Кулундзінская раўніна
Кулундзі́нская раўніна, Кулундзінскі стэп, Кулунда — раўніна на поўдні Заходняй Сібіры ў Расіі і Казахстане.
Размешчана ў міжрэччы Обі і Іртыша. На паўднёвым усходзе прылягае да перадгор’яў Алтая, на поўначы мяжуе з Барабінскім стэпам. Плошча каля 100 тыс. км². Вышыня ад 100 да 250 м.
Паверхня хвалістая з характэрным чаргаваннем грыў (выш. да 60 м) і паніжэнняў, занятых рэкамі (Кучук, Кулунда, Бурла і інш.) і бяссцёкавымі азёрамі. У азёрах запасы соды (Петухоўскія, Танатарскія азёры), мірабаліту (Кулундзінскае возера, Кучукскае возера) і кухоннай солі (Вялікае і Малое Яравое). Клімат кантынентальны. Сярэдняя тэмпература студзеня ад −17 °C да −19 °C, ліпеня 19-22 °C. Гадавая колькасць ападкаў 250—350 мм. На поўначы і ўсходзе злакавыя стэпы на паўднёвых чарназёмах, на поўдні і захадзе палынова-злакавыя на каштанавых глебах. На схілах грыў — «стужачныя» хваёвыя бары і бярозава-асінавыя колкі.
Малочная жывёлагадоўля, збожжавая гаспадарка.
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).