Ніна Аляксандраўна Махнач

(Пасля перасылкі з Н. А. Махнач)

Ніна Аляксандраўна Махнач (нар. 19 красавіка 1923, в. Шапкі, Руднянскі раён, Смаленская вобласць, Расія) — беларускі палінолаг і геолаг. Кандыдат геолага-мінералагічных навук (1958).

Ніна Аляксандраўна Махнач
Дата нараджэння 19 красавіка 1923(1923-04-19) (100 гадоў)
Месца нараджэння
Муж Аляксандр Сямёнавіч Махнач
Дзеці Анатоль Аляксандравіч Махнач
Род дзейнасці вучоная
Месца працы
Навуковая ступень кандыдат геолага-мінералагічных навук
Альма-матар
Прэміі
Дзяржаўная прэмія БССР

Біяграфія правіць

Нарадзілася на Смаленшчыне ў сям'і настаўніка. У 1940 паступіла на геаграфічны факультэт МДУ імя М. Ламаносава. Вайна перарвала вучобу ва ўніверсітэце. У кастрычніку 1941 года Н. А. Махнач паступіла на гідраметэаралагічныя курсы, па заканчэнні якіх з мая 1943 па кастрычнік 1944 працавала старшым тэхнікам Цэнтральнага інстытута прагнозаў Галоўнага ўпраўлення гідраметэаслужбы пры Міністэрстве абароны СССР. Пасля вяртання МДУ з эвакуацыі — з кастрычніка 1944 — узнавіла вучобу. Пасля заканчэння ўніверсітэту была накіравана на працу ў Інстытут геалагічных навук АН БССР, дзе з 1948 працавала малодшым навуковым супрацоўнікам, з 1959 па 1970 — старшым навуковым супрацоўнікам. У 1962 ёй было нададзена вучонае званне старшага навуковага супрацоўніка па спецыяльнасці «біястратыграфія».

Сваю працу на Беларусі яна пачала сумесна з геолагам-стратыграфам М. М. Цапенка i ўпершыню выкарыстала тут спорава-пылковы метад для вывучэння плейстацэнавых i галацэнавых адкладаў. Н. А. Махнач былі вывучаны i дэталёва ахарактарызаваны паліналагічным метадам стрататыпічныя i апорныя разрэзы раннеледавіковых, познеледавіковых, міжледавіковых i міжстадыяльных адкладаў, праведзена карэляцыя разрэзаў, выдзелены спорава-пылковыя комплексы, характэрныя для розных гарызонтаў чацвярцічнай тоўшчы. Абагульненне атрыманых даных было пакладзена ў аснову кандыдацкай дысертацыі «Спорово-пыльцевые спектры межледниковых отложений Белоруссии и их стратиграфическое и палеогеографическое значение» (1957), якая ўяўляла з сябе першую спробу прымянення спорава-пылковага аналізу для вырашэння пытанняў стратыграфічнага расчлянення чацвярцічных адкладаў Беларусі. Гэтыя даныя апублікаваны пазней у сумеснай з М. М. Цапенка манаграфіі «Антропогеновые отложения Белоруссии» (1959).

У наступныя гады на аснове вывучэння шматлікіх геалагічных разрэзаў Н. А. Махнач выканала рэканструкцыі этапаў развіцця расліннасці на тэрыторыі Беларусі ад канца пліяцэну да нашых дзён. Разам з геалагічнымі гэтыя даныя ляглі ў аснову стратыграфічнай схемы антрапагену Беларусі 1970 года і абагульнены ў дзвюх манаграфіях. Першая з іх «Этапы развития растительности Белоруссии в антропогене» (1971). Другая манаграфія «Геология антропогена Белоруссии» (у суаўтарстве з Э. Ляўковым, А. Мацвеевым і інш.) прысвечана разгляду галоўных асаблівасцей сучаснага рэльефу, геалагічнай будовы i палеагеаграфіі чацвярцічных адкладаў Беларусі.

