Паштовая адміністрацыя ААН

Паштовая адміністрацыя Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (англ.: United Nations Postal Administration — UNPA) — паштовая адміністрацыя ААН. Яна выпускае паштовыя маркі і цэльныя рэчы з пазнакай наміналу ў доларах для офіса ААН у Нью-Ёрку, у швейцарскіх франках для офіса ў Жэневе і ў еўра для офіса ў Вене. Спаганяныя паштовыя тарыфы ідэнтычныя тарыфам дзяржавы, дзе размешчаны адпаведны офіс ААН.

Паштовае аддзяленне ААН у штаб-кватэры ў Нью-Ёрку

Выкарыстанне марак і абмежаванні правіць

У кожным канкрэтным офісе ААН могуць быць выкарыстаныя толькі маркі ААН з наміналам у адпаведнай валюце. Аднак на практыцы большасць органаў ААН выкарыстоўвае франкіравальныя машыны, а маркі найчасцей набываюць калекцыянеры і турысты. Паколькі маркі нельга выкарыстоўваць па-за сценамі офісаў ААН, іх можна набыць гуртам на другасным рынку па кошце значна ніжэйшым за намінал.

Як правіла, паштовае адпраўленне трэба прыносіць у офіс ААН і франкіраваць адпаведнымі маркамі ААН. Аднак перыядычна, па дамоўленасці з Паштовай службай ЗША, Паштовая адміністрацыя ААН адкрывае часовыя паштовыя аддзяленні ў іншых месцах, зазвычай на філатэлістычных выставах або на адмысловых мерапрыемствах.

Паштовае ведамства ААН таксама адказнае за сартаванне і дастаўку пошты ў офісы, што знаходзяцца ў яго веданні.

Гісторыя правіць

 
Першая паштовая марка ААН, 1951 (Скот #1)

Першыя маркі правіць

Ідэю выпуску арганізацыяй марак падаў у 1947 годзе Хасэ Арсэ (José Arce), пасол Аргенціны і прэзідэнт Генеральнай асамблеі ААН, які сам быў філатэлістам (Ліга Нацый ужывала маркі Швейцарыі з наддрукоўкай). Паштовая адміністрацыя ААН была ўтвораная ў выніку заключэння дагавора з ЗША ў 1951 годзе, неўзабаве пасля пераезду ААН у штаб-кватэру ў Манхэтэне. Дагэтуль ААН карысталася паслугамі паштовага ведамства ЗША.

Паштовая адміністрацыя ААН выдала першыя маркі для нью-ёрскага офіса ў 1951 годзе, прымеркаваўшы іх да Міжнароднага дня ААН (24 кастрычніка). Першыя выпускі выклікалі велізарную зацікаўленасць з боку калекцыянераў, раннія камемаратыўныя маркі разышліся мільённымі тыражамі. Самым рэдкім філатэлістычным матэрыялам гэтага перыяду, але ўсё ж дастаткова даступным, з’яўляецца паштовы блок да 10-годдзя ААН (Скот #38), выдадзены тыражом 250 тыс. асобнікаў з памылкай (невялікае белае поле ў правай ножцы літары «n» у слове «Unies») і пазней выпраўлены і дадрукаваны другім тыражом. У цяперашні час рынкавы кошт блоку нават другога выпуску — $200—240.

 
Першы паштовы блок ААН, 1955 (Скот #38)

Да 1957 года камемаратыўныя маркі ААН рэгулярна распрадаваліся, хоць часам дзеля гэтага патрабавалася некалькі месяцаў. Сутыкнуўшыся з такім поспехам, адміністрацыя павялічыла тыражы з аднаго мільёна да пяці. На дзіва, продажы рэзка выраслі, пры гэтым у 1970-я аб’ёмы рэалізацыі кожнай камемаратыўнай маркі вагаліся ў межах 1,5—3 млн асобнікаў.

У 1967 годзе Паштовая адміністрацыя эмітавала пяць марак з наміналамі ў канадскіх доларах для выкарыстання ў павільёне ААН на выставе «Экспа 1967» у Манрэалі. Яні сталі нядзейнымі пасля закрыцця выставы.

У 1968 годзе Паштовая адміністрацыя ААН заключыла ўгоду з паштовым ведамствам Швейцарыі і з наступнага года пачала выпуск паштовых марак з наміналамі ў франках дзеля выкарыстання ў жэнеўскім офісе. Дагавор 1979 года з Аўстрыяй прывёў да выпуску такіх самых марак для офіса ў Вене[1]. Афіцыйнае адкрыццё Міжнароднага цэнтра ААН у Вене адбылося 23 жніўня 1979 года, а наступнага дня ў абарот выйшла першая стандартная серыя з шасці марак паштовага аддзялення ААН у Вене. На дзвюх з іх адлюстраваны будынак Цэнтра.

