Гісторыя паштовых марак Беларусі
Выпуск першых уласных паштовых марак у