У 1970-71 гадах Н. А. Махнач працавала старшым навуковым супрацоўнікам у сектары палеагеаграфіі антрапагену Лабараторыі геахімічных праблем АН БССР, а затым да часу выхаду на пенсію (1980) — у лабараторыі геалогіі i палеапатамалогіі антрапагену Інстытута геахіміі і геафізікі АН БССР пад кіраўніцтвам акадэміка Г. І. Гарэцкага. У гэты час яна ўзначальвала групу беларускіх палінолагаў, якія працавалі над вывучэннем шэрагу стрататыпічных i апорных разрэзаў неагену, плейстацэну i галацэну. У 1974 годзе пад кіраўніцтвам Н. А. Махнач была створана першая паліналагічная картатэка, якая ўключала амаль 400 пылковых дыяграм геалагічных разрэзаў плейстацэну Беларусі, а таксама Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Польшчы.

У 1977 годзе ў абагульняльным артыкуле «Палинологическая характеристика древнейших антропогеновых отложений Белоруссии» Н. А. Махнач былі змешчаны вынікі шматгадовых паліналагічных даследаванняў адкладаў брэсцкага гарызонту плейстацэну і даказана правамернасць правядзення мяжы паміж неагенам і квартэрам па іх падэшве. Асабліва важнае значэнне мелі яе паліналагічныя даследаванні раёна Беларускага Панямоння, дзе былі знойдзены невядомыя да таго часу на гэтай тэрыторыі неагенавыя адклады. На падставе дэталёвага вывучэння асаблівасцей пылковых спектраў і іх карэляцыі з суседнімі рэгіёнамі было даказана распаўсюджванне тут адкладаў ніжняга, сярэдняга і верхняга пліяцэну, а таксама брэсцкага гарызонта плейстацэну.

У 1981 годзе выйшла кніга Н. А. Махнач (у суаўтарстве) «Флора и растительность Белоруссии в палеогеновое, неогеновое и антропогеновое время». У ёй прадстаўлены вынікі паліналагічнага вывучэння палеагенавых, неагенавых і чацвярцічных (плейстацэнавых, галацэнавых, інтэрстадыяльных і перыгляцыяльных) адкладаў на тэрыторыі Беларусі. Атрыманыя H.A. Махнач паліналагічныя даныя былі выкарыстаны пры распрацоўцы новага варыянту стратыграфічнай схемы чацвярцічнай сістэмы Беларусі (1981).

Шмат часу Н. А. Махнач прысвяціла вывучэнню старажытных плейстацэнавых адкладаў, ускрытых свідравінамі ў Рэчыцкім Прыдняпроўі, і прыйшла да высновы аб значна больш старажытным, раннеплейстацэнавым узросце шклоўскіх міжледавіковых адкладаў, якія раней лічыліся сярэднеплейстацэнавымі. Гэтыя матэрыялы разам з вынікамі іншых палеабатанічных даследаванняў дазволілі ў далейшым значна ўдакладніць стратыграфічны падзел плейстацэнавых адкладаў Беларусі.

За перыяд сваёй навуковай дзейнасці Ніна Аляксандраўна Махнач вывучыла паліналагічным метадам 145 геалагічных разрэзаў на тэрыторыі Беларусі i сумежных рэгіёнаў. Ёю апублікавана каля 100 навуковых прац, у т. л. 4 манаграфіі.

Прэміі і ўзнагароды правіць

  • Дзяржаўная прэмія Беларусі (1986) за распрацоўку тэарэтычных асноў чацвярцічнай геалогіі і ўкараненне іх у практыку геолагаразведачных работ.

Сям'я правіць

Муж Аляксандр Сямёнавіч Махнач — геолаг, акадэмік НАН Беларусі. Сын Анатоль Аляксандравіч Махнач — геолаг, акадэмік НАН Беларусі.

Зноскі

Літаратура правіць

  • Ніна Аляксанцраўна Махнач (Да 90-годдзя з дня нараджэння) // Літасфера. № 1(38). 2013.