Памфілія
Памфілія (стар.-грэч.: Παμφυλία, лац.: Pamphylia) — гістарычная вобласць на паўднёвым узбярэжжы Малой Азіі (цяпер Турцыя). Межавала на Захадзе з Лікіяй, на ўсходзе — з Кілікіяй, на поўначы — з Пісідыяй, з поўдня абмывалася залівам Анталья, які ў старажытнасці называўся Памфілійскім морам.
Аўтахтоннае насельніцтва Памфіліі па мове належала да хета-лувійскай галіны індаеўрапейскай моўнай сям’і.
З XIII ст. да н.э. на тэрыторыю Памфіліі пачалося пранікненне грэкаў-ахейцаў. У VIII-VII ст.ст. да н.э. (так званая вялікая грэцкая каланізацыя) у Памфіліі пасяліліся эалійцы і дарыйцы з Аргаса і з Родаса. Заснаваны гарады, з якіх самыя вядомыя (з захаду на ўсход): Ольвія, Аталія, Перга, Аспенд, Сіда (або Сідэ). Насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай (садаводства, вінаградарства, аліўкаводства, збожжавыя культуры, сезам, але пераважнай была жывёлагадоўля) і рамёствамі (ткачы, фарбавальнікі, гарбары і інш.).
Нядоўгая самастойнасць грэчаскіх гарадоў Памфіліі завяршылася падпарадкаваннем усёй яе тэрыторыі Лідыі (пры цары Крозе, VI ст. да н.э.). З разгромам апошняга, з сярэдзіны VI ст. да н.э., Памфілія патрапіла пад уладу Ахеменідаў, і пры Дарыі I увайшла ў склад сатрапіі Іонія (разам з Эалідай, Карыяй, Мізіяй), якая плаціла ў казну персаў 400 талантаў срэбра ў год і пастаўлялай дапаможныя войскі і флот падчас грэка-персідскіх войнаў.
У 330-я гг. да н.э. Памфілія была захоплена Аляксандрам Македонскім. Пасля яго смерці Памфілія і ўся Малая Азія апынуліся ў эпіцэнтры барацьбы дыядохаў. Адным з першых ёю стаў валодаць Антыгон I Аднавокі, спачатку былы намеснікам Памфіліі, Фрыгіі і Лікіі, а ў 306 годзе да н.э. абвясціў сябе царом.
Пасля яго гібелі ў 301 годзе да н.э. Антыганіды адмовіліся ад малаазійскіх прэтэнзій, і на працягу 3-2 ст.ст. да н.э. Памфілія стала аб’ектам барацьбы паміж Пталямеямі і Селеўкідамі.
Пасля паражэння ад рымлян Антыёх III у 189 годзе да н.э. страціў усе тэрыторыі на захад ад Таўра, у тым ліку Памфілію. За дапамогу Рыму ў барацьбе з Селеўкідамі цар Пергамскага царства Эўмен II атрымаў частку Малой Азіі, уключаючы Памфілію, якая ўвайшла ў царства Аталідаў.
У 133 годзе да н.э., пасля смерці Атала III, Памфілія дасталася Рыму і ўвайшла ў склад правінцыі Азія. Потым рымляне неаднаразова мянялі статус Памфіліі. У далейшым Памфілія апынулася пад уладай Візантыі, а з XI ст. — пад уладай турак[1].
Цікавы факт
правіцьПрароцтва пра Памфілію ёсць у Настрадамуса (3 цэнтурыя, 60 катрэн)
Крыніцы
правіцьЛітаратура
правіць- Hans Rott: Kleinasiatische Denkmäler aus Pisidien, Pamphylien, Kappadokien und Lykien. Dieterich, Leipzig 1908 (Studien über christliche Denkmäler N.F. 5/6; online).
- Taner Korkut: Girlanden-Ostotheken aus Kalkstein in Pamphylien und Kilikien. Untersuchungen zu Typologie, Ikonographie und Chronologie. Verlag Philipp von Zabern, Mainz 2006 (Sarkophag-Studien Band 4).