казіміра літоўскай чаканкі (93 адзінкі, з раскопак у г.п.Мір), манета польскага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, гліняная чарніліца 1930-х гг., адзенне ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, генералаў Г.Быліча і А.Трусевіча, запальніца, компас, корцік А.Трусевіча, ваенная гімнасцёрка М.Рацько і інш.

ЭкспазіцыяПравіць

Экспазіцыя музея, размешчаная ў 7 залах, складаецца з раздзелаў: край ад першабытных часоў да XVIII ст.; гаспадарчыя каляндарныя абрады беларусаў; сельская гаспадарка краю ў ХХ ст.; нашы славутыя землякі; Вялікая Айчынная вайна на тэрыторыі раёна; прырода краю. Экспазіцыя знаёміць з помнікамі археалогіі на тэрыторыі Карэліцкага раёна, з гісторыяй краю ў перыяд сярэдневякоўя, з земляробчымі каляндарнымі абрадамі беларусаў. Сярод экспанатаў — матэрыялы раскопак неалітычнай стаянкі каля в.Ярэмічы і гарадзішча жалезнага веку каля в.Варонча, знаходкі з раскопак у г.п.Мір і Мірскім замку, рукапісныя кнігі XVIII—ХІХ ст. і інш. У экспазіцыі знаходзіцца калекцыя рэчаў сялянскага побыту і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ХІХ—ХХ ст., творы беларускіх жывапісцаў і графікаў. Экспануюцца шматлікія матэрыялы, якія расказваюць пра жыццё, навуковую і творчую дзейнасць славутых людзей Карэліччыны, у ліку якіх Я.Чачот, І.Дамейка, А.Мілюць, А.Бажко, Я.Брыль, А.Дзяркач, В.Іпатава, Р.Тармола, Уладзімір Калеснік, П.Конюх, А.Ільінскі, П.Ламан і інш.

Значны раздзел экспазіцыі прысвечаны падзеям на тэрыторыі раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Захоўваюцца дакументы акупацыйнага перыяду, фотаздымкі загінуўшых жыхароў раёна, матэрыялы, якія расказваюць пра ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, дзейнасць партызанскіх атрадаў і брыгад на тэрыторыі раёна, вызваленне Карэліччыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Асобная вітрына прысвечана дзейнасці Мірскага камсамольска-маладзёжнага падполля.

МерапрыемствыПравіць

У музеі праводзяцца аглядныя і тэматычныя экскурсіі, сустрэчы з ветэранамі вайны і мерапрыемствы, прысвечаныя знакамітым людзям — ураджэнцам Карэліцкага раёна. Супрацоўнікі музея рыхтуюць выстаўкі, праводзяць музейныя заняткі для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту, чытаюць лекцыі на краязнаўчую тэматыку. Падрыхтаваны і праведзены выстаўкі «Беларускае вяселле», «Прымадонна з Белай Русі» (да юбілею салісткі Днепрапятроўскага акадэмічнага тэатра оперы і балета А.Гіль), «Калі душа хараству сугучна» (да юбілею мясцовага мастака П.Коршуна); выстаўкі скульптур (да юбілею майстра М.Якавенкі), чучал «Жывёльны свет роднай краіны», міні-выстаўкі — дзіцячага малюнка «Што я бачыў у музеі?», да юбілею Я.Купалы і Якуба Коласа; перасоўныя выстаўкі «Жанчына і вайна», «Чароўны свет музыкі» і інш.