Навагрудскі езуіцкі калегіум
Навагрудскі езуіцкі калегіум — установа ордэна езуітаў у Навагрудку, цяпер Гродзенская вобласць. З 1626 года місія, з 1631 — рэзідэнцыя, у 1714—1773 — калегіум.
Сродкі на стварэнне місіі ахвяравалі М. Галаўня, Я. Машынскі, першы кіраўнік місіі Я. Разнавольскі.
У XVII — першай палове XVIII стагоддзяў драўляныя збудаванні калегіума шмат разоў знішчаліся пажарамі. Каля 1754 года пабудаваны мураваны 3-нефавы касцёл, у 1752 — навучальны корпус. Калегіуму падпарадкоўваліся місіі ў Бурдыкаве (Бурдыкоўшчыне?), Варончы, Востраве, Гарадзiшчы, Любчы, Мажэйках, Моладаве, Пачапаве, Слонiме, Шчорсах.
У 1649 годзе ў рэзідэнцыі адкрыты класы граматыкі, у 1653 — паэтыкі і рыторыкі. Пасля пераўтварэння рэзідэнцыі ў калегіум навучальная праграма адпавядала гэтаму тыпу навучальных устаноў, выкладалі таксама матэматыку, геаграфію, гісторыю, французскую мову. Каля 1680 года адкрыта музычная бурса, у 1705 — канвікт (пансіён), у 1721 — аптэка. Была бібліятэка. У XVIII стагоддзі колькасць навучэнцаў складала ад 13 да 51 чалавек. У розны час рэзідэнцыі і калегіуму належала некалькі навакольных маёнткаў.
У 1773 годзе калегіум закрыты, у 1815 касцёл пераабсталяваны пад ратушу.
Вядомыя выпускнікі
правіць- Станіслаў Незабітоўскі (1641-1717) — дзеяч рэфармацыі ў ВКЛ, мемуарыст.
- Тамаш Жаброўскі (1714-1758) — рымска-каталіцкі дзеяч, матэматык, архітэктар.
- Бенедыкт Дабшэвіч (1722-1799) — філосаф, тэолаг, прадстаўнік эклектычнай філасофіі ў Вялікім Княстве Літоўскім.
Вядомыя выкладчыкі
правіць- Антоні Адам Скарульскі (1715-1777) — філосаф, асветнік.
- Кароль Вырвіч (1717-1793) — гісторык, географ, педагог.
- Дамінік Рудніцкі (1676-1739) — беларускі і польскі пісьменнік.
- Бенедыкт Дабшэвіч (1722-1799) — філосаф, тэолаг, прадстаўнік эклектычнай філасофіі ў Вялікім Княстве Літоўскім.
- Адам Крупскі (1706-1748) — прадстаўнік філасофіі Асветніцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім, эксперт права ў заканадаўстве Вялікага Княства Літоўскага, аўтар школьнага дыялогу.
Літаратура
правіць- Пазднякоў В. Новагародскi езуіцкi калегiум // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 361. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Рэлігія і царква на Беларусі. — Мн.: БелЭн, 2001. — 368 с.