Цела складаецца з двух аддзелаў: галавагрудзей, якія ўтварыліся пры зліцці галавы і грудзей, і цэльнага брушка. Галавагрудзі і брушка раздзелены тонкай сцяблінкай — відазмененым сегментам брушка. Вусікаў няма.
На галавагрудзях шэсць пар канечнасцей. Першая пара мае на вяршыні вострыя членістыя кіпцюрыкі з ядавітай залозай каля асновы. Кіпцюрыкі пранізаны каналамі з адтулінай на вяршыні, праз якія змесціва ядавітай залозы ўводзіцца ў цела ахвяры, паралізуючы або забіваючы яе. Другая пара канечнасцей — тонкія членістыя нагашчупальцы. Гэта органы дотыку і смаку, а ў самцоў яны служаць і для апладнення самак. Наступныя чатыры пары канечнасцей галавагрудзей — хадзільныя ногі. Яны членістыя і працуюць, як рычагі, забяспечваючы актыўныя рухі драпежнікаў. Частка канечнасцей ператварылася ў павуцінныя бародаўкі, размешчаныя на ніжнім баку брушка.
Павуцінныя бародаўкі звычайнага крыжавіка пранізаны сотнямі надзвычай тонкіх канальцаў. Праз адтуліны канальцаў выдзяляецца бялковы сакрэт павуцінных залоз, размешчаных у брушку павука. Гэты сакрэт на паветры застывае ў выглядзе соцень танюткіх ніцей. Яны звіваюцца ў больш тоўстую і трывалую павуціну грабеньчатымі капцюрыкамі задняй пары хадзільных ног. Па хімічным саставе павуціна блізкая да шоўку, яна вельмі трывалая і эластычная. З павуціны павук робіць сетку, выдзяляючы спачатку сухі (не ліпкі) сакрэт для яе каркаса, а затым ліпкі сакрэт для кругавых ніцей. Павук бегае па сухіх ніцях, а яго ахвяры прыліпаюць да ліпкіх ніцей і становяцца здабычай драпежніка.
Звычайны крыжавік — раздзельнаполая жывёла. Самкі звычайна буйнейшыя за самцоў. Восенню аплодненая самка адкладвае яйцы, фарміруючы шчыльны павуцінны кокан. Самка падвешвае кокан у зацішных месцах: пад адсталай карой або ў яе трэшчынах на ствалах дрэў, у шчылінах і іншых падобных месцах. Развіццё ў павукоў прамое. Вясной з кокана выходзяць маладыя павучкі. Яны будуюць павуцінныя сеткі, павялічваючы іх па меры росту.
- Біялогія: вучэб. дапам. для 8-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / Л. В. Камлюк, А. С. Шалапёнак; пер. з рус. мовы Г. І. Кулеш. — 3-е выд., дап. — Мн.: Нар. асвета, 2010. — 222 с. : іл. ISBN 978-985-03-1367-6.