Кубак Еўропы па зімовых кіданнях 2014 прайшоў 15—16 сакавіка ў Лейрыі, Партугалія. Спаборніцтвы прымалі дзве арэны, муніцыпальны стадыён «Магальяйнш Песоа» і нацыянальны цэнтр лёгкаатлетычных кіданняў. У праграму турніру былі ўключаны штурханне ядра, кіданне дыска, кіданне молата і кіданне дзіды. Разыгрываліся 4 камандныя Кубкі: сярод мужчын і жанчын у абсалютнай узроставай катэгорыі і сярод моладзі да 23 гадоў (1992 года нараджэння і маладзей).
Кожная краіна магла выставіць да 2 чалавек у кожнай дысцыпліне ў дарослых і аднаго — сярод моладзі. У залік каманды ішоў лепшы вынік у кожным з відаў кіданняў, пасля чаго ён перакладаўся ў ачкі з дапамогай Міжнароднай табліцы перакладу вынікаў ІААФ. Па суме атрыманых балаў вызначаліся пераможцы і прызёры ў камандным заліку Кубка.