Партал:Інданезія/Уводзіны

Індане́зія (індан.: Indonesia), Рэспу́бліка Індане́зія (індан.: Republik Indonesia) — дзяржава ў Паўднёва-Усходняй Азіі, размешчаная на 17 508 астравах найбуйнейшага ў свеце Малайскага архіпелага (астравы Калімантан, Суматра, Ява, Сулавесі, Балі і інш.) і заходняй частцы вострава Новая Гвінея. Мае сухапутныя межы з Малайзіяй, Папуа — Новай Гвінеяй і Усходнім Тыморам. Сухапутная тэрыторыя — 1,9 млн км². Марская акваторыя (унутранае мора, тэрытарыяльныя і архіпелагавыя воды, асобная эканамічная зона) — 7,9 млн кв. км. Насельніцтва — больш за 250 млн чалавек (4-е месца ў свеце). Сталіца — Джакарта (в. Ява) з насельніцтвам звыш 10 млн чал. Афіцыйная мова — інданезійская. Грашовая адзінка — інданезійская рупія. Нацыянальнае свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (17 жніўня 1945).

Унітарная дзяржава, прэзідэнцкая рэспубліка. У кастрычніку 2014 года пасаду прэзідэнта заняў Джока Відода, віцэ-прэзідэнта — Юсуф Кала.

Інданезія мае значную этнакультурную разнастайнасць. Каля 88 % насельніцтва — мусульмане, што робіць яе краінай з найбольшым мусульманскім насельніцтвам у свеце.

Адміністрацыйны падзел: 33 адміністрацыйныя адзінкі (31 правінцыя, 2 адмысловыя адміністрацыйныя акругі — Джакарта і Джак’якарта).

Незалежнасць краіны абвешчана 17 жніўня 1945. У 1942—1945 гадах яна знаходзілася пад японскай акупацыяй, а да таго была каланіяльным уладаннем Нідэрландаў, якія пачалі яе асваенне ў першай палове XVII ст. і аб’ядналі большую частку тэрыторыі сучаснай Інданезіі пад сваёй уладай да пачатку XX ст.