Лібіда
Лібіда (лац.: libido — цяга, жаданне, страсць, імкненне) — адно з асноўных паняццяў псіхааналізу, распрацаваных Фрэйдам. Яно абазначае сэксуальнае жаданне ці палавы інстынкт. Гэты тэрмін неабходны для апісання разнастайных праяў сэксуальнасці. Фрэйд прыраўняў лібіда да Эрасу Платона і вызначыў яго як энергію цягі да ўсяго таго, што ахопліваецца словам «каханне»: палавая любоў, сябелюбства (нарцысізм), любоў да бацькоў і дзяцей, ўсеагульнае чалавекалюбства і г. д. Тэрмін «лібіда» выкарыстоўваецца Фрэйдам пры тлумачэнні прычын узнікнення псіхічных разладаў, неўрозу, і таксама для апісання ходу псіхічнага развіцця нармальнага чалавека, яго навуковай і мастацкай дзейнасці, сублімацыі.