Ладзіслаў (Ласла) Ёзэф Бальтазар Яўстахій Меднянскі (венг.: Mednyánszky László, славацк.: Ladislav Medňanský, 23 красавіка 1852, Бецкаў — 17 красавіка 1919, Вена) — славацкі і венгерскі мастак.

Ласла Меднянскі
венг.: Mednyánszky László
Фатаграфія
Ласла Меднянскі (1878)
Імя пры нараджэнні Ladislaus Josephus Balthasar Eustachius Mednyánszky
Дата нараджэння 23 красавіка 1852(1852-04-23)
Месца нараджэння
Дата смерці 17 красавіка 1919(1919-04-17) (66 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства  Аўстра-Венгрыя
Бацька Ede Mednyánszky[d]
Род дзейнасці мастак, графічны дызайнер
Вучоба
Мастацкі кірунак імпрэсіянізм
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Пейзаж у Альпах (1900), Венгерская нацыянальная галерэя, Будапешт

Нарадзіўся ў Бецкаве ў дваранскай сям'і, барон. Бацька — Эдуард Меднянскі, маці — Марыя Ганна Меднянска, народжаная Сірмаі. Да 1870 года жыў у Славакіі, якая ўваходзіла тады ў склад Каралеўства Венгрыя. Пейзажы Высокіх Татр пасля ўвесь час сустракаліся ў яго творчасці. У 1863 годзе аўстрыйскі мастак Томас Эндэр наведаў Бецкаў і па просьбе бацькоў Меднянскага пагадзіўся паглядзець яго мастацкія працы. Пазней ён даў водзыў на некалькі малюнкаў, пасланых яму ў Вену.

У 1870 годзе Меднянскі адправіўся ў Залатурн, дзе рыхтаваўся да навучання ў Швейцарскай вышэйшай тэхнічнай школа Цюрыха. У Цюрыху, аднак, ён не давучыўся, і ў 1872 годзе паступіў у Акадэмію мастацтваў у Мюнхене і правучыўся там два гады. Быўшы незадаволеным стылем выкладання, у 1873 годзе паступіў у Школу вытанчаных мастацтваў у Парыжы і вучыўся там да 1875 года ў класе прафесара Ісідора Піля. Пасля смерці Піля ў 1875 годзе Меднянскі зняў студыю на Манмартры і стаў зарабляць на жыццё мастацкай творчасцю. Ён заставаўся ў Парыжы да 1875 года, пазнаёміўшыся з сучаснымі мастацкімі плынямі, такімі як імпрэсіянізм і постімпрэсіянізм. Істотны ўплыў на яго творчасць аказала барбізонская школа, а пазней ён трапляў пад уплыў сімвалізму і ар-нуво.

Галоўнай тэмай творчасці Меднянскага быў пейзаж, самым частым сюжэтам — выява дрэў. Вельмі часта ў яго пейзажах сустракаюцца выгін ракі ці сцежкі, якая часам сыходзіць у лес. На пейзажах паказана разнастайнасць надвор'я; вядома, што Меднянскі спецыяльна назіраў за надвор'ем і пакідаў звесткі пра гэтыя назіранні ў сваім дзённіку, які вёў па-венгерску і па-нямецку, запісваючы словы грэчаскімі літарамі. Іншым сюжэтам яго творчасці былі партрэты, часта выявы простых людзей, якія жылі там жа, дзе і мастак.

Паміж 1877 і 1889 годам Ласла Меднянскі ўвесь час мяняў месца жыхарства, пражываючы па чарзе ў Славакіі, Будапешце і Вене. Затым да 1892 года ён ізноў жыў у Парыжы, галоўным чынам адлюстроўваючы людзей. Яго маці памерла ў 1883 годзе, бацька — у 1895. Пасля смерці бацькі мастака ў працах Меднянскага з'яўляецца тэма смерці.

У 1896, сумесна з мастакамі Арпадам Фесці і Енэ Барчаі ў гонар 1000-годдзя заснавання венгерскай дзяржавы ўдзельнічаў у стварэнні знакамітага манументальнага палатна (цыкларама, ці кругавая панарама, плошчай 1800 кв. м.) пад назвай «Прыбыццё (уваходжанне) мадзьяр» (іншая назва «Здабыццё Радзімы»). На кругавым маляўнічым палатне адбілася дзве тысячы персанажаў.

Каля 1900 года ён перайшоў цалкам да пейзажаў у стылі імпрэсіянізму, а ў апошні перыяд творчасці, з 1910 года, ссунуўся ў бок сімвалізму, адначасова перайшоў да больш стараннага выканання пейзажаў.

У 1889 — 1900 гадах мастак галоўным чынам жыў у радавым замку Стражкі ў Славакіі, затым усё больш у Будапешце і Вене. У Першую сусветную вайну ён адправіўся на фронт ваенным журналістам, быў паранены, але ў 1916 годзе зноў вярнуўся на фронт. Ён памёр у Вене ў 1919 годзе.

Ласла Меднянскі лічыцца адным з найбуйнейшых жывапісцаў як Венгрыі, так і Славакіі[1]. Самыя вялікія зборы яго прац знаходзяцца ў Венгерскай нацыянальнай галерэі ў Будапешце і ў Славацкай нацыянальнай галерэі ў Браціславе, куды быў перададзены збор спадчыннікаў мастака.

Зноскі

  1. Hungarian Masterpieces, text by Jozsef Vadas, Corvina, Budapest, 2003, ISBN 963-13-5304-4, p.116

Спасылкі правіць