Нараўлянская сінагога

Нараўлянская сінагога — колішняя драўляная сінагога XVIII ст. у горадзе Нароўля Нараўлянскага раёна Гомельскай вобласці Беларусі. Была разабрана ў 1936 г. па прычыне трухлявасці[1].

Сінагога
Нараўлянская сінагога
Краіна  Беларусь
Горад Нароўля
Канфесія Іўдаізм
Тып будынка сінагога
Дата пабудовы XVIII стагоддзе
Стан знішчана
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Архітэктура правіць

 
Нараўлянская сінагога. Галоўны фасад. Мастак Б. Шышка. Малюнак 1907 г.
 
Нараўлянская сінагога. Бакавы фасад. Мастак Б. Шышка. Малюнак 1907 г.

Знешнія формы Нараўлянскай сінагогі паўтараюць тыя, што мелі месца і ў Ваўпянскай. Асаблівую цікавасць выклікае ўладкаванне бакавых веж, якія адрозніваюцца тым, што маюць двух'ярусныя галерэі і больш важнае функцыянальнае прызначэнне. З другога яруса меўся спецыяльны лесвічны закрыты ўваход на галоўную галерэю, што месцілася ўнутры галоўнага аб'ёму. Гэта арыгінальнае і вельмі зручнае з функцыянальнага пункту гледжання рашэнне забяспечвала раздзяленне людскіх патокаў і вызваляла ўнутраную прастору ад залішніх канструкцый.

Ганак Нараўлянскай сінагогі быў вырашаны ў выглядзе невялічкага портыка на чатырох слупах. Разьбярамі былі маляўніча выкананы слупкі, парэнчы і краты вежавых галерэй. Прыгожа выглядалі спараныя арачныя вокны. Сцены на ўзроўні першага яруса не мелі шалёўкі, а на ўзроўні другога былі вертыкальна ашаляваны.

Уладкаванне галерэі для жанчын і знешні пад'ём на яе абумовіў частковы яе кансольны вынас вонку з прымяненнем крывалінейнага даху-застрэшка. Такое канструкцыйнае рашэнне сярод драўляных сінагог не мае аналагаў. Крывалінейны застрэшак пераходзіць у шырокі, аздоблены разьбою фрыз, над якім уздымаецца стромкі трох'ярусны дах. Увагнутыя і выгнутыя профілі дахавых ярусаў разам з дугою застрэшка ствараюць адзіны дынамічны малюнак архітэктурных форм, іх узаемнае перацяканне, лагічным завяршэннем чаму служаць двухсхільныя формы верхняга яруса даху з ашаляванымі ў «елачку» франтонамі.

Месцазнаходжанне правіць

 
Аддзяленне "Беларусбанка" на Кастрычніцкай плошчы — тут да 1936 г. знаходзіўся будынак нараўлянскай сінагогі

Сінагога знаходзілася на цяперашняй Кастрычніцкай плошчы там, дзе цяпер знаходзіцца аддзяленне "Беларусбанка"[2].

У мастацтве правіць

У пачатку XX ст. мастакі Б. Шышка і Ян Віткевіч з натуры зрабілі малюнкі нараўлянскай сінагогі.

Каля 1927 г. Арон Рыгоравіч Касталянскі (1891—1934) намаляваў карціну «Сінагога ў Нароўлі», якая цяпер захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.

Зноскі

Літаратура правіць

Спасылкі правіць