Партрэт Тэклі Ружы Радзівіл (Нясвіжская партрэтная галерэя)
Партрэт Тэклі Ружы з Радзівілаў, дачкі Караля Станіслава Радзівіла і Ганны з Сангушкаў. Захоўваецца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
| ||
Луі дэ Сільвестр | ||
Партрэт Тэклі Ружы Радзівіл. 1720-я | ||
Матэрыял | палатно | |
---|---|---|
Тэхніка | алейны жывапіс | |
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Мінск | ||
(інв. ЗЖ-131) |
Праблемы атрыбутацыі
правіцьНекаторымі даследчыкамі атрыбутуецца Луі дэ Сільвестру[1], пры гэтым у фундаментальнай манаграфіі Харальда Маркса «Staatlich kunsts ammlangen gemäldegaliere. Alte Meister die gemalde des Louis de Sylvestre» гэта палатно не згадваецца[1].
Што тычыцца асобы на партрэце, то частка даследчыкаў лічыць, што паказана другая жонка Якуба Генрыка Флемінга Тэкля Ружа з Радзівілаў, зыходзячы з гравюры Нясвіжскай партрэтнай галерэі[2], а частка мастацтвазнаўцаў прытрымліваецца думкі, што на палатне першая жонка Якуба Генрыка Флемінга Францішка Ізабэла з Сапегаў[3].
Гісторыя
правіцьПаходзіць з калекцыі Радзівілаў у Нясвіжы (№ 90, да рэстаўрацыі № 232, 277; да 1941). Захоўваўся ў Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР да 1941 года, фондах Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны (з 1948), у Дзяржаўным музеі БССР (з 1957 да 1968)[1].
Рэстаўрыраваны ва Усесаюзнай цэнтральнай навукова-даследчай лабараторыі па кансервацыі і рэстаўрацыі музейных мастацкіх каштоўнасцей Л. І. Яшкінай у 1968—1972 гадах у Маскве[1].
Захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі (Мінск)[1].
Апісанне
правіцьНа гэтым партрэце Тэкля Ружа прадстаўлена ў палацавым еўрапейскім касцюме пачатку XVIII стагоддзя[4]. На ёй белая атласная сукенка са станікам на гарсэце з глыбокім дэкальтэ, аздобленым па краю вышыўкай залатой ніткай[4]. Ніжні край выраза дэкальтэ закладзены белымі празрыстымі карункамі, якія адцяняюць далікатную скуру. Шырокі да локця рукаў, аздоблены залатой вышыўкай, прыпадняты і сколаты залатой брошкай з вялікай жамчужынай і брыльянтамі. З-пад рукава сукенкі выступае пышны рукаў белай кашулі з карункавымі брыжыкамі[4]. На правае плячо накінута цёмна-сіняя аксамітавая мантыя з узорыстай шаўковай падкладкай. Завітыя прыпудраныя валасы зачасаны ўверх і ззаду спускаюцца локанамі. Два кароткія завітыя локаны спускаюцца на лоб. Спадніца яшчэ не мае жорсткага каркаса[4].
Выстаўкі
правіць- Другое нараджэнне партрэтаў з Нясвіжа і Гродна. Мінск. 1982
- Партрэты з Нясвіжа і Гродна. Каўнас. Яраслаўль. 1983
- Рэстаўрацыя музейных каштоўнасцей у БССР. Мінск. 1985
- Партрэты знакамітых постацяў даўняй Рэчы Паспалітай у мінскіх зборах. Кракаў. 1991
- Мастацтва барока ў Беларусі. Мінск. 1991
- Дзе Усход сустракаецца з Захадам. Варшава. 1993
Зноскі
- ↑ а б в г д Высоцкая Н. Ф. Жывапіс барока Беларусі. — Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2003. — С. 69-70. — 304 с. — 3 000 экз. — ISBN 985-11-0253-9.
- ↑ Icones… 1758. Tabl. 70
- ↑ Высоцкая Н. Ф., Карповіч Т. А. 1980. — Жывапіс Беларусі XII—XVIII стст./Уступ. арт. Н. Ф. Высоцкай? склад. Н. Ф. Высоцкая, Т. А. Карпович. Мн., 1980. С. 1-316. Іл. 151.
- ↑ а б в г Бялявіна, В. М. Беларускі касцюм / В. М. Бялявіна, Л. В. Ракава. — Мінск : Беларусь, 2017. — 463 с. : іл. ISBN 978-985-01-1241-5
Літаратура
правіць- Бялявіна, В. М. Беларускі касцюм / В. М. Бялявіна, Л. В. Ракава. — Мінск : Беларусь, 2017. — 463 с. : іл. ISBN 978-985-01-1241-5
- Высоцкая Н. Ф. Жывапіс барока Беларусі. — Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2003. — С. 69-70. — 304 с. — 3 000 экз. — ISBN 985-11-0253-9.