Паліян
Паліян, або паліяр (саманазва பழையர்) — малы народ на поўдні Індыі. Ізаляваныя групы насяляюць горныя раёны ўздоўж Заходніх Гатаў. Налічваецца каля 7,6 тыс. чалавек у штаце Тамілнад і 2,8 тыс. чалавек у штаце Карнатака[1]. Размаўляюць на тамільскай мове.
Паліян (பழையர்) | |
Рассяленне паліян
| |
Агульная колькасць | 11 тыс. |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Індыя |
Мова | тамільская |
Рэлігія | анімізм, шаманізм, культ продкаў |
Блізкія этнічныя групы | тамілы |
У адрозненне ад тамілаў, паліян маюць ясна выяўленыя рысы аўстралоіднай расы, знешне падобныя да ведаў Шры-Ланкі. У мінулым займаліся вандроўным збіральніцтвам і паляваннем, будавалі часовыя жытлы паміж скаламі[2]. У нашы дні практыкуюць падсечнае земляробства, працуюць па найму на плантацыях, хаця для горных жыхароў збіральніцтва ўсё яшчэ мае важную ролю. Некаторыя перасяліліся ў даліны і займаюцца сучаснай сельскай гаспадаркай.
Племянная сацыяльная структура была разбурана да сярэдзіны XX стагоддзя, аднак паліян афіцыйна маюць статус племені, што дае ім пэўныя прывілегіі. У нашы дні пераважаюць нуклеарныя сем’і. Эмацыянальныя сувязі з іншымі сваякамі слабыя. Некаторыя групы захоўваюць матрылакальны адлік сваяцтва, іншыя — патрылакальны.
Шлюбны звычай прадстаўлены абменам клятвамі вернасці, соллю і лісцем бетэля. Муж і жонка лічацца роўнымі паміж сабою. Пасля некалькіх першых гадоў сталення разам з маці, дзяцей адлучаюць ад сям’і і перадаюць на выхаванне блізкім старэйшым сваякам.
У грамадстве забаронены гвалтоўныя канфлікты, не заахвочваецца канкурэнцыя. У выпадку пагрозы жыхары пэўнай вёскі могуць пакінуць наседжанае месца[3].
Традыцыйная рэлігія — анімізм, шанаванне шматлікіх духаў прыроды і продкаў. Вылучаецца пласт шаманаў тхеварадзі, пасрэднікаў паміж светам людзей і духамі.
Зноскі
- ↑ Paliyan of India
- ↑ Collective for Action of Forest Adivasi in Tamil Nadu(недаступная спасылка)
- ↑ Encyclopedia of Selected Peaceful Societies Архівавана 29 ліпеня 2012.