Павукі (Araneae, Aranei) — атрад членістаногіх, другі па колькасці вядомых прадстаўнікоў у класе павукападобных: каля 41 тысячы відаў.
Даўжыня ад 0,7 мм да 11 см. Самкі большыя за самцоў. Афарбоўка разнастайная. Цела складаецца з укрытых шчытком галавагрудзей і брушка, якія злучаны кароткай сцяблінкай. Вачэй 4 пары. Канечнасцей 6 пар (хадзільных ног 4 пары, з іх дапамогай робяць лоўчыя сеткі, яйцавыя коканы). На канцах хеліцэраў адкрываюцца пратокі ядавітых залоз. На брушку бародаўкі (1—4 пары) з адтулінамі павуцінных залоз. Павуціна дыяметрам да 3—7·10−3 мм складаецца з бялку фібраіну; трываласць на разрыў да 260 кг/мм; мае ў сабе бактэрыцыдныя рэчывы. Есць органы дотыку, нюху, слыху. Для павукоў характэрны складаныя паводзіны, некаторым уласцівы канібалізм.
Жывуць пераважна на сушы. Вандроўныя не будуюць сховішчаў, аселыя селяцца ў норках і логавах. Пераважна начныя жывёлы. Актыўнасць залежыць ад тэмпературы і вільготнасці асяроддзя. Драпежнікі. Кормяцца насякомымі, трапічныя птушкаеды — дробнымі птушкамі, жабамі, яшчаркамі, мышамі.
Раздзельнаполыя. Самкі адкладваюць яйцы ў коканы або яйцавыя мяшкі, якія носяць з сабой і ахоўваюць.