Касцёл Святога Антонія Падуанскага (Раванічы)
Касцёл Святога Антонія Падуанскага — каталіцкі храм у аграгарадку Раванічы Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. Размешчаны ў паўночнай частцы аграгарадка, на могілках.
Каталіцкі храм | |
Касцёл Святога Антонія Падуанскага | |
---|---|
| |
53°53′08″ пн. ш. 28°36′31″ у. д.HGЯO | |
Краіна |
![]() |
Аграгарадок | Раванічы |
Канфесія | Каталіцтва |
Архітэктурны стыль | класіцызм |
Будаўніцтва | 1790—1799 гады |
Статус |
![]() |
Стан | руіны |
![]() |
Гісторыя
правіцьПабудаваны ў 1790—1799 гадах па фундацыі ўладальніка раваніцкага палацава-паркавага ансамбля Антонія Слатвінскага. Па яго задумцы, храм «павінен быў стаць магільным склепам фундатараў як сямейны маўзалей».
У 1800 годзе касцёл быў кансэкраваны пад тытулам Святога Антонія і атрымаў статус філіяльнага ў Бярэзінскай парафіі. Пры касцёле Слацвінскія ўтрымлівалі сталага святара.
У 1937 годзе будынак быў зачынены. Пасля Вялікай Айчыннай вайны, да 1985 года выкарыстоўваўся ў гаспадарчых мэтах як зернасховішча[1]. У 1990-х гадах пацярпеў ад пажару і з таго часу знаходзіцца ў паўзруйнаваным стане.
Побач з касцёлам знаходзіцца цвінтар, дзе пахаваныя прадстаўнікі шляхецкага роду Слатвінскіх[2].
Архітэктура
правіцьПомнік архітэктуры класіцызму. Невялікі квадратны ў плане будынак з прамавугольнай апсідай, да якой далучаны дзве бакавыя нізкія сакрысціі. Галоўны фасад аформлены чатырохкалонным порцікам з трохвугольным франтонам і спрошчанымі іанічнымі капітэлямі з разеткамі ў выглядзе кветак. Галоўны ўваход дэкарыраваны сандрыкам з франтончыкам і паўцыркульнай люкарнай, фланкіраваны арачнымі нішамі. Бакавыя і тыльныя фасады члянёны пілястрамі ў прасценках. Аконныя праёмы прамавугольныя.
Унутры зала была перакрыта цыліндрычным скляпеннем і аздоблена паліхромнай размалёўкай на біблейскія тэмы. На тарцовай сцяне мелася ілюзорная выява алтара. Над нартэксам зроблены хоры з парапетам у выглядзе антаблемента, куды вяла лесвіца ў тоўшчы сцяны. Пад касцёлам знаходзіцца крыпта.
Зноскі
- ↑ Што чакае гістарычныя помнікі ў Чэрвеньскім і Іванаўскім раёнах. // СБ. Беларусь сегодня, 21 верасня 2017. (руск.)
- ↑ Вандруем экалагічнымі сцежкамі. Ад панскага маёнтка да «Сямі крыніц» Архівавана 23 сакавіка 2020.. // Mlyn.by, 16 студзеня 2018. (бел.)
Літаратура
правіць- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1987. — Мінская вобласць. Кніга 2. — 308 с.: іл.
- Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Касцёл Святога Антонія Падуанскага (Раванічы)
- Касцёл Святога Антонія Падуанскага (Раванічы) на сайце Radzima.org
- Касцёл Святога Антонія Падуанскага (Раванічы) на сайце Глобус Беларусі (руск.)