Катастрофа Су-27 пад Арабаўшчынай
Катастрофа Су-27 пад Арабаўшчынай — падзенне самалёта каля вёскі Арабаўшчына ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці 23 мая 1996 года падчас трэніровачнага палёту знішчальніка беларускай авіяцыі.
23 мая 1996 года Уладзімір Карват выконваў вучэбна-трэніровачны палёт па практыкаванню 314 «Курса баявой падрыхтоўкі знішчальнай авіяцыі» на самалёце Су-27 з нумарам 29. У практыкаванне быў уключаны палёт у аблоках з вялікімі вугламі крэну з адпрацоўкай тактычных прыёмаў паветранага бою ў аблоках на малай вышыні ў складаных метыяўмовах уначы.
Палёт пачаўся ў 22:44:31. У 22:52, калі самалёт знаходзіўся на вышыні 900 метраў, на хуткасці 540 км/г, Карват паведаміў, што загарэлася табло падзення ціску ў першай гідрасістэме. З зямлі загадалі неадкладна вяртацца на базу. Праз 29 секунд паведамленне пра непаладкі ў першай гідрасістэме знікла, але амаль адразу пачалі з’яўляцца паведамленні пра іншыя паломкі. На вышыні 600 м і хуткасці 440 км/г перастала працаваць сістэма кіравання.
Лётчык атрымаў загад катапульціравацца, але ў гэты час самалёт знаходзіўся над вёскамі Арабаўшчына і Вялікае Гацішча, і Карват да апошняга спрабаваў адвесці самалёт у старану. У 22:54, праз 14 секунд пасля паведамлення пра тое, што самалёт стаў некіруемым, Су-27 разбіўся за кіламетр ад Арабаўшчыны.
У фільме «Звычайны герой» (2004) пра Уладзіміра Карвата, Аляксандр Марфіцкі (з 2003 года — камандзір 61-й знішчальнай авіябазы) распавядаў пра тую катастрофу: «Ён сапраўды здзейсніў гераічны ўчынак. Адвёў самалёт. Усё ж такі 24 тоны, 4 тоны паліва, калі б ён ўпаў недзе на населены пункт, там не адзін дом бы згарэў. Вельмі шмат было б ахвяр, тым больш, што гэта было ўначы, усе людзі знаходзіліся ў хатах, наступствы былі б самымі сумнымі»[1].
Сведкамі катастрофы сталі многія мясцовыя жыхары, якія адразу паспяшаліся на дапамогу. Самалёт загарэўся, мясцовыя жыхары спрабавалі выцягнуць цела з кабіны. Сякераю былі перарублены рамяні, але выцягнуць пілота не атрымалася. Праз 20 хвілін прыбылі пажарныя з Гарадзішча, якія здолелі не дапусціць узгарання кабіны пілота, а пасля і затушыць полымя, але Карват загінуў пры падзенні. Цела пілота здолелі выцягнуць толькі на наступны дзень.
Паводле высноў камісіі, якая займалася расследаваннем прычын, катастрофа адбылася з-за пажару ў левым абцякальніку хваставой часткі. У гідрасістэме ўзнікла цеча, перагарэлі электрычныя кабелі і самалёт страціў кіраванне.
З Карватам развітваліся ў Баранавічах. Пахаваны 26 мая 1996 года ў Брэсце. 21 лістапада 1996 года яму было прысвоена званне «Герой Беларусі»[2].
Зноскі
- ↑ Дочь погибшего на авиашоу в Польше белорусского пилота: «ПАПА ГОВОРИЛ: „ПРИЛЕЧУ ДАЖЕ НА ОДНОМ ДВИГАТЕЛЕ“»(недаступная спасылка)//Комсомольская правда в Беларусі
- ↑ Указ Президента Республики Беларусь от 21 ноября 1996 года № 484 Архівавана 2 сакавіка 2012. // Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь