Ленінская вуліца (Ліда)

Ленінская вуліца (руск.: Ленинская улица) — вуліца ў горадзе Лідзе Гродзенскай вобласці Беларусі.

Ленінская вуліца
Ліда
Агульная інфармацыя
Краіна
Горад
Ранейшыя назвы Каменская, 3-га Мая

Гісторыя

правіць

Адна з самых старажытных вуліц горада. Гістарычна называлася Каменская вуліца (або Каменка), назву атрымала ад рэчка Каменкі, прытока Лідзеі, які перасякаў вуліцу. Рэчка мела балоцістыя берагі з заліўнымі лугамі. Вуліца пачыналася з цэнтра горада, ад перакрыжавання з Віленскай, і выходзіла на дарогу ў мястэчка Васілішкі і Астрыну[1].

 
Жаночая гімназія М. К. Навіцкай. 1900-я гг.
 
Вуліца ад моста цераз Каменку ў бок цэнтра. 1917
 
Вуліца ў бок Каменкі, каля скрыжавання з Крывой вуліцай. 1916

У канцы вуліцы знаходзілася павятовая турма (цяпер друкарня). У 1901 г. па вуліцы Каменскай была адчынена жаночая пачатковая школа М. К. Навіцкай. Потым гэта школа стала прагімназіяй і да 1918 г. існавала як прыватная гімназія з правамі дзяржаўнай. На гэтай вуліцы (прыкладна на месцы сучаснага кінатэатра «Юбілейны») размяшчаўся гарадскі парк. Тут, у летнім тэатры, праходзілі гастролі тэатральных труп і вандроўных цыркаў са звярынцам і каруселямі, якія звычайна круцілі ўручную тыя, хто жадаў пакатацца бясплатна[1].

У маі 1908 г. невядомы жыхар горада пісаў у газеце «Кур’ер Літоўскі»[1]:

  У суботу 10 мая ў гарадскім тэатры прайшло прадстаўленне тэатральнай трупы Арлоўскага. Гараджане задаволеныя тым, што ў горадзе гастралюе тэатр… Сярод гледачоў, акрамя суддзі (рускага), двух землеўладальнікаў, лекара і аптэкара, у асноўным былі небагатыя людзі. Яўрэі дэманстратыўна шпацыравалі па парку каля тэатра, не рызыкуючы, за выключэннем 2-3 старазаконных, купіць квіток. Зала была запоўнена не больш чым на траціну… Такую абыякавасць з боку лідзян да мастацтва і тэатра можна растлумачыць толькі адсутнасцю або прытупленнем усялякіх вышэйшых інспірацый духу…  
 
Вуліка каля скрыжавання з Віленскай. Справа бачная гасцініца «Варшава».

Падчас мабілізацыі напачатку Першай сусветнай вайны ў гарадскім парку адбываліся рэгістрацыя і агляды прызваных[1].

У часы Польскай Рэспублікі, у 1921 годзе, вуліца перайменавана ў вуліцу 3-га Мая, у гонар Канстытуцыi 1791 года. У 1920-я на скрыжаванні вуліц Сувальскай і 3-га Мая паставілі макет авіяцыйнай бомбы вышынёй больш за 2 м, якая рэкламавала Лігу супрацьпаветранай і супрацьгазавай абароны. Паводле іншай версіі, гэта была бомба, якая не разарвалася, калі яе скінуў на горад нямецкі дырыжабль-цэпелін[1].

 
Дзяржаўная гімназія імя гетмана Караля Хадкевіча. 1920-я

Забрукаваная вуліца цягнулася ад цэнтра горада да мастка на Каменцы, а потым даходзіла да чыгуначнага пераезда. Дамы, якія стаялі бліжэй да цэнтра, былі пераважна аднапавярховымі камяніцамі, у якіх месціліся розныя крамы. Далей ад цэнтра пачыналіся драўляныя дамы з кветнікамі перад фасадам і гародамі з садамі з іншага боку. Па вуліцы 3-Мая не было культавых устаноў і прамысловых прадпрыемстваў, былі толькі невялічкія фірмы рамеснікаў. У мураваным двухпавярховым будынку былой гімназіі Навіцкай да 1932 г. размяшчалася дзяржаўная гімназія імя гетмана Караля Хадкевіча[1].

На сучасным скрыжаванні вуліцы Ленінскай і праспекта Перамогі да вуліцы 3-га Мая з поўдня падыходзіла вуліца Пярацкага, а на поўнач адыходзіла вуліца Фалькоўскага. Каля скрыжавання з аднаго боку былі пякарня і цукерня «Памаранка», а з другога, ля абочыны, знаходзілася бензінавая заправачная станцыя «Мабіл Ойл». На гэтым жа скрыжаванні да канца 1960-х гадоў стаяў дыхтоўны драўляны двухпавярховы дом, у якім месцілася гарадская ашчадная каса. Да 1939 г. у будынку быў Лідскі аддзел «Народнага супольнага банка». Газета «Лідская зямля» ў 1936 г. пісала[1]:

  З атрыманага прыбытку было вырашана стварыць адмысловы фонд для пабудовы ўласнай нерухомасці. У 1926 г. агульны сход (акцыянераў — заўвага аўт.) ухваліў рашэнне адлічваць для будоўлі 6 % прыбытку. У тым жа годзе ў Магістраце горада Ліды, пры збегу вуліц 3-га Мая і Пярацкага, быў набыты пляц. У 1928 г. закладзены фундамент, а ў 1933-34 гг. пабудаваны дом, у якім на першым паверсе месціліся бюро банка і кватэры для персаналу, а на другім — Сельскагаспадарчае таварыства з секцыямі, Таварыства фабрыкантаў коней, Бюро фінансавых спраў Сельскагаспадарчай суполкі, Праўленне справамі крэдытавання малой сельскай гаспадаркі, Павятовы аддзел саюза асаднікаў і Лідскі аддзел саюза пажарнай варты  

Вуліца 3-га Мая заканчвалася каля чыгуначнага пераезда. Тут улева адыходзіла вуліца Каляёвая (цяпер Труханава). За чыгункай вуліца 3-га Мая працягвалася вуліцай Пяскі (цяпер Камуністычная)[1].

Пісьменнік Ежы Путрамант пісаў у мемуарах пра вуліцу 3-га Мая[1]:

  У цэнтры … да галоўнай вуліцы Сувальскай пад прамым вуглом далучалася другая — Трэцяга Мая. Вяла яна міма што раз меншых домікаў да паўвёскі, якая называлася Слабодка. Адтуль стары тракт, засаджаны старымі бярозамі яшчэ, бадай, пры Кацярыне, ішоў праз Скідзель на Гародню  

Забудова

правіць

Няцотны бок

правіць

Цотны бок

правіць
  • Каменская вуліца, 6 — «Пецярбургскі гатэль» Ісака Глаўбермана (не захаваўся). Тут, верагодна, быў усталяваны адзін з першых унітазаў у Лідзе. Пра гэты цуд сантэхнікі пісалі розныя аўтары. Мельхіёр Ваньковіч ў кнізе «Дзе-нідзе» занатаваў[2]:
  … у Лідзе пані Глаўберман, уладальніца гатэля «Пецярбургскі», уладаваўшы клазет са злівам вады на кухні, лопалася ад гонару. Яна горача ўгаворвала мяне скарыстацца ім. Калі сказаў, што не жадаю, яна аргументавала свой націск: «Хай пан толькі паспрабуе. Пан В. з Пэцяшы таксама не хацеў, а як паспрабаваў, дык адразу захацеў». Для Ліды гэта быў люкс і камфорт. У гатэлі стала жылі лётчыкі, і пані Глаўберман перад святамі без цырымоній забірала ў маладых афіцэраў грошы, тлумачачы, што «ўсяроўна прап’юць» …  
Лідскі абшарнік Андрэй Раствароўскі пісаў[2]:
  І яшчэ, для камплекту, пра «Пецярбургскі» гатэль ці «Пецярбургскую цёцю». Вельмі чысты гатэлік, дзе volens nolens прыходзілася пад час з’ездаў, баляў ці іншых аказій рэзерваваць сябе пакой. Уладальніца, пані Глаўберман — дзедзічка гатэля, паходзіла са старой лідскай сям’і Цыдзяровіч, выйшла замуж за добра малодшага за сябе яўрэя з Пінска Глаўбермана. Ён выконваў абавязкі пакаёвага, парцце, пасыльнага і выкідалы. Неяк, пані Глаўберман устанавіла новы клазет са спускам вады, і таму заахвочвала ўсіх пастаяльцаў карыстацца ім, каб ацаніць выгоды. Казала: «Што значыць не патрэбна? Пану Ваньковічу таксама было не патрэбна, але як сеў, дык гадзіну сядзеў!»  

Зноскі

Спасылкі

правіць