Маянья (саманазва: Mayagna), таксама суму (міскіта: Sumu, Sumo) — народ у Цэнтральнай Амерыцы, карэннае насельніцтва Маскітавага берага. Жывуць у Нікарагуа і Гандурасе. Агульная колькасць (2019 г.) — 20 000 чалавек[1].

Маянья
(Mayagna)
Агульная колькасць 20 000 (2019 г.)
Рэгіёны пражывання Нікарагуа, Гандурас
Мова сумальпан
Рэлігія культ продкаў, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы міскіта

Маянья размаўляюць на некалькіх місулуанскіх мовах, да якіх таксама адносяць міскіта. Лічыцца, што носьбіты гэтых моў здаўна насялялі землі на тэрыторыі сучасных дзяржаў Сальвадор, Гандурас і Нікарагуа. У перыяд сярэднявечча сюды мігрыравалі індзейцы з тэрыторыі Мексікі. Яны захапілі найбольш урадлівыя горныя раёны. Продкі маянья былі вымушаны сяліцца ўздоўж рэк Маскітавага берага. У XVIIXIX стст. іх разрозненыя абшчыны апынуліся ў атачэнні паселішчаў міскіта, адносіны з якімі былі надзвычай складанымі. Асіміляцыі з боку міскіта садзейнічала прыняцце хрысціянства ў XIX ст., паколькі пратэстанцкія місіянеры прапаведавалі на мове міскіта.

Да пачатку XX ст. на тэрыторыі ўсходу Нікарагуа і паўднёвага ўсходу Гандураса захавалася некалькі абшчын, што жылі ізалявана адна ад іншай. Іх прадстаўнікі размаўлялі на некалькіх адрозных дыялектах. Падчас грамадзянскіх войн у Нікарагуа розныя бакі імкнуліся прыцягнуць маянья ў свае ваенныя фарміраванні. Значнымі праблемамі сталі згуба традыцыйных зямель і забруджванне навакольнага асяроддзя. Пасля Сандзінісцай рэвалюцыі ў Нікарагуа былі зроблены захады для паляпшэння становішча маянья. Яны атрымалі магчымасць карыстацца медыцынскай дапамогай. Быў створаны пісьмовы варыянт мовы маянья, яна выкладалася ў школах. Але ў далейшым з-за ўдзелу мужчын-маянья ў ваенных дзеяннях на баку контрас адносіны з нікарагуанскімі ўладамі сапсаваліся. Многія маянья былі вымушаны ператварыцца ў бежанцаў і ратавацца ў суседнім Гандурасе.

У нашы дні абшчыны маянья ў Нікарагуа і Гандурасе фармальна карыстаюцца аўтаноміяй, аднак захоўваюцца праблемы згубы зямель і нізкага сацыяльнага ўзроўню жыцця.

Зноскі

Спасылкі правіць