Кублічы (археалагічны помнік)

Кублічы  — археалагічны помнік: гарадзішча каля в. Кублічы (Ушацкі раён, Віцебская вобласць). Размешчана за 0,5 км на ўсход ад вёскі, на востраве Кубліцкага возера.

Апісанне правіць

Ва ўрочышчы Замчышча засталося гарадзішча, заснаванае ў IV ст. да н.э. — III ст. н.э. насельніцтвам днепра-дзвінскай кулыуры. Гарадзішча знойдзена ў 1928 годзе І. А. Сербавым.

У 1964—1966 гадах, 1968 годзе К. П. Шут заклаў на ім раскоп плошчай 736 м². У цэнтры пляцоўкі магутнасць культурнага пласта дасягала 0,2 — 0,3 м, каля краёў яна была каля 1 м. Знойдзены сляды наземнага жытла слупавой канструкцыі, якое размяшчалася каля краю пляцоўкі. Унутры жытла былі рэшткі адкрытых агнішчаў, абкладзеных камянямі. Абсалютная колькасць (90 %) знойдзенай керамікі была выраблена насельніцтвам днепра-дзвінскай культуры. Гэта слабапрафіляваныя гаршкі і пасудзіны слоікавай формы. Невялікая колькасць (10 %) посуду зроблена пад уплывам культуры штрыхаванай керамікі. Знойдзены і кавалкі гаршкоў, аздобленыя адбіткамі тканіны. Сярод знаходак жалезныя сярпы, нажы, сякеры, страла, матыка, шылы, рыбалоўныя кручкі, посахападобныя шпількі, разнастайныя пярсцёнкі, бронзавыя бляхі, бранзалеты, касцяныя праколкі, рукаятка нажа. Знойдзены таксама падмурак печы-домніцы, у якой выплаўлялі жалеза, шмат шлакаў, каменныя кавадлы, зерняцёркі.

Дадаткова гарадзішча Кублічы даследавалася А. Г. Калечыц у 1972 годзе і А. А. Егарэйчанкам у 1981 годзе[1].

Зноскі

  1. ГАРАДЗІШЧА КАЛЯ ВЁСКІ КУБЛІЧЫ(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 28 кастрычніка 2017. Праверана 3 красавіка 2020.

Літаратура правіць

  • Гарадзішча каля вёскі Кублічы // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Ушацкага раёна / рэдкал. Г. К. Кісялёў [і інш.]. — Мн., 2003. — С. 24 — 26.
  • Дучыц, Л. Аб чым расказваюць знаходкі / Л. Дучыц // Патрыёт (Ушачы). — 1990. — 28 жн.
  • Шут, К. П. Городище Кубличи Ушачского района / К. П. Шут // Древности Белоруссии : доклады к конференции по археологии Белоруссии (март 1969). — М., 1969. — С. 262. — 289.

Спасылкі правіць