Ордэн Кастуся Каліноўскага

Ордэн Кастуся Каліноўскага — колішняя беларуская дзяржаўная ўзнагарода, ордэн. Палажэнне аб ордэне было прынятае Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь 12-га склікання 13 красавіка 1995 года[1], узнагарода зацверджаная ўказам прэзідэнта ад 15 студзеня 1996 года № 26 «Аб зацвярджэнні апісання ордэнаў, медалёў і нагрудных знакаў да ганаровых званняў Рэспублікі Беларусь», скасаваная 16 чэрвеня 2004 года. Ніхто не быў афіцыйна ўзнагароджаны гэтым ордэнам.

Рэканструкцыя ордэна паводле апісання 1996 года

Статус ордэна правіць

Ордэнам Кастуся Каліноўскага мусілі ўзнагароджвацца грамадзяне:

  • за самаадданы ўчынак, мужнасць і адвагу, выяўленыя пры выратаванні людзей, спыненні злачынных замахаў на іх жыццё; за адвагу, выяўленую ва ўмовах падвышанай небяспекі пры ахове грамадскага парадку, абароне дзяржаўнай уласнасці, пры затрыманні злачынцаў і выкрыцці злачынных груп;
  • за мужнасць і ўстойлівасць, выяўленыя падчас стыхійных бедстваў, пажараў, аварый, катастроф і іншых надзвычайных абставінах, у выніку чаго папярэджаная пагроза жыццю і здароўю людзей або выратаваныя значныя матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці;
  • за іншыя самаадданыя дзеянні, звязаныя з выкананнем воінскага, грамадзянскага або службовага абавязку і спалучаныя з рызыкай для жыцця.

Ордэн Кастуся Каліноўскага мусіў насіцца на левым баку грудзей і месціцца пасля ордэна Воінскай Славы.[2]

Апісанне правіць

Да выдання ўказа прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 верасня 1999 г. № 516 «Аб зацвярджэнні апісання ордэнаў, медалёў і нагрудных знакаў да ганаровых званняў Рэспублікі Беларусь» ордэн рэгуляваўся ўказам № 26, паводле якога меў наступнае апісанне:

Ордэн Кастуся Каліноўскага ўяўляе сабой знак, выкананы з двух чатырохкутнікаў, якія накладаюцца адзін на аднаго і фармуюць васьміканцовую зорку дыяметрам 44 мм, у цэнтры якой размешчаны круг дыяметрам 24 мм, у ім — рэльефная выява Кастуся Каліноўскага. Круг апраўлены вянком з дубовага і лаўровага лісця; у верхняй частцы круга на чырвоным эмалевым фоне знаходзіцца надпіс: «Кастусь Каліноўскі». Адваротны бок ордэна мае гладкую паверхню, у цэнтры знаходзіцца нумар ордэна. Ордэн пры дапамозе вушкі і кольцы злучаецца з пяцівугольнай калодкай, абцягнутай муаравай стужкай чырвонага колеру з дзвюма жоўтымі палоскамі па баках[3].

Скасаванне правіць

16 чэрвеня 2004 года пачаў дзейнічаць новы закон аб дзяржаўных узнагародах, паводле якога ордэн Кастуся Каліноўскага быў скасаваны і ўведзеныя чатыры іншыя, адпаведныя тым, якія існавалі за савецкім часам: за службу Радзіме, за асабістую мужнасць, Дружбы народаў і Ордэн пашаны[1].

У 2002 годзе да ўзнагароды пасмяротна была прадстаўлена старэйшая судовая выканаўца суда Рагачоўскага раёна Наталля Камарова за «ўзорнае выкананне службовых абавязкаў, значны ўнёсак у забеспячэнне законнасці і правапарадку»[4]. Аднак ніводзін чалавек так і не быў узнагароджаны ордэнам за ўвесь час яго існавання.

Альтэрнатыўны ордэн правіць

У пачатку сакавіка 2008 годзе на Кангрэсе новай дыяспары і прадстаўнікоў дэмакратычных сіл Беларусі ў Таліне быў заснаваны ордэн Свабоды імя Кастуся Каліноўскага. 4 сакавіка тамсама першым ордэнам, які вырабіў з бронзы скульптар Алесь Шатэрнік, завочна быў узнагароджаны Зміцер Дашкевіч, адзін з лідараў «Маладога фронту»[5]. Пазней яго атрымалі таксама Аляксандр Казулін[6] і Мікалай Аўтуховіч[7].

Зноскі

  1. а б Любоў Лунёва. У Беларусі больш няма Ордэна Кастуся Каліноўскага. Культура. Радыё «Свабода» (5 студзеня 2011).
  2. Положение об ордене Кастуся Калиновского
  3. Указ Президента Республики Беларусь от 15 января 1996 г. № 26 «Об утверждении описания орденов, медалей и нагрудных знаков к почетным званиям Республики Беларусь»
  4. Орден Кастуся Калиновского (руск.)(недаступная спасылка). Награды стран СНГ. «Фалеристика. Медали, ордена, награды» (7 студзеня 2011). Архівавана з першакрыніцы 24 чэрвеня 2021. Праверана 14 сакавіка 2015.
  5. Таццяна Поклад. Кангрэс новай дыяспары. Беларускае замежжа. Радыё «Свабода» (7 студзеня 2011).
  6. Аляксандр Казулін узнагароджаны ордэнам Кастуся Каліноўскага. Палітыка. «Хартыя-97» (7 студзеня 2011).
  7. Аўтуховіча ўзнагародзілі прэміяй Каліноўскага. Архіў. Радыё «Свабода» (7 студзеня 2011).