Ліскі (археалагічныя помнікі)

археалагічны помнік у Беларусі

Ліскі — група археалагічных помнікаў — гарадзішча і курганны могільнік каля в. Ліскі Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці.

У вёсцы на левым беразе р. Ведрыч існавала паселішча бронзавага і жалезнага вякоў і больш позняга часу.

Гарадзішча правіць

Гарадзішча мілаградскай культуры знаходзіцца за 3 км на поўдзень ад вёскі, ва ўрочышчы Гарадок (Зарэцк), наўзвышшы правабярэжнай поймы р. Ведрыч. Пляцоўка трохвугольная, з закругленымі вугламі, умацавана валам вышынёй каля 2,5 м, шырынёй 16—18 м, з усходу — дадатковым валам вышынёй каля 1 м, шырынёй 6—8 м і ровам глыбінёй 0,5—0,75 м, шырынёй 2—4 м.

Выявіў у 1976 годзе Г. В. Штыхаў, даследаваў 2620 м², у 1980—1983 гадах М. І. Лашанкоў. Першапачаткова вал быў насыпаны на вышыню 1,5 м, шырыню 8 м і быў абкладзены бярвёнамі. У выніку рэканструкцыі яго вышыня павялічылася да 2,2 м, шырыня — да 18 м. Апошняя падсыпка павялічыла вал да 3 м. Культурны пласт у цэнтры 0,3—0,4 м, каля вала 0,6—0,7 м. Выяўлена каля 15 ям гаспадарчага прызначэння глыбінёй 0,2— 0,55 м, дыяметрам 0,4—0,8 м або памерамі 1,25—1,95×0,45—0,75 м. Слупавыя ямы належалі наземным драўляным пабудовам, рэшткі якіх не захаваліся.

Знойдзена больш за 30 тыс. фрагментаў гліняных ляпных гаршкоў 4 тыпаў: з яйкападобным тулавам, круглаватым дном і адагнутым вонкі венчыкам; з шарападобным тулавам і вертыкальным венчыкам; слабапрафіляваныя з круглаватым тулавам і дном, зрэзаным верхам і выразным венчыкам; прысадзістыя з круглавата-пляскатым тулавам, закругленым дном і загнутым у сярэдзіну краем без выразнай шыйкі. Частка керамікі па шыйцы арнаментавана скразнымі праколамі, ямкавымі ўцісканнямі палачкай, пальцавымі і пазногцевымі ўцісканнямі і інш. Сярод знаходак: крамянёвыя наканечнік стралы, сякера, вастрыі, праколка, пласціны, нож, укладышы, адшчэпы, рэтушоры; каменныя ступа, таўкачы, сякеры, зерняцёркі; 2 бронзавыя люстэркі; жалезныя сярпы, касар, абломкі сякер, нажы, іголка, шылы, утулкавы наканечнік стралы, шпількі (посаха-, цвікападобныя і з кальцавым навершам), гладкія і арнаментаваныя бранзалеты, пярсцёнкі, завушніцы, 3 пацеркі, падковападобная фібула балцкага тыпу, гліняныя прасліцы (ражковыя, круглаватыя, біканічныя, канічныя, посуда-, цыліндра-, шпулепадобныя і інш.), косткі свойскіх і дзікіх жывёл. Датуецца VIIIII стст. да н.э.

Курганны могільнік правіць

Курганны могільнік дрыгавічоў знаходзіцца за 0,5 км на поўнач ад вёскі, на ўскрайку лесу за чыгуначным пераездам. 27 курганоў вышынёй 0,4—1,5 м, дыяметрам 5—11 м. Выявіў і даследаваў 2 насыпы ў 1981 годзе М. І. Лашанкоў. У адным кургане знойдзены фрагменты ганчарнай керамікі і попельна-вугальная праслойка, у другім — пахаванне па абраду трупапапажэння на падсыпцы галавой на захад. Каля ног нябожчыка выяўлены цвікі, каля галавы — абломкі ганчарнага посуду і пояс, каля рук — 2 бронзавыя кольцы і прамавугольная спражка. Датуецца XIXII стст.

Літаратура правіць

  • Лашанкоў, М. І. Курганны могільнік дрыгавічоў каля вёскі Ліскі Рэчыцкага раёна // Гістарычна-археалагічны зборнік. — 1996. — № 9. — С.
  • Лашанкоў, М. І. Ліскі / М. І. Лашанкоў // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 2: Л — Я. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2009. — 492, [1] c. — С. 19—20. — ISBN 978-985-11-0354-2.
  • Лошенков, М. И. О хозяйственных занятиях населения болотных городищ Южной Белоруссии // Древности Белоруссии и Литвы: [сборник статей] / Институт истории АН Белорусской ССР, Институт истории АН Литовской ССР. — Минск: Наука и техника, 1982. — 174, [1] с.: ил., табл. — С.
  • Лашанкоў, М. І. Тыпалогія гліняных грузікаў з усходнепалескіх гарадзішчаў мілаградскай культуры // Весці Акадэміі навук БССР. — 1989. — № 5. — С.
  • Лошенков, М. И., Богомольников, В. В. Раскопки городища у д. Лиски // Археологические открытия 1980 года / Институт археологии Академии наук СССР; [Отв. ред. Б. А. Рыбаков]. — М.: Наука, 1981. — 508 с.: ил. — С.