Паштовы тракт
Паштовы тракт (польск. trakt ад лац. traktus, літаральна — валачэнне) — у Вялікім Княстве Літоўскім, Рэчы Паспалітай і Расіі шырокая палепшаная дарога (шлях, гасцінец), якая злучала найважнейшыя населеныя пункты.
Апісанне
правіцьГісторыя
правіцьЗ 1557 г. на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага стала наладжвацца паштовая служба.
У 1583 годзе адкрыты паштовыя зносіны паміж Гродна, Беластокам і Варшавай.
Пасля таго як у 1667 годзе ў вёсцы Андрусава (цяпер у Смаленскай вобласці) было заключана мірнае пагадненне паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай, асобным пунктам якога было развіццё паштовых зносін, быў створаны паштовы тракт па напрамку Вільня-Масква. Ён праходзіў праз Мінск, Магілёў і Смаленск. Гэта пошта, названая Віленскай, была заснавана 14 снежня 1667 г. Праект яе упарадкавання распрацаваў віленскі паштмайстар Рэйнгальд Бісінг. Ён жа склаў палажэнне, якім ўсталёўваўся парадак праходжання пошты. 3 Вільні паштар адпраўляўся ў пятніцу, у Мінск прыбываў у нядзелю ў тры гадзіны дня, у Магілёў — апоўдні ў панядзелак, а на граніцу (у мястэчка Кадзіна, што на Смаленшчыне) — у аўторак раніцай. Да гэтага часу сюды павінна была паступіць і маскоўская пошта. У напрамку Масквы карэспандэнцыя адпраўлялася раз на тыдзень. З Вільні да Масквы лісты даходзілі за 8 дзён.
У тым жа 1667 годзе ў Мінску з’явіўся першы паштовы ям (прататып станцыі). У яго штаце былі тры ямшчыкі і адзін стараста. Тут можна было памяняць коней, пераначаваць. Пазней паштовыя ямы былі створаны ў Мсціславе, Магілёве, Барысаве, Смілавічах, Радашковічах, Маладзечне.
Па дарогах карэспандэнцыю развозілі калёсы і карэты. У пачатку ХІХ стагоддзя сталі выкарыстоўваць таксама дыліжансы. Дыліжанс ехаў і днём і ноччу і спыняўся ў тавернах толькі для яды і змены коней[1].
Санкт-Пецярбургска — Магілёўскі паштовы тракт паклаў пачатак аднаму з самых вядомых расійскіх трактаў — Беларускаму. У пачатку ХІХ ст. ён аформіўся канчаткова. Тракт меў тры маршруты:
- Санкт — Пецярбург — Екацярынаслаў (праз Віцебск — Магілёў — Чарнігаў)
- Санкт-Пецярбург — Жытомір (праз Віцебск — Магілёў — Быхаў — Жлобін — Мазыр)
- Санкт-Пецярбург — Кіеў (праз Нарву — Полацк — Барысаў — Бабруйск — Петрыкаў) і далей на Адэсу.
Па Санкт-Пецярбургска—Магілёўскаму паштоваму тракту ўпершыню ў Расійскай імперыі сталі перавозіць газеты па падпісцы. Адбылося гэта ў 1773 г.
Гл. таксама
правіцьЗноскі
Літаратура
правіць- Зарэмскі У. К. Тракт пашто́вы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 500. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Заремский, В. К. Могилевская почта в 19 веке. Магілёўская даўніна. — 2001. — № 9. — С. 52 — 59.