Кім Хадзееў
Кім Іванавіч Хадзееў (17 лістапада 1929 — 5 верасня 2001, Мінск) — філосаф, культуролаг, пісьменнік.
Кім Хадзееў | |
![]() | |
Асабістыя звесткі | |
---|---|
Дата нараджэння: | 17 лістапада 1929 |
Месца нараджэння: | |
Дата смерці: | 5 верасня 2001 (71 год) |
Месца смерці: | |
Пахаванне: | |
Грамадзянства: | |
Альма-матар: | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці: | філосаф |
БіяграфіяПравіць
З сям’і ваеннага. Скончыў СШ у Мінску (вучыўся ў адным класе з Ж. Алфёравым).
Вучыўся на філалагічным факультэце БДУ. У студзені 1949 года быў арганізаваны культпаход студэнтаў універсітэта ў тэатр оперы і балета на балет В. Залатарова «Князь-возера». Пасля прагляду пастаноўкі праводзілася яе публічнае абмеркаванне студэнтамі, на якім крытычна выказаліся пра эстэтычныя якасці дадзенага балета Кім Хадзееў, Разіта Калпакчы (таксама студэнтка філфака) і Аляксандр Шлык (студэнт хімфака; усе трое былі сябрамі). Гэта выклікала гнеў партыйнага начальства. Хадзеева, Калпакчы і Шлыка грамілі за іх выступы як «касмапалітаў» і прыхільнікаў «фармалізму» на камсамольскіх і партыйных сходах. Калпакчы і Шлык пакаяліся, а Хадзееў перайшоў у наступ і, паводле яго ўласнага сведчання, публічна заклікаў да забойства Сталіна. 11 сакавіка 1949 Хадзееў быў выключаны з універсітэта загадам рэктара[1].
Справа Хадзеева была даволі гучнай. Яго публічна бэсцілі не толькі на камсамольскіх і партыйных сходах, але і ва ўніверсітэцкай газеце «За сталінскія кадры» (пазней перайменаванай у «Беларускі ўніверсітэт»):
К. Хадзееў, наогул, ужо даўно выбраў сабе ідаламі фармаліствуючых літаратуразнаўцаў і мастацтвазнаўцаў і ўсімі сіламі стараецца не толькі пісаць і думаць пад іх, але і прапагандаваць іх пры кожнай магчымасці ў студэнцкай масе. Яго даклад аб літаратурнай мове «Аповесці аб сапраўдным чалавеку» Б. Палявога, зроблены на студэнцкай навуковай канферэнцыі і на семінары па рускай мове, прадстаўляе сабой голае, папугайскае перайманне пісаніны фармалістаў Шклоўскага, Петэрсона і да іх падобных. (…) Паводзіны К. Хадзеева сярод студэнтаў, наогул, выклікаюць здзіўленне. Яго выказванні, дзе ён імкнецца ачарніць совецкую літаратуру, совецкае мастацтвазнаўства; яго ўпартае жаданне даказаць першародства ўсяго замежнага і яго адмоўныя адносіны да ўсялякай грамадскай работы даўно ўжо сталі «притчей во языцех» усіх студэнтаў філалагічнага факультэта, але чамусьці да гэтай пары не былі прадметам увагі дэканата і грамадскіх арганізацый. (…) Прабыванне Хадзеева ў сценах Універсітэта выклікае законнае абурэнне студэнтаў і навуковых работнікаў.[2]
Арыштаваны і асуджаны да зняволення. Пакаранне адбываў у Ленінградскай спецыяльнай псіхіятрычнай бальніцы турэмнага тыпа, дзе пазнаёміўся з іншымі неардынарнымі палітычнымі зняволенымі, у тым ліку з Юрыем Айхенвальдам, Паўлам Уліціным, Аляксандрам Асарканам.
Вызвалены са спецпсіхбальніцы 15 лютага 1954 года ў адпаведнасці з вызначэннем Мінскага абласнога суда ад 30 студзеня 1954 года (аддадзены на парукі бацьку). Вярнуўся ў Мінск. Паступіў у Мінскі педагагічны інстытут. Ад гэтага часу Хадзееў удзельнічае, а затым робіцца лідарам розных нефармальных гурткоў і аб’яднанняў.
Зноў арыштаваны 25 студзеня 1962 года. Асуджаны за захоўванне і распаўсюд (даваў пачытаць знаёмым) машынапісных кніг мастацкай прозы Паўла Уліціна «Табу» і «Анты-Асаркан» па частцы першай артыкула 67 Крымінальнага кодэкса БССР («Антысавецкая агітацыя і прапаганда»). Па той самай справе на два гады зняволення быў асуджаны і актор Эдуард Гарачы[3]. Апошні ў судзе паказаў, што «быў незадаволены савецкай уладай, лічыў, што сацыялізм будуецца на прыгнёце асобы, што савецкая прамысловасць пабудавана на прыгнёце сялян»[4]. У Асаркана і Уліціна (абое жылі ў Маскве) ў сувязі са справай Хадзеева і Гарачага прайшлі вобшукі[5][6]. Хадзееў знаходзіўся ва Уладзімірскай турме[Крыніца?], на прымусовым лячэнні ў турэмнай псіхіятрычнай бальніцы пры ленінградскай турме «Красты» (Ленінградскай спецыяльнай псіхіятрычнай бальніцы турэмнага тыпа). Вызвалены ад прымусовага «лячэння» 8 ліпеня 1963 г. у адпаведнасці з вызначэннем Мінскага абласнога суда ад 25 чэрвеня 1963 года.
