Пажар у Клубе НКДБ (1946)
Пажар у Клубе НКДБ — адзін з найбуйнейшых у гісторыі Беларусі пажараў, які адбыўся ў ноч 3 студзеня 1946 года ў Клубе НКДБ у Мінску. У выніку трагедыі загінула, паводле афіцыйных адзнак, 27 чалавек, паводле неафіцыйных — да некалькіх сотняў.
Перад пажарам
правіцьУ канцы снежня 1945 года ў ацалелым пасля вайны будынку Гасцінага двара на Плошчы Свабоды ішла падрыхтоўка да навагодняга свята. Была ўсталявана вялікая ёлка, аздобленая гірляндамі і ватай. Але ў ноч з 31 снежня на 1 студзеня святкаванне не адбылося з прычыны адсутнасці электрычнасці. Святло абяцалі даць толькі 3 студзеня, на гэты дзень і быў назначаны баль-маскарад.[1]
Білеты на баль размяркоўваліся гаркамам камсамола, пераважна іх атрымалі выдатнікі вучобы, актывісты і дзеці чыноўнікаў. Забаўляць публіку павінны былі вядомыя беларускія артысты і аркестр Беларускай ваеннай акругі. У дзень мерапрыемства ўваход адбываўся выключна па запрашальных білетах.
Перад галоўнай залай на трэцім паверсе абарудавалі «пакой казак». Гасцей сустракалі Дзед Мароз, Снягурка, зайцы, вавёркі. Многія ўпрыгожванні зрабілі з лёгкаўзгаральных матэрыялаў, паперы і ваты.
Ракавую ролю ў трагедыі згуляла суседства Клуба НКДБ з Камісіяй па расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх памагатых. У часе акупацыі ў гэтым будынку знаходзілася гестапа, увесь архіў якога пасля вызвалення Мінска застаўся тут. Менавіта з гэтымі нацысцкімі дакументамі працавалі ў Камісіі. Уваход у гэтую частку будынка быў зачынены і знаходзіўся пад узмоцненай аховай.
Акрамя гэтага, у падвалах будынка знаходзіліся камеры, у якіх утрымліваліся палонныя немцы, што знаходзіліся пад следствам.
Усяго перад пажарам у клубе сабралося больш за 500 чалавек.
Пажар
правіцьСвяточнае мерапрыемства праходзіла паводле плану. У галоўны момант свята, калі павінна была ўключыцца гірлянда, загарэлася ёлка. Хутка полымя перакінулася на фігуру Дзеда Мароза, якая была набіта ватай, і на іншыя прадметы інтэр’ера. Праз некалькі хвілін гарэла ўсё памяшканне.
Госці пабеглі да лесвіцы, што вяла на вуліцу, аднак там таксама было полымя. Відавочцы ўзгадвалі, што менавіта ў «пакоі казак», які знаходзіўся перад галоўнай залай, пачаўся пажар. Прабіцца праз яго да выхаду была немагчыма, а лесвіца паміж паверхамі была зачынена на замок. Людзі апынуліся ў пастцы.
Разбіўшы вокны, людзі пачалі скакаць з трэцяга паверха. Некаторыя здолелі прабрацца на гарышча, яны спускаліся адтуль па вадасцёкавай трубе. Але праз пэўны час труба не вытрымала вагі людзей. Яшчэ частка людзей уратавалася, прабіваючыся праз завалены рэчамі «чорны ход».[2]
Наступствы трагедыі
правіцьПаводле афіцыйных дадзеных загінула 27 чалавек, паводле неафіцыйных — да двухсот. Людзей, што загінулі ад ран і ад падзення з вышыні, хавалі асобна; тых, хто згарэў жыўцом у галоўнай залі клуба, пахавалі ў дзвюх вялікіх цынкавых трунах на Вайсковых могілках Мінска.
4 студзеня 1946 года ў Мінску адбылося экстранае пасяджэнне ЦК КП(б)Б. Прысутнічалі кіраўнікі камуністычнай партыі Беларусі Панцеляймон Панамарэнка, начальнік рэспубліканскага НКДБ Лаўрэнцій Цанава, народны камісар НКУС Сяргей Бельчанка і іншыя кіраўнікі рэспублікі. Пажар «ацанілі» як «надзвычайнае здарэнне, якое мае палітычны характар». Паводле вынікаў пасяджэння прыйшлі да наступнай высновы:
У парушэнне элементарных правілаў бяспекі ў фае клуба, дзе ўзнік пажар, было дазволена размясціць кінаперасоўку і каробку з кінастужкамі, што з’явілася прычынай хуткага распаўсюджвання полымя па будынку.
Дырэктар клуба НКДБ атрымаў 6 гадоў турмы. Аляксандр Рабцэвіч, камендант будынка, дзе ў тым ліку загінула і ягоная дачка, быў арыштаваны, але хутка вызвалены[3].