Окраина (газета)
«Окраина» – штодзённая грамадска-палітычная і літаратурная газета ліберальна-радыкальнага кірунку. Выдавалася з 30 ліпеня (12 жніўня) 1907 да 25 мая (7 чэрвеня) 1908 гг. у Мінску на рускай мове. Рэдактар–выдавец Л. І. Глоба–Міхайленка.
«Окраина» | |
---|---|
Тып | газета |
Заснавана | 1907 |
Спыненне публікацый | 1908 |
Мова | руская |
Развівала праграму забароненай газеты «Жизнь провинции». Цэнзура характарызавала яе як выданне «рэзка апазіцыйнага кірунку без ясна і пэўна вызначанай праграмы якой-небудзь партыі». Друкавала апошнія паведамленні, артыкулы грамадска-палітычнага і літаратурна-мастацкага зместу, белетрыстыку, паэзію, мясцовую хроніку, рэкламу, ілюстрацыі. Крытыкавала ўрадавую палітыку П. А. Сталыпіна, злоўжыванні мясцовых улад, выступала супраць дыскрыміінацыі «іншародцаў» (палякаў і яўрэяў).
Аўтары літаратурна-мастацкага аддзела арыентаваліся на традыцыі рэалізму і асветніцкую эстэтыку, прапагандавалі спадчыну рускай, польскай і заходнееўрапейскай літаратуры і мастацкай культуры, станоўча ацэньвалі наватарства Л. Андрэева, К. Бальмонта, З. Гіпіус, У. Меерхольда, М. Мінскага, Г. Гаўптмана, М. Метэрлінка, Ф. Салагуба.
Праблемам гістарыяграфіі, гісторыі, культуры прысвечаны даследаванні Д. Бохана «Польская народная паэзія» (5 і 24.8.1907, 7.9.1907), М. Метэрлінка «Псіхалогія няшчаснага выпадку» (1.8.1907), «Вялікі мастак» (пра Л. Талстога (8.9.1907), М. Караліцкага «Ідэя творчасці ў творах Тургенева і Гаўптмана» (13.11.1907) і інш.
Асвятляла тэатральнае і музычнае жыццё Мінска.
Выданне газеты прыпынена, пазней забаронена.
Літаратура
правіць- Конан, У. М. «Окраина» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 592 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9. — С. 352.
- Конон, В. М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. — Мн., 1985.