Кубак Амерыкі па футболе
Кубак Амерыкі (ісп.: Copa América), раней (да 1975 года) Чэмпіянат Паўднёвай Амерыкі (ісп.: Campeonato Sudamericano de Fútbol), — міжнародны турнір па футболе паміж зборнымі з КАНМЕБОЛ. Найстарэйшы міжнародны кантынентальны футбольны турнір. Спаборніцтва вызначае чэмпіёнаў Паўднёвай Амерыкі. З 1990-х гадоў да ўдзелу таксама запрашаюцца зборныя з Паўночнай Амерыкі і Азіі.
Кубак Амерыкі
| |
Арганізацыя: | КАНМЕБОЛ |
---|---|
Заснаваны: | 1916 |
Рэгіён: | Паўднёвая Амерыка |
Кол-ць каманд: | 16 |
Дзеючыя чэмпіёны: | Аргенціна (16-ы тытул, 2024) |
Найбольш тытулаваная: | Аргенціна (16 тытулаў) |
Апошні розыгрыш | |
2024 | |
З 1993 года на кубку Амерыкі ўдзельнічаюць 12 каманд — усе 10 зборных з КАНМЕБОЛ і яшчэ дзве дадатковыя зборныя з іншых канфедэрацый. У кожным розыгрышы з 1993 года прымала ўдзел зборная Мексікі, а таксама яшчэ адна зборная з КАНКАКАФ, за выключэннем Кубка Амерыкі 1999 года, калі на турнір была запрошана зборная Японіі. Кубак Амерыкі 2016 года, прысвечаны стагоддзю правядзення чэмпіянату, уключаў у свой фармат 16 каманд — 10 з КАНМЕБОЛ і 6 з КАНКАКАФ. Два фіналы зборнай Мексікі (у 1993 і 2001 гадах) з’яўляюцца найлепшым дасягненнем каманды не з Паўднёвай Амерыкі на чэмпіянаце.
Восем з дзесяці зборных КАНМЕБОЛ (усе акрамя Эквадора і Венесуэлы) выйгравалі спаборніцтва па меншай меры адзін раз з 1916 года, пачынаючы з якога было праведзена 45 розыгрышаў. Зборныя Уругвая і Аргенціны выйгралі найбольшую колькасць тытулаў (па 15 чэмпіянатаў), а зборная Чылі выйграла першы чэмпіянат у 2015 годзе і праз год стала двухразовым чэмпіёнам. Аргенціна прымала ў сябе чэмпіянат найбольшую колькасць разоў — дзевяць, у тым ліку першы розыгрыш у 1916 годзе. У 2016 годзе ЗША сталі адзінай краінай не з Паўднёвай Амерыкі, якая прымала турнір. Тры разы (у 1975, 1979 і 1983 гадах) турнір праводзіўся ў некалькіх краінах Паўднёвай Амерыкі.
Кубак Амерыкі з’яўляецца адным з самых прэстыжных і самых папулярных футбольных спаборніцтваў у свеце. Каманда з КАНМЕБОЛ, якая займае найвышэйшае месца на турніры, мае права (але не абавязана) прымаць удзел у наступным розыгрышы Кубка канфедэрацый.