Адкрыць галоўнае меню
Георгіеўскі сабор Юр'ева манастыра, першая палавіна XII ст.

Наўгаро́дская шко́ла до́йлідства — адна з найбольш значных школ старажытнарускага дойлідства 12—15 стагоддзяў.

ГісторыяПравіць

 
Царква Спаса на Ільіне вуліцы ў Ноўгарадзе, XIV ст.
 
Георгіеўская царква ў Старой Ладазе, другая палавіна XII ст.

Склалася ў г. Ноўгарадзе і яго ўладаннях у феадальны перыяд. Самыя раннія яе помнікі (Наўгародскі Сафійскі сабор, 1045—1050; Георгіеўскі сабор Юр'ева манастыра[ru], 1119) па тэхніцы ўзвядзення і кампазіцыі набліжаліся да кіеўскіх храмаў з уласцівымі ім манументальнай прастатой і кампактнасцю аб'ёмаў.

З сярэдзіны 12 ст. будавалі пераважна невялікія чатырохстаўповыя храмы, якія служылі прыходскай царквой вуліцы або дамавой заможнага баярына. На іх хорах звычайна размяшчалі маленькія прыдзелы, прысвечаныя патрону заказчыка. У якасці будаўнічых матэрыялаў выкарыстоўвалі вапняковыя пліты з цаглянымі праслойкамі, якія звонку заставаліся незацертымі. Гэта абмяжоўвала разнастайнасць дэкаратыўнага аздаблення пабудоў. Да помнікаў гэтага перыяду належаць цэрквы Георгіеўская[ru] і Успенская[ru] ў Старой Ладазе (2-я пал. 12 ст.), Спаса на Нярэдзіцы ў Ноўгарадзе (1198) і інш.

З канца 13 ст. дойліды імкнуліся ўзмацніць выразнасць архітэктурнай кампазіцыі (цэрквы Міколы на Ліпне[ru], 1292; Успення на Волатавым полі[ru], 1352).

У 14—15 стст. склаўся класічны тып багата дэкарыраванага наўгародскага храма. У ліку дэкаратыўных элементаў пераважалі лапаткі, шматлопасцевыя абрысы асноўных аб'ёмаў, разнастайныя нішы, броўкі, паўвалікі, дэкаратыўныя крыжы і іншае. (цэрквы Фёдара Страцілата на Ручаі[ru], 1360—1361; Спаса на Ільіне вуліцы[ru] ў Ноўгарадзе, 1374; Пятра і Паўла ў Кажэўніках[ru], 1406).

З 2-й палавіны 15 ст. ў архітэктуры Наўгародскай школы дойлідства праявіліся кансерватыўныя тэндэнцыі, звязаныя з адмаўленнем наўгародскіх баяр уключэння Ноўгарада ў Рускую цэнтралізаваную дзяржаву. З канца 15 ст. школа страціла сваю адметнасць і развівалася ў агульным рэчышчы рускай культуры.

ЛітаратураПравіць

  • Наўгародская школа дойлідства // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. С. 212.
  • История русского искусства. Т. 1. 2 изд. М., 1979.
  • Попова О. С. Искусство Новгорода и Москвы первой половины XIV в. М., 1982.