Каюва (саманазва Caiouá, літаральна «лясны чалавек»; парт.: kaiowás) — індзейскі народ у Паўднёвай Амерыцы. Жывуць на захадзе Бразіліі, пераважна ў штаце Мату-Гросу. Агульная колькасць (2008 г.) — 31 000 чалавек.

Каюва
(Caiouá)
Агульная колькасць 31000 (2008 г.)
Рэгіёны пражывання Бразілія
Мова гуарані каюва
Рэлігія шаманізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы іншыя гуарані
Не блытаць з паўночнаамерыканскімі індзейцамі каёва

Каюва маюць агульнае паходжанне з парагвайскімі індзейцамі пай-тавітэра. У XVII — XVIII стст. яны мігрыравалі з поўдня ў раён субтрапічных лясоў для захавання традыцыйнага ладу жыцця. У 1870 г. частка тэрыторый, населеных каюва, увайшла ў склад Бразіліі.

Найбольш урадлівыя землі ўрад перадаваў у карыстанне буйным прыватным кампаніям. Планавалася, што тубыльцы стануць працаваць на створаных плантацыях. Аднак каюва ігнаравалі іх. Таму з 1903 г. палітыка Бразіліі ў дачыненні да індзейскага насельніцтва змянілася. Былі арганізаваны дзяржаўныя ўстановы па справах індзейцаў, вылучаліся землі для іх аўтаномнага існавання, дзе павінны былі адчыніцца школы, шпіталі і хрысціянскія місіі. Аднак плошча вылучаных зямель была вельмі сціплай. У 1928 г. яна складала 18,1 га, што не давала магчымасці развіваць традыцыйную гаспадарку, у якой значную ролю адыгрывалі паляванне і збіральніцтва.

Ціск на індзейцаў Мату-Гросу ўзмаціўся з 1960-х гг., калі ўрад пачаў перадаваць землі, што каюва лічылі гістарычна сваімі, каланістам з іншых рэгіёнаў Бразіліі. У 1980-я гг. узнік рух індзейцаў-гуарані за свае правы. У 1988 г. плошча зямель, вылучаных для пражывання індзейцаў, павялічылася да 22 400 га. Аднак іх перадача ўладальнікам натыкнулася на перашкоды з боку іншых землеўласнікаў. Зямельныя спрэчкі прыводзяць да канфліктаў і нават смяротных выпадкаў. Агульнай праблемай гэтага народа таксама з’яўляецца галеча, выкліканая недахопам сродкаў для існавання.

У нашы дні большасць каюва жыве ў сельскіх паселішчах, створаных пад уплывам палітыкі «акультурызацыі» з боку дзяржавы, займаецца сельскай гаспадаркай і працуе па найму. Асноўнай сацыяльнай і гаспадарчай адзінкай з’яўляецца буйная пашыраная сям'я на чале са старэйшым чальцом, звычайна мужчынам. Сем’і аднаго паселішча фарміруюць абшчыну тэкоха, на чале якой стаіць правадыр-«капітан». Акрамя таго, у абшчыне можа мецца фармальны або нефармальны палітычны лідар мбарувіка, што прадстаўляе інтарэсы абшчыннікаў перад уладамі.

Каюва захавалі шматлікія старажытныя міфы і рэлігійныя рытуалы. Нягледзячы на тое, што большасць каюва належаць да пратэстанцкіх або каталіцкай цэркваў, яны працягваюць шанаваць духаў прыроды і продкаў. Арганізацыяй традыцыйных абрадаў займаюцца шаманы. Імі могуць быць як мужчыны, так і жанчыны. Найбольш распаўсюджаны абрад уключае начныя сустрэчы вернікаў для праслухоўвання і паўтарэння спеваў шамана і спажывання кукурузнага напою кагуй. Сустрэчы скончваюцца танцамі. Практыкуюцца ахвярапрынашэнні прадуктаў земляробства для забеспячэння ўрадлівасці. Пад уплывам хрысціянства ўзнік абрад мітамангарай, калі шаман «хрысціць» дзяцей і дае ім традыцыйныя імёны.

Спасылкі правіць