 
Паштовая марка ААН, прысвечаная Сусветнай федэрацыі арганізацый ААН

У 1970-я назіраўся выбух зацікаўленасці ў марках ААН, які сягнуў вяршыні з амаль імгненным распродажам аркушаў па 20 марак, выдадзеных да 25-годдзя Паштовай адміністрацыі: тры з чатырох наміналаў былі цалкам прададзеныя ў дзень выхаду, а чацверты — на працягу 2,5 месяцаў. Аналагічны выпуск у 1979 годзе ў гонар Міжнароднага дня дзіцяці быў рэалізаваны ў дзень выхаду. Гэтая гісторыя трапіла на першую старонку газеты «Нью-Ёрк Таймс». Цягам гэтага ж дзесяцігоддзя выходзілі маркі і каперты першага дня ў падтрымку вызвалення Намібіі[2].

Скандалы правіць

 
Паштовая марка ААН, прысвечаная неад’емным правам палесцінскага народа, 1981 (Скот #Нью-Ёрк #343, Жэнева #98, Вена #17)

Неўзабаве пасля гэтага інтарэс пачаў падаць. Сваю ролю ў гэтым, пэўна, адыгралі і скандалы, звязаныя з наступнымі паштовымі эмісіямі. Напрыклад, у 1981 годзе Паштовая адміністрацыя ААН прысвяціла выпуск неад’емным правам палесцінскага народа. Пра гэты выпуск крытычна азваліся «Таймс» і «Linn’s Stamp News». Марка наміналам 15 цэнтаў стала першай маркай ААН пасля 1954 года, прададзенай у колькасці меней за 1 млн асобнікаў. Далейшае агульнае зніжэнне аб’ёмаў рэалізацыі марак ААН па-праізраільску настроеная грамадскасць звязвае з гэтай эмісіяй.

Хоць рэалізацыя венскіх марак заставалася высокай, аднак вялікая колькасць выпускаў да 1983 года распрадавалася ў аб’ёмах меней за мільён штук. У 1986 годзе сувенірны аркуш у гонар Сусветнай федэрацыі арганізацый ААН стаў першым выпускам, які быў прададзены ў колькасці меней за 500 тысячаў асобнікаў. Дагэтуль маркі ААН ніколі нават не друкаваліся меншымі тыражамі.

Спробы вярнуць зацікаўленасць правіць

Імкнучыся павялічыць продажы, Паштовая адміністрацыя ААН спалучае друк марак меншымі накладамі, агрэсіўны маркетынг і залучае да стварэння малюнкаў вядомых мастакоў. Тым не менш, аб’ёмы рэалізацыі марак так і не аднавіліся, сёння яны выходзяць тыражамі парадку 400 тыс. асобнікаў і рэдка калі бываюць распрададзеныя цалкам.

Крыніцы правіць

  1. UN Stamps are the Messengers of Peace (англ.)(недаступная спасылка). About UNPA. United Nations Postal Administration (5 ліпеня 2009). Архівавана з першакрыніцы 16 кастрычніка 2009. Праверана 20 чэрвеня 2023.
  2. van den Hurk G. The war in Angola and along the Namibian border, 1975—1988(недаступная спасылка) // A Filatelia Portuguesa. — 2001. — Nº 12 (101). (англ.)

Літаратура правіць

  • Владинец Н. И. Знаки почтовой оплаты Организации Объединённых Наций // Советский коллекционер. — № 12. — 1974. — С. 70—88.
  • Драгунов Г., Царицын Г. ООН — 30 лет // Филателия СССР. — 1975. — № 9. — С. 40—42.
  • Клочков М. Почта ООН-Сити // Филателия СССР. — 1989. — № 11. — С. 56—59.
  • Лепешинский Л. Л. Филателистическая география (зарубежные страны): Справочник. — М.: Связь, 1967. — 480 с (См. Соединённые Штаты Америки.(недаступная спасылка))
  • Международный день ООН // Календарь филателиста на 1976 год. — М.: Связь, 1975. — 18—24 октября.
  • Туранов А. Перекуём мечи на орала // Филателия СССР. — 1977. — № 4. — С. 41—43. (О Почтовой администрации ООН и её выпусках на тему международного мира и безопасности.)
  • Own the Longest United Nations Stamp Series // Mystic Stamp Highlights. — 2007. — Vol. 4. — No. 3. — P. 15. (англ.)

Спасылкі правіць