Павел Тапузідзіс

Павел Георгіевіч Тапузідзіс (нар. 12 верасня 1956, Абхазская АССР) — беларускі прадпрымальнік. Ганаровы консул Грэцыі ў Беларусі[1].

Павел Тапузідзіс
Род дзейнасці бізнесмен
Дата нараджэння 12 верасня 1956(1956-09-12) (67 гадоў)
Месца нараджэння

Маці — настаўніца рускай мовы[2]. З’ехаў з Грузінскай ССР, з уласных слоў, праз дыскрымінацыю там грэкаў, каб атрымаць адукацыю пажаданай спецыяльнасці[3]. У адной з мінскіх ВНУ[4] атрымаў адукацыю інжынера-мостабудаўніка[2]. Працаваў у БССР у мостабудаўнічай галіне[3]. У 1987 годзе быў звольнены[2][3]. З партнёрамі арганізаваў у Рудзенску[3] кааператыў «Пластикат», які праіснаваў 12 гадоў і займаўся вырабам штучных кветак і жалобных вянкоў, удзел у прадпрыемстве даў пэўныя сродкі[2].

Займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю, у тым ліку вырабам цацак, гандлем цыгарэтамі[3]. На пачатку 1990-х гадоў[3] арганізаваў малое прадпрыемства «Прыма», якое вырабляла цыгарэты «Беломор-канал»[3], а потым і запалкі «Пламя Октября»[2]. Пасля ўвядзення дзяржаўнай манаполіі тытунёвы бізнес Тапузідзіса перапыніўся[3]. У 1996 годзе атрымаў ліцэнзію на выпуск цыгарэт. Станам на 2015 год яго прадпрыемства ТАА «Табак-Инвест», разам з дзяржаўнай фабрыкай «Нёман», манапаліст беларускага цыгарэтнага рынку[3]. Павел Тапузідзіс старшыня праўлення ТАА «Табак-Инвест» (асноўныя актывы — тытунёвая фабрыка і сетка гандлёвых цэнтраў «Карона»)[5], якое шэраг гадоў уваходзіць у дзясятку буйнейшых падаткаплацельшчыкаў Мінска. У 2015 годзе Тапузідзіс прагназаваў, што праз два гады можа стаць першым у Беларусі мільярдэрам[3].

Павел Тапузідзіс займаецца дабрачыннасцю, але канкрэтызацыю яе адрасатаў лічыць недарэчнай[6]. Збірае савецкі фарфор, паводле ўласных слоў, у зборы ёсць дзівосныя, вельмі прыгожыя рэчы, але не лічыць сябе сапраўдным калекцыянерам[6]. Мае вялікую бібліятэку, якую збірае з савецкіх часоў, у маладосці любіў творчасць Эрыха Марыі Рэмарка, што, на яго думку, значна ўплыла на яго, шмат чытаў Льва Талстога, зараз ахвотна чытае фантастыку[6]. Яшчэ адно захапленне — гадзіннікі, сам Тапузідзіс носіць Patek Philippe[6]. Таксама калекцыянуе значкі[3].

Павел Тапузідзіс лічыць асабіста для сябе важнай грамадзянскую пазіцыю і адказнасць[3]. Падчас прэзідэнцкіх выбараў 1994 года быў памочнікам старшыні адной з выбарчых камісій[3]. Паводле меркавання некаторых СМІ, Тапузідіс набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі[5]. Дэлегат IV Усебеларускага народнага сходу. У час прэзідэнцкіх выбараў 2010 года быў старшынёй участковай выбарчай камісіі № 26 (Мінск, вул. Панчанкі, 56, СШ № 23) у склад якой прапанаваны працоўным калектывам бухгалтэрыі ТАА «Табак-инвест»[5].

Мае катэдж у Драздах, рэзідэнцыю на возеры Мядзел (пабудавана ТАА «Табак-инвест» як аздараўленчы цэнтр)[3]. Таксама Тапузідзісу прыпісваюць сядзібу на тэрыторыі Robinson Club. Паводле гарадской легенды, яму ж належыць сядзіба побач «Кароны» на вуліцы Кальварыйскай у Мінску.

Брат — Віталій Тапузідзіс, вядомы са СМІ затрыманнем па падазрэнні ў дачы хабару. Жонка — Ірына Тапузідзіс, кіраўнік дабрачыннага фонду «Родник доброты». Трое дзяцей, у тым ліку сын Георгій Тапузідзіс.

Санкцыі правіць

У 2022 годзе Тапузідзіс трапіў пад санкцыі Канады[7].

5 снежня 2023 года Тапузідзіс, «Табак-инвест» і яго дырэктар Віктар Пятровіч былі ўнесеныя ў спіс спецыяльна прызначаных грамадзян і заблакіраваных асоб ЗША[8][9].

Зноскі

Літаратура правіць

Спасылкі правіць