З 1960-х гадоў Хадзееў — культавая фігура мінскага інтэлектуальнага падполля, «гуру» мінскага андэграўнда. У аднапакаёвай кватэры К. Хадзеева (вул. Кісялёва, д. 17, кв. 24) збіралася маладая інтэлектуальная эліта, многія станавіліся яго вучнямі, у т.л. вядомыя мастакі, музыканты, пісьменнікі, навукоўцы. Праз гурток К. Хадзеева прайшлі многія відныя дзеячы культуры Беларусі, напрыклад, Уладзімір Рудаў, Мікалай Захаранка, Дзмітрый Строцаў, Юлія Чарняўская[7], Андрэй Хадановіч[8]. Гурток быў прыязным да самых розных людзей, якія не ўкладваліся ў познесавецкую нарматыўнасць. Анатоль Астапенка (пад псеўданімам Антон Кулон) так апісвае атмасферу гуртка:
Суіснаванне самых розных людзей: геніяў і няздараў, некранутых дзяўчынак і прастытутак, закаханых хлопчыкаў і асобаў нетрадыцыйнай арыентацыі, юнакоў і пажылых людзей, — усё гэта была «акадэмія Кіма»[9].
Сябрамі і знаёмымі Хадзеева былі Б. Акуджава, Л. Анінскі, У. Высоцкі, Ю. Кім, В. Круглянскі, Ю. Левітанскі і інш. Паводле некаторых звестак, напісаў на заказ больш за 40 кандыдацкіх і 4 доктарскіх дысертацыі.
Творы К. Хадзеева друкаваліся рэдка. Да перабудовы ён публікаваўся найчасцей у суаўтарстве, прычым імя суаўтара ішло першым, каб артыкул лягчэй прайшоў праз цэнзуру. Вядомы яго артыкулы для газеты «Літаратура і мастацтва», часопіса «Дружба народов». У 1990-я гады вядомы яго артыкул у часопісе «Белорусский климат» (1997).
Вобраз Кіма Хадзеева ў мастацкай літаратурыПравіць
У рамане Уладзіміра Някляева «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» Кім Хадзееў з’яўляецца як пад уласным імем, так і як персанажы Палкоўнік і Сысой. Раман быў раскрытыкаваны Сямёнам Букчыным за гістарычную недаставернасць[10].
Зноскі
- ↑ Володин, Владимир. Исключение Кима Хадеева из университета // Минская школа: Альманах поэзии. Выпуск ІІІ. Минск, 2014. С. 422—429.
- ↑ Новікаў П. Падгалоскі эстэцтвуючых фармалістаў // За сталінскія кадры. 1949. 11 сакавіка. С. 2.
- ↑ Белохвостик, Надежда. Актер Эдуард Горячий о Минске 60-х: «Мне повезло — посадили и все. А многих выгнали из комсомола» // Комсомольская правда в Беларуси. 7 марта 2013.
- ↑ 58-10. Надзорные производства Прокуратуры СССР по делам об антисоветской агитации и пропаганде. Март 1953—1991. Аннотированный каталог. Под ред. В. А. Козлова и С. В. Мироненко; сост. О. В. Эдельман, Москва, 1999. С. 592.
- ↑ Протокол обыска у Улитина Павла Павловича по адресу — Москва, Савельевский пер., 4, кв. 1. 7 февраля 1962 года
- ↑ Михаил Айзенберг. Открытки Асаркана 6
- ↑ Уладзімір Валодзін. Квір-гісторыя Беларусі другой паловы ХХ стагоддзя: спроба набліжэння. — Менск, 2016. — 600 экз.
- ↑ Тамковіч, Аляксандр. Нататкі Андрэя Хадановіча // Новы час. 18 жніўня 2017. С. 6-7.
- ↑ Памылка ў зносках: Няправільны тэг
<ref>
; для зносакКулон
няма тэксту - ↑ Букчин, Семен. Жизнь как хохма и прикол // Букчин, Семен. Кабаре на сцене и в жизни. Заметки на темы литературы, театра и кино. Санкт-Петербург, 2017. С. 107—122.
ЛітаратураПравіць
- Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 2. — Мн., 2005.
- Нежданский К. Ким Иванович // Белорусская газета. 2003. 15 сент.
- Белоусов О. Синдром трех мудрецов. Ким Хадеев. Штрихи к портрету // «Советская Белоруссия». — 10.01.2003.
- Кім Хадзееў // Наша ніва. № 37 (246), 10 верасн. 2001.
- Кулон А. Кім Хадзееў // pARTisan & Kultura Enter. № 41, 2011 снеж.
- Мартинович, Денис. Ким Хадеев: человек и легенда // Народная воля. 2015. 24 студзеня.
- Сушкоў, Аляксандар. Кім. Скажы мне, хто цябе хавае, і я скажу, хто ты // pARTisan. 2004. № 3. C. 36-47.