Мо́накан (англ.: Monacan; магчымая саманазва: Amai Amañuhkañ) — індзейскі народ, карэнныя насельнікі Віргініі. У 2009 г. у ЗША жыло каля 2000 чалавек, якія вызначалі сваю тоеснасць як монакан.

Монакан
Amai Amañuhkañ
Віргінскі правадыр. XVI ст.
Агульная колькасць 2000
Рэгіёны пражывання  ЗША
Мова монакан
Рэлігія анімізм
Блізкія этнічныя групы аканічы, катоба

Першая ўзгадка пра монакан з’явілася ў 1607 г. пасля заснавання калоніі Джэймстаўн. У адрозненне ад паўхатан, яны размаўлялі на сіўанскай мове. Меркавана, што назва монакан паходзіць ад саманазвы Amai Amañuhkañ (літаральна «краіна мясцовых жыхароў»). Паводле адной з сучасных гіпотэз, усход сучасных ЗША — старажытная прарадзіма ўсіх народаў сіў, адкуль яны пачалі рассяляцца на захад. Такім чынам, монакан былі рэшткамі старажытнага насельніцтва. Яны займаліся земляробствам і паляваннем, здабывалі медзь, хавалі памерлых у курганах.

Кантакты паміж монакан і англійскімі каланістамі мелі вельмі абмежаваны характар. У 1677 г. монаканскі правадыр Сірэнуф падпісаў мірнае пагадненне. Іх колькасць стала скарачалася з-за эпідэмічных захворванняў, завезеных еўрапейцамі. У канцы XVII ст. монакан далучыліся да каюга і мігрыравалі на поўнач. На працягу XVIII ст. яны ўзгадваліся сярод жыхароў Паўночнай Караліны, Пенсільваніі і Канады.

У 1831 г. нашчадак монакан, Вільям Джонс, адрадзіў супольнасць індзейцаў, якая атаясняла сябе са старажытнымі жыхарамі. У нашы дні яна вядома як «нацыя монакан», прызнаная ў 1988 г. Садружнасцю Віргінія.

Спасылкі правіць