Даўжыня цела 44,5—51, перадплечча 35—40,5, хваста 36—46 мм. Поўсць на спіне цёмная, шараватая або карычнявата-бурая, на брушку шараватая або брудна-белаватая з палевым адценнем. Лятальная перапонка, вушы і голыя часткі морды бурыя. Канец хваста выступае за міжсцегнавую перапонку. Палёт павольны з пырханнем.
Пашырана ў Еўразіі, паўночная мяжа праходзіць праз Петразаводск, Краснаярск, вусце Амура; паўднёвая праз Сіваш, нізоўі Волгі, Паўднёвы Урал, возера Зайсан. На Беларусі аселы від, трапляецца па ўсёй тэрыторыі.
Корміцца пасля змяркання пераважна двухкрылымі і лускакрылымі насякомымі на вышыні 5—20 см над паверхняй вады або каля крон дрэў у лясах, парках і іншых зялёных насаджэннях.
У летніх сховішчах (дуплы дрэў, гарышчы, пустоты за абшыўкай пабудоў і інш.) паблізу вадаёмаў з канца сакавіка. Нараджае адно дзіцяня ў сярэдзіне чэрвеня. Зімуе (кастрычнік—сакавік на Беларусі) у выпадковых сховішчах (склепы, падвалы, трэшчыны ў бетонных кольцах глыбокіх студняў і інш.).
- Курскоў А. Начніца вадзяная // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5 т. Т. 3. — Мн.: БелСЭ, 1984.