Лышчыцы
Лы́шчыцы[1] (трансліт.: Lyščycy, руск.: Лыщицы) — вёска ў Брэсцкім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Лышчыцкага сельсавета. Размешчаны за 25 кіламетры на паўночны захад ад Брэста, за 2 кіламетры ад чыгуначнай станцыі Лышчыцы, 4 кіламетры ад аўтадарогі Каменец — Высокае.
Вёска
Лышчыцы
| ||||||||||||||||||||||
Гісторыя
правіцьПаводле пісьмовых крыніц вядомы з XVI стагоддзя, калі вёску паводле прывілея атрымаў Леў Лышчынскі, які паходзіў з Вільні. Ён меў трох сыноў: Канстанціна, Станіслава і Івана. У Канстанціна нарадзіўся сын Геранім, які быў бацькам Казіміра Лышчынскага.
Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Расійскай імперыі, у Слонімскай, з 1797 года — у Літоўскай, з 1801 года — у Гродзенскай губернях. У 1817 годзе К. Віслоцкі пабудаваў праваслаўную драўляную царкву са званіцай. У 1878 годзе працавалі ветраны млын, карчма. У 1886 годзе вёска — цэнтр Лышчыцкай воласці, у якую ўваходзілі 17 сёл (380 двароў).
У 1905 годзе чыгуначная станцыя Лышчыцы на паўднёва-заходнім напрамку. Былі размешчаны тэлеграфічная станцыя, участкі: па воінскай павіннасці, валаснога сельскага фельчара, судовых следчых, міравых пасрэднікаў, судова-міравой акругі. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года ў складзе Польшчы, цэнтр Лышчыцкай гміны Брэсцкага павета Палескага ваяводства. Станам на 30 верасня 1921 года вёска, фальварак, чыгуначная станцыя. У 1924 годзе працавалі 5 млыноў, цагельня. Дзейнічала падпольная ячэйка КПЗБ, якая ўваходзіла ў Брэсцкую акруговую арганізацыю. 7 лістапада 1926 года большасць сялян вёскі пад лозунгамі КПЗБ удзельнічалі ў дэманстрацыі.
У Вялікую Айчынную вайну 6 вяскоўцаў загінулі на фронце, 3 — у партызанах. У студзені 1949 года 70 з 89 гаспадарак уступілі ў калгас імя Мічурына. Паводле перапісу 1959 года — пасёлак (331 жыхар) і вёска (315 жыхароў). У хуткім часе яны склалі адзін населены пункт.
Насельніцтва
правіць- 95 двароў, 484 жыхары (1878)
- 33 двары, 386 жыхароў (1886)
- 60 двароў, 475 жыхароў (1897)
- 574 жыхары (1905)
- 52 двары, 347 жыхароў (1921)
- 100 двароў, 603 жыхары (1940)
- 282 жыхары (1970)
- 65 гаспадарак, 160 жыхароў (1997)
- 56 гаспадарак, 93 жыхары (2005)
Інфраструктура
правіцьЦэнтр сельскагаспадарчага кааператыўнага прадпрыемства «Астрамечава». Працуюць сярэдняя школа, клуб, дзіцячы сад, аптэка, бібліятэка, аддзяленне сувязі, участковая бальніца, 2 магазіны.
Славутасці
правіць- Сядзіба Віслоцкіх
- Магіла ахвяр фашызму (1942—1944) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113Д000094
Вядомыя ўраджэнцы і жыхары
правіць- Казімір Лышчынскі (1634—1689) — беларускі мысляр, філосаф і атэіст.
- Таццяна Барысаўна Мароз (нар. 1963) — беларускі архітэктар.
- Уладзімір Ульянавіч Мелішкевіч (нар. 1942) — беларускі гісторык, прафесар.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
Літаратура
правіць- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 3, кн. 1. Брэсцкая вобласць / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2006. — 528 с.: іл. — 4 000 экз. — ISBN 985-11-0373-X.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Лышчыцы
- Лышчыцы на сайце Глобус Беларусі (руск.)