Народны камісарыят фінансаў БССР
Наро́дны камісарыя́т фіна́нсаў Белару́скай ССР быў утвораны ў студзені 1919 года пад імем Камісарыят фінансаў Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі, рэарганізаваны па рашэнні 1 з’езда Саветаў у лютым 1919 года ў Народны камісарыят фінансаў ССРБ.
Народны камісарыят фінансаў Беларускай ССР | |
---|---|
скарочана — Наркамфін | |
Агульная інфармацыя |
|
Краіна | |
Юрысдыкцыя | БССР |
Дата стварэння | 1919 |
Папярэднія ведамствы |
аддзел фінансаў Мінгубрэўкома Аддзел фінансаў Ваенрэўкома БССР Камісарыят фінансаў Ваенрэўкома БССР |
Дата скасавання | 26 сакавіка 1946 |
Заменена на | Міністэрства фінансаў БССР |
Кіраўніцтва дзейнасцю ажыццяўляе | Народны камісарыят фінансаў СССР |
Вышэйшае ведамства | Савет Народных Камісараў БССР |
Гісторыя
правіцьЗ утварэннем Літоўска-Беларускай ССР Наркамфін БССР у сакавіку 1919 ліквідуецца, яго функцыі перадаюцца Народнаму камісарыяту фінансаў Літоўска-Беларускай ССР. У 1920 годзе ствараецца аддзел фінансаў Мінгубрэўкома, які з 1 жніўня 1920 года пераймяноўваецца ў Аддзел фінансаў Ваенрэўкома БССР, а з 26 жніўня ў Камісарыят фінансаў Ваенрэўкома БССР.
У адпаведнасці з прынятымі II з’ездам Саветаў БССР дапаўненнямі да Канстытуцыі Беларускай ССР Камісарыят фінансаў Ваенрэўкома БССР стаў называцца Народным камісарыятам фінансаў Беларускай ССР (Наркамфін БССР).
У 1946 годзе ў адпаведнасці з законам СССР «Аб пераўтварэнні Савета Народных Камісараў СССР у Савет Міністраў СССР і Саветаў Народных камісараў саюзных рэспублік і аўтаномных рэспублік у Саветы Міністраў» Народны камісарыят фінансаў БССР ператвораны ў Міністэрства фінансаў БССР.
Дзейнасць
правіцьНаркамфін кіраваў арганізацыяй фінансавых устаноў на месцах, разгледжваў прадстаўленыя наркаматамі каштарысы выдаткаў, забяспечваў выяўленне безкрэдытных выдаткаў, кантраляваў дзейнасць каштарысна-разліковых і касавых устаноў, праводзіў падаткавую палітыку ў рэспубліцы[1].
У структуры наркамата былі створаны: падаткавае ўпраўленне, бюджэтна-разліковае ўпраўленне, страхавое ўпраўленне, інфармацыйна-інструктарскі аддзел, каштарысная камісія, кіраванне справамі і камітэт цэн[1].
3 лістапада 1924 года III сэсія ЦВК БССР шостага склікання зацвердзіла Палажэнне аб Народным камісарыяце фінансаў БССР[2]. Наркамфін БССР з’яўляўся саюзна-рэспубліканскім органам і падпарадкоўваўся непасрэдна ЦВК БССР, яго Прэзідыуму, СНК і Эканамічнай Нарадзе БССР. Мясцовымі органамі Наркамфіна БССР былі акруговыя фінансавыя аддзелы, фінансава-падатковыя часткі райвыканкамаў і прыпісныя прыходна-расходныя касы[1].
Народны камісарыят фінансаў БССР кіраваў дзейнасцю і арганізацыяй фінансавых устаноў, складаў дзяржаўны бюджэт БССР і кантраліраваў яго выкананне, выконваў дырэктывы Наркамфіна СССР адносна агульнасаюзных падатковых і непадатковых даходаў, забяспечваў спагнанне падаткаў рэспубліканскага і мясцовага значэння, вёў улік дзяржаўнага капіталу, які быў інвеставаны ў дзяржаўныя і змяшаныя прамысловыя, гандлёвыя і крэдытныя прадпрыемствы Беларусі, вёў улік дзяржаўнай, у тым ліку і зямельнай маёмасці БССР, кантраляваў атрымліваемыя даходы і прыбыткі па ёй, забяспечваў нагляд за крэдытнымі ўстановамі рэспубліканскага і мясцовага значэння, працоўнымі касамі і ўстановамі дзяржстраха[3].
Згодна з Палажэннем у апараце Наркамфіна была ўведзена новая структура, якая складалася з упраўленняў (агульнага, бюджэтнага, падатковага, дзяржаўных даходаў, мясцовых фінансаў і фінансава-кантрольнага), валютнага аддзела і фінансава-эканамічнага бюро. Таксама пры Наркамфіне дзейнічалі Упраўленне дзяржаўнага страхавання і Галоўная ашчадная працоўная каса[3].
Наркамы
правіць- Арон Вайнштэйн (студзень 1919)
- Ісак Рэйнгольд (люты — май 1919)
- Аркадзь Альскі (май — ліпень 1919)
- Леанід Шагаль (1919—1922)
- Станіслаў Талунціс (1922—1924)
- Сяргей Карп (1924—1925)
- Фадзей Браўковіч (ліпень — снежань 1925)
- Іван Васілевіч (1925—1927[4])
- Васіль Мікуліч (1927[4]—1931)
- Аляксандр Хацкевіч (1931—1935)
- Іван Кудзелька (1935[5]—1937)
- Емяльян Жуковіч (1937)
- Іван Сцяпанаў (1937—1941)
- Гаўрыіл Катляроў (1941—1946)
Крыніцы
правіць- ↑ а б в Органы государственного управления БССР 1968, с. 38.
- ↑ СУ БССР, 1924, № 25—26, С. 221, 224.
- ↑ а б Органы государственного управления БССР 1968, с. 39.
- ↑ а б Пастанова Прэзідыума ЦВК БССР ад 10 лістапада 1927 г. «Аб вызваленні тав. Васілевіча, Івана Антонавіча, ад абавязкаў Народнага Камісара Фінансаў БССР і аб прызначэнні тав. Мікуліча, Васіля Дзмітрыевіча, Народным Камісарам Фінансаў БССР» // Збор законаў і загадаў Рабоча-сялянскага ўраду Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі. — Мн.: 1927. — № 42. — С. 537—538.
- ↑ Пастанова Прэзідыума ЦВК БССР ад 5 красавіка 1935 г. «Аб прызначэнні тав. Кудзелькі І. Ф. Народным камісарам фінансаў БССР» // Збор законаў і распараджэнняў рабоча-сялянскага ўрада Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі. — Мн.: 1935. — № 17. — С. 15.
Літаратура
правіць- Органы государственного управления БССР (1919—1967 гг.) (руск.) / Редкол.: Г. Ф. Басов, В.С. Карпик, В. А. Кучинский. — Мн.: Наука и техника, 1968. — С. 37—41. — 328 с. — 1 460 экз.