Міравы пасрэднік

пасада ў Расійскай імперыі

Міравы́ пасрэ́днік (руск.: мировой посредник) — пасада ў Расійскай імперыі, уведзеная паводле «Палажэнняў» аб адмене прыгоннага права 19 лютага 1861 года для садзейнічання ў правядзенні сялянскай рэформы 1861 года.

Міравы пасрэднік прызначаўся Сенатам паводле рэкамендацыі ўлад губерні з мясцовых дваран-памешчыкаў, якія валодалі пэўным зямельным цэнзам. Спачатку міравы пасрэднік прызначаўся на 3 гады, а пазней на бестэрміновы перыяд. Улада міравога пасрэдніка распаўсюджвалася на міравы ўчастак, які на Беларусі найчасцей складаўся з 5—7 валасцей. У сярэдзіне 1860-х гадоў існавала 127 міравых участкаў, у якія ўваходзілі 752 воласці. Галоўныя функцыі міравога пасрэдніка — размежаванне сялянскай і панскай зямлі, разбор і рашэнне пазямельных скаргаў і спрэчак паміж сялянамі і памешчыкамі; праверка, зацвярджэнне і ўвядзенне ў дзеянне ўстаўных грамат, утварэнне органаў сялянскага грамадскага кіравання і нагляд за іх дзейнасцю (зацвярджэнне рашэнняў валасных і сельскіх сходаў, а таксама валасных старшын, сельскіх старастаў і інш.). У дачыненні да сялян міравы пасрэднік валодаў судова-паліцэйскімі правамі: разгляд спрэчак па ісках, што не перавышалі 30 рублёў (патравы, высечкі лесу і інш.), арышт да 7 дзён, пакаранне розгамі да 20 удараў, адпраўка на грамадскія работы тэрмінам да 6 дзён, штраф да 5 рублёў. Дзеянні міравога пасрэдніка маглі быць абскарджаны перад павятовым міравым з’ездам (сход усіх міравых пасрэднікаў павета на чале з павятовым маршалкам з удзелам чыноўніка, якога прызначаў губернатар). Апошняй інстанцыяй для абскарджання іх рашэнняў былі губернскія па сялянскіх справах установы[1].

У часе паўстання 1863—1864 гадоў у Польшчы, Літве і Беларусі міравыя пасрэднікі ўсюды былі заменены, іх пасады занялі асобы з рускіх чыноўнікаў і афіцэраў. У 1870-я гады ў сувязі са зменай расійскай палітыкі да сялянства і дваранства заходніх губерняў на пасады ізноў пачалі прызначаць асоб з мясцовых дваран. З утварэннем на Беларусі міравых судоў у пачатку 1870-х гадоў судовыя функцыі міравых пасрэднікаў перайшлі да міравых суддзяў. У Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях інстытут міравога пасрэдніка скасаваны ў 1878 годзе і заменены на павятовыя па сялянскіх справах установы. Часта паўнамоцтваў міравога пасрэдніка перайшла да земскай паліцыі. У Віленскай і Гродзенскай губернях пасада міравога пасрэдніка захоўвалася да 1904 года, калі была замешчана земскім участковым начальнікам[1].

Крыніцы

правіць
  1. а б ЭГБ 1999, с. 205.

Літаратура

правіць