Міхаіл Іванавіч Казарынаў

Міхаіл Іванавіч Казарынаў (руск.: Михаил Иванович Казаринов; 21 студзеня 1835 — 1885) — дваранін Расійскай імперыі, вайсковец, дзяржаўны дзеяч, землеўласнік. Мінскі гарадскі галава (1876—1880). Стацкі саветнік (1885).

Міхаіл Іванавіч Казарынаў
Мінскі гарадскі галава
1876 — 1880
Папярэднік Аляксандр Пятровіч Фогель
Пераемнік Мікалай Мікалаевіч Галіневіч (1838—1889)
Нараджэнне 21 студзеня 1835(1835-01-21)
Расійская імперыя
Смерць 1885(1885)
Мінск, Мінскі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя
Род Казарынавы[d]
Бацька Іван Палікарпавіч Казарынаў
Жонка Эўфалія Ягораўна (Георгіеўна) фон Францэн (нар. каля 1843 г.)
Веравызнанне праваслаўе
Узнагароды
ордэн Святога Станіслава 2 ступені Медаль «За здушэнне польскага мецяжу»

Біяграфія правіць

Належаў да рускага праваслаўнага дваранскага роду Казарынавых, які не меў уласнага герба, бо паходзілі ад рускага праваслаўнага святара XVIII ст. Палікарпа Казарынава.

Міхаіл Іванавіч Казарынаў нарадзіўся 23 студзеня 1835 г. у сям’і рускага праваслаўнага афіцэра Івана Палікарпавіча Казарынава (1798—1852), які пачаткова належаў да святарскага саслоўя Расійскай імперыі, і яго першай жонкі Лізаветы Іванаўны — быў іх адзіным дзіцём. Па атрыманні вайсковага афіцэрскага чыну, Іван Палікарпавіч Казарынаў атрымаў спадчыннае дваранства Расійскай імперыі, што распаўсюдзілася на яго дзяцей. Другой жонкай Івана Палікарпавіча Казарынава была дачка купца 1-й гільдыі г. Рыгі Ганна Аляксандраўна Лявонцьева (нар. каля 1820 г.): вянчанне адбылося 23 мая 1842 г. у Пятрапаўлаўскім саборы г. Рыгі, і ў другім шлюбе нарадзілася тры сыны і дзве дачкі.

Міхаіл Іванавіч Казарынаў быў хрышчаны ў праваслаўе 15 лютага 1835 г. у царкве Літоўскага лейб-гвардыі палка. Быў выхаванцам Дваранскага палка. Як і бацька, пайшоў на вайсковую службу. Служыў у 1853—1855 гг. у Маларасійскім грэнадзёрскім палку фельдмаршала графа Румянцава-Задунайскага, дзе Казарынаў быў з 1855 г. палкавым ад’ютантам. Удзельнічаў у Крымскай вайне (1853—1856). У 1856 г. атрымаў ордэн Св. Станіслава 3-й ступені, у 1857 г. — бронзавы медаль на Андрэеўскай стужцы ў памяць вайны 1853—1856 гг. У 1858—1859 гг. служыў у Фінляндскім драгунскім палку. 23 кастрычніка 1859 г. пайшоў у адстаўку па хваробе — са званнем штабс-капітана.

Атрымаў цёмна-бронзавы медаль на стужцы дзяржаўных колераў у памяць засмірэння польскага мяцяжу (1863—1864 гг.). У 1864—1866 гг. быў членам Мінскай паверачнай камісіі. У 1865 г. атрымаў ордэн Св. Станіслава 2-й ступені. У 1866—1868 гг. быў міравым пасрэднікам 3-га ўчастка Барысаўскага павета, а з 1868 г. — 1-га ўчастка Мінскага павета. Атрымаў знак адрознення «За пазямельнае ўладкаванне дзяржаўных сялян» (заснаваны 24 лістапада 1866 г.).

17 студзеня 1868 г. на аўкцыёне набыў маёнтак Буцэвічы (у Мінскім павеце) з 1088 дзесяцінамі зямлі, які быў раней канфіскаваны расійскай уладай ў двараніна-паўстанца Юліяна Янавіча Лапіцкага (1829—1894). На 1868 год меў прыбытак 2000 рублёў. 8 жніўня 1869 г. пастановай Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу Міхаіл Іванавіч Казарынаў быў запісаны ў дваранскую радаводную кнігу Мінскай губерні — у 2-ую частку. У 1877—1885 гг. жыў ва ўласным доме ў Мінску. У 1876—1880 гг. быў мінскім гарадскім галавой. У 1880 г. атрымаў чын калежскага асэсара.

У 1885 г. атрымаў чын стацкага саветніка. Памёр паміж 12 красавіка і 31 снежня 1885 г.

Жонкай Міхаіла Казарынава была дачка надворнага саветніка Эўфалія Ягораўна (Георгіеўна) фон Францэн (нар. каля 1843 г.), праваслаўная, жыла ў 1886—1889 гг. у Мінску.

Літаратура правіць

  • Гербоўнік беларускай шляхты / Нацыянальны цэнтр па архівах і справаводству Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы. — Т. 8, ч. 1 : К (Каборды — Карэцкія) / [Я. С. Глінскі (кіраўнік), Д. Ч. Матвейчык, Ю. М. Снапкоўскі]. — Беларусь, 2022. — 926 с.