Мундыгак
Мундыгак (пушту: منډیګک) — помнік археалогіі на месцы старажытнага горада бронзавага веку ў паўднёвым Афганістане. Належыць да Гільмендскай археалагнічнай культуры.
археалагічны помнік | |
Мундыгак | |
---|---|
منډیګک | |
![]() Каменныя пячаткі 3 тысячагоддзя да н.э. | |
31°54′13,70″ пн. ш. 65°31′28,10″ у. д.HGЯO | |
Краіна |
![]() |
Месцазнаходжанне | правінцыя Кандагар |
Будаўніцтва | 4 тысячагоддзе да н.э. — сярэдзіна 3 тысячагоддзя да н.э. |
![]() |
АрхеалогіяПравіць
Мундыгак даследаваўся французскім археолагам Жанам-Мары Казалем (1905—1977 гг.) паміж 1951 г. і 1958 г. Даследаванне аказалася складаным, паколькі старажытны горад, выяўлены падчас раскопак, займаў у сярэдзіне 3 тысячагоддзя да н. э. каля 21 га. Каб ахапіць найбольшую плошчу, дасдедчыкі арганізоўвалі раскопкі ў 11 розных месцах. У выніку была вызначана наступная стратыграфія:
- Перыяд I (~4000 — 3400 гг. да н. э.): 5 пластоў (I1, I2, I3, I4, I5).
- Перыяд II (3400 — 3200 гг. да н. э.): 4 пласты (II1, II2, II3a, II3b).
- Плерыяд III: 3200 — 2900 гг. да н. э.: 6 пластоў (III1a, III1b, III2, III3, III4a, III4b)
- Перыяд IV: 2900—2500 гг. да н. э.: 3 пласты (IV1, IV2, IV3)
- Перыяд V: 2500—1100 гг. да н. э.
- Перыяд VI: 1100—600 гг. да н. э.
2 апошнія перыяды існавалі пасля знікнення горада, звычайна разглядаюцца як самастойныя пласты.
ГісторыяПравіць
Сталае неалітычнае паселішча на месцы Мундыгака было заснавана каля 7 тысяч гадоў таму. Яго жыхары маглі быць знаёмы з сельскай гаспадаркай, займаліся вырабам керамікі з простымі геаметрычнымі ўзорамі. Аднак у сярэдзіне 4 тысячагоддзя да н. э. яно было знішчана. Перыяды I і II падзелены тоўстым пластом попелу. Новае паселішча ўзнікла ў другой палове 4 тысячагоддзя да н. э. Для яго былі характэрны шматкемерныя пабудовы. Знойдзены рэшткі калодзежу. Аднак кераміка гэтага перыяду выглядае прымітыўна ў параўнанні з керамічнымі вырабамі перыяду I. Пасля 3200 г. да н. э. памеры пабудоў паменьшыліся. Калі раней памерлых хавалі пад падлогай, то ў перыяд III узнік некропаль. Пахаваныя ў ім целы клаліся ў сагнутай пазіцыі.
У перыяд IV у Мундыгаку сфарміравалася гарадское паселішча, якое ў выніку заняло плошчу каля 21 га. Яго цэнтрам стаў умацаваны комплекс з характэрнымі тынкаванымі пілястрамі. Даследчыкі палічылі яго палацам. У 200 м на ўсход ад яго быў узведзены храм на каменным фундаменце. У 350 м на поўдзень ад палаца месцілася яшчэ адна мураваная пабудова з шырокім унутраным дваром і штучнай сажалкай. Жылыя кварталы былі раскапаны толькі часткова. На захад ад палаца выяўлены рэшткі гарадскога мура. Керамічныя вырабы разнастайныя. Акрамя афарбаваных пасудзін былі знойдзены выявы жывёл, у тым ліку змей і зебу. Мяркуецца, што некаторыя з іх трапілі ў Мундыгак з Паўднёвай Азіі.
У другой палове 3 тысячагоддзя да н. э. горад па невядомых прычынах быў пакінуты яго жыхарамі. У перыяды V і VI на яго месцы часова сяліліся качэўнікі.
СпасылкіПравіць
- George Dales, Stone Sculptures, Helmand, Afghanistan
- E. Cortesi, M. Tosi, A. Lazzari, M. Vidale, Cultural Relationships beyond the Iranian Plateau: The Helmand Civilization, Baluchistan and the Indus Valley in the 3rd Millennium BCE
- C. C. LAMBERG-KARLOVSKY, Archeology and Metallurgical Technology in Prehistoric Afghanistan, India, and Pakistan Архівавана 16 лістапада 2021.
- Mundigak - Harappa
- Afghanistan Significant Site Mundigak