Літаратурная старонка
«Літаратурная старонка» — літаратурна-мастацкі часопіс; орган Літаратурнага фронту сялянска-рабочых пісьменнікаў Беларусі, дадатак да «Беларускай газеты». Выйшаў 1 нумар у студзені 1934 года на беларускай мове ў Вільні. Часопіс рыхтавалі В. Таўлай і Я. Патаповіч (Я. Чабор).
«Літаратурная старонка» | |
---|---|
Тып | часопіс |
Заснавана | студзень 1934 |
Спыненне публікацый | студзень 1934 |
Палітычная прыналежнасць | Літаратурны фронт сялянска-рабочых пісьменнікаў |
Мова | беларуская |
Галоўны офіс |
Змясціў дэкларацыю групы паэтаў, якую падпісалі Я. Патаповіч, М. Васілёк, А. Рэдзька, П. Граніт, П. Пестрак (Звястун), А. Іверс, да ўсіх пісьменнікаў Заходняй Беларусі.
3 мастацкіх твораў у ёй змешчаны: вершы «Заклік» і «Гэй, арліная мая сіла» М. Патаповіча, «Я пішу, як магу», «Змяя, катору ўзгадавала» і «Пад гукі струн маёвых» М. Васілька, «Моладзі» Пестрака, «Вёска» А. Іверса, «Там, дзе шуміць каласістае гора» М. Танка (дасланы ім з турмы Лукішкі), «А хто ў полі?» А. Салагуба, «У вастрозе» А. Леўскага, «Каваль» П. Граніта, «Мы» А. Рэдзькі, «Што ты, Нёман, звіхраваўся?» М. Ліста (В. Камянецкага), «Акрыльвай думку ты сваю» Н. Жальбы (А. Бяленкі); арт. «На новым этапе» М. Руніча; урывак з рамана «Кардыян і хам» («Нашто мужыкам шкала?») Л. Кручкоўскага; рэцэнзія (пад крыптанімам Фр. Гр.) «Мастацкая літаратура „Грамады“» на аднайменны арт. Салагуба, надрукаваны ў часопіс «Полымя рэвалюцыі» (1933, № 1).
Забаронены ўладамі Польшчы, яго тыраж канфіскаваны, Найбольш актыўныя супрацоўнікі арыштаваны.
Адзіны экзэмпляр «Літаратурнай старонкі» зберагаецца ў Цэнтральнай бібліятэцы АН Літвы.
Літаратура
правіць- С. В. Говін. «Літаратурная старонка» // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
- История белорусской советской литературы. Мн., 1977. С. 115—116.
- Судовы працэс 1936 г. па справе 'Беларускай газеты', 'Асвы', 'Літаратурнай старонкі'