Млечны Шлях (з’ява)
Млечны Шлях (народныя назвы — Птушы́ны Шлях, Чума́цкі Шлях[1]) — дыфузная святлівая паласа няправіпьнай формы, што перасякае нябесную сферу ў плоскасці Галактыкі. Складаецца з вялікай колькасці зорак, якія паасобку нельга бачыць простым вокам, але можна распазнаць з дапамогай тэлескопа.
Склад і структура
правіцьЗоркі належаць нашай зорнай сістэме — Галактыцы, якой яна выглядае знутры, з пункту, паблізу галактычнай плоскасці, на адлегласці каля 1/2 галактычнага радыуса ад ядра галактыкі. У Млечным Шляху засяроджана пераважная колькасць зорак Галактыкі — велізарнай зорнай сістэмы, якая мае форму плоскага лінзападобнага дыска.
Сярэдняя лінія Млечнага Шляху блізкая да вялікага круга (галактычнага экватара), паўночны полюс якога знаходзіцца ў сузор'і Валасоў Веранікі; бачная шырыня ў межах ад 5 да 30 градусаў. У напрамку да цэнтра Галактыкі (сузор'і Стральца і Скарпіёна) Млечны Шлях шырокі і яркі, у процілеглым (сузор'і Персея і Возніка) — вузкі і менш яркі. У многіх месцах Млечнага Шляху назіраюцца цёмныя плямы, што абумоўлена паглынаннем святла воблакамі касмічнага пылу. Паміж сузор'ямі Арла і Цэнтаўра паласа паглынальнага рэчыва дзеліць Млечны Шлях на 2 часткі.
У міфалогіі
правіцьПаводле грэчаскай міфалогіі багіня Гера на небе малако разліла — і з'явіўся Млечны Шлях.
На беларускай зямлі вобраз Галактыкі на небе называлі Птушынай дарогай і казалі пра тое, што яна паказвае напрамак птушкам у вырай. Гавораць, што лётаюць па ёй кнігаўка, журавель, гусь, бусел і качкі. Яшчэ маглі называць яго Чумацкі Шлях — гэта палескі і ўкраінскі варыянт, таму што чумакі соль вазілі з поўначы на поўдзень. А ўзімку Млечны Шлях акурат такім чынам зарыентаваны. Шэраг назваў звязаны з гарадамі: Дарога ў Кіеў, Дарога ў Іерусалім. Можа, святыя ходзяць туды па гэтай зорнай дарозе. Але і ў беларусаў існуе легенда пра малако: калі Бог яшчэ хадзіў па зямлі, ён забараніў чорту яго піць. А той выменяў збан з малаком на самагон. Але Бог гэта заўважыў, пачаў бегчы за чортам, а той усё і разліў — атрымаўся Млечны Шлях[2].
Зноскі
- ↑ Болсун А. І., Рапановіч Я. Н. Слоўнік фізічных і астранамічных тэрмінаў. Мн., 1979.
- ↑ zviazda.by
Літаратура
правіць- Млечны Шлях // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).