Мікалай Мікалаевіч Пігулеўскі
Мікалай Мікалаевіч Пігулеўскі (15 кастрычніка 1897, Вялікае Падлессе, цяпер Ляхавіцкі раён, Брэсцкая вобласць — 16 сакавіка 1967) — беларускі спявак (барытон), музычны дзеяч. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1957).
Мікалай Мікалаевіч Пігулеўскі | |
---|---|
Дата нараджэння | 15 кастрычніка 1897 |
Дата смерці | 16 сакавіка 1967 (69 гадоў) |
Біяграфія
правіцьУ 1920—1924 гадах — артыст Беларускага дзяржаўнага тэатра. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1925), Беларускі музычны тэхнікум (1928), Беларускую студыю оперы і балета (1933). У 1933—1935 гадах — саліст Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР. Артыст лірыка-драматычнага плана, выконваў галоўныя партыі ў класічных операх: Анегін, Ялецкі («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П. Чайкоўскага), Гразны («Царская нявеста» М. Рымскага-Корсакава), Валянцін («Фауст» Ш. Гуно) і інш.
У час Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Пігулеўскі з сям’ёй апынуўся ў г. Арджанікідзэ на Каўказе, дзе ўдзельнічаў у музычнай групе. У 1942—1944 гадах — саліст Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР. Выступаў на Паўночна-Заходнім фронце ў складзе франтавых канцэртных брыгад (з Л. Александроўскай, І. Жыновічам і інш.).
У Арджанікідзэ стаў шафёрам, удзельнічаў у перагонцы аўтамабіляў, што пастаўлялі амераканцы праз Іран; быў паранены пры авіяналёце, лячыўся ў Ташкенце, дзе пасябраваў з Якубам Коласам; затым ваяваў на Украiнскiм фронце, прайшоў з баямі ад Роўна да Вены, узнагароджаны ордэнамі і медалямі. З 1950 года жыў у Пінску, працаваў у будаўнічых арганізацыях.
Спявак актыўна гастраляваў па Беларусі ў складзе Першага беларускага вакальнага квартэта, што існаваў у 1927—1965 гадах. Калектыў вызначаўся роўнасцю гучання, зліццём галасоў, тонкай нюансіроўкай. Зрабіў шмат фондавых запісаў на радыё, выступаў у адкрытых канцэртах.
Актыўна прапагандаваў беларускую вакальную музыку. Выконваў і папулярызаваў камерныя творы беларускіх кампазітараў (М. Анцава, М. Аладава, М. Чуркіна і інш.). Працаваў адказным рэдактарам музычнага вяшчання на Беларускім радыё ў 1948—1953 гадах. Мікалай Мікалаевіч займаўся грамадскай справай — у 1953—1959 гадах быў адказным сакратаром праўлення Саюза кампазітараў БССР. У 1957 годзе ўдастоены звання «Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР».
Літаратура
правіць- Пігулеўскі Мікалай Мікалаевіч / Г. П. Пашкоў // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 12. С. 349.
- Пигулевский Николай Николаевич / С. В. Русецкий // Большая энциклопедия Большого театра Беларуси. Минск, 2014. С. 461—462.
- Пігулеўскі Мікалай Мікалаевіч / С. У. Русецкі // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2015. Т. 6. С. 170.
- Пігулеўскі Мікалай Мікалаевіч // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. Минск, 2003. Т. 2. С. 255.