Нараўлянска-Шчакатоўская аперацыя

Баявая аперацыя беларускіх партызан

Нараўлянска-Шчакатоўская аперацыя — баі паміж партызанскім атрадам імя Кірава, Мазырскай партызанскай брыгадай, украінскім партызанскім злучэннем А. М. Сабурава, асобным партызанскім атрадам імя В. Н. Бажэнкі і нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гарадскім пасёлку Нароўля і вёсках Шчакатава і Слабада Мазырскага раёна.

Нараўлянска-Шчакатоўская аперацыя
Асноўны канфлікт: Вялікая Айчынная вайна
physical
'
'
Дата 29—30 жніўня 1943
Месца гарадскі пасёлак Нароўля, вёскі Шчакатава і Слабада
Вынік перамога партызан
Праціўнікі
Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік партызанскі атрад імя Кірава
Мазырская партызанская брыгада імя Аляксандра Неўскага
украінскае партызанскае злучэнне А. М. Сабурава
асобны партызанскі атрад імя В. Н. Бажэнкі
Трэці рэйх Нямецкія акупацыйныя войскі і іх саюзнікаў

Перадумовы

правіць

Паводле даных партызанскай разведкі Нараўлянскі гарнізон налічваў каля 130 гітлераўцаў, якія былі ўзброены 4 станковымі і 6 ручнымі кулямётамі, 3 мінамётамі, 15 аўтаматамі, вінтоўкамі, быў умацаваны бліндажамі і дзотамі. У ноч на 30 жніўня 1943 года партызаны атрадаў імя Кірава (камандзір У. П. Пятроў) і імя Бажэнкі (М. А. Рудзіч), якія падзяліліся на некалькі груп, зрабілі налёт на Нароўлю.

Баявы заслон перакрыў дарогу Нароўля — Барбароў. Штурмавыя групы захапілі мост цераз раку Нараўлянка, акружылі казармы гарнізона, іншыя падраздяленні прасунуліся да цэнтра пасёлка. Да раніцы гарнізон быў знішчаны, партызаны захапілі трафеі і без страт пакінулі Нароўлю. Праціўнік страціў 12 чалавек забітымі і параненымі, фактычна не прыняў бою. У гэту ж ноч Мазырскі партызанскі атрад (А. Л. Жыльскі) ва ўзаемадзеянні з партызанамі злучэння Сабурава атакавалі фашысцкія гарнізоны ў вёсках Шчакатава і Слабада. Група аўтаматчыкаў злучэння Сабурава перарэзала тэлефонную сувязь з вёскай Козенкі, дзе знаходзіліся значныя сілы праціўніка, і зрабілі засаду на дарозе Шчакатава — Козенкі. Байцы Мазырскага атрада ўзялі пад кантроль дарогі з Шчакатава ў вёскі Рудня і Слабада, а штурмавыя групы акружылі будынак, дзе размяшчаліся салдаты праціўніка. У 4 гадзіны раніцы 30 жніўня 1943 года партызаны абстралялі праціўніка з гармат і кулямётаў, і ў кароткім баі разграмілі гітлераўцаў, што знаходзіліся ў вёсцы, потым перанеслі артылерыйскі агонь на гарнізон у вёсцы Слабада. Націск атакуючых паралізаваў спробы фашыстаў прыйсці на дапамогу сваім у вёсцы Шчакатава і вымусіў іх пакінуць вёску Слабада. Падмацаванне гітлераўцаў, якое рушыла з вёскі Козенкі, партызанская засада расстраляла. У выніку бою, які працягваўся 1 гадзіну партызаны вывелі са строю больш за 100 гітлераўцаў, знішчылі 3 аўтамашыны, захапілі 4 кулямёты, больш за 90 вінтовак, 120 коней, 3 тоны збожжа і іншыя трафеі. Страты партызан: 1 забіты і 1 паранены. Гарнізоны ў вёсках Слабада і Шчакатава праціўнікам болей не ствараліся.

Літаратура

правіць
  • У. С. Пасэ. Нараўлянска-Шчкатоўская аперацыя // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1990. — С. 376-377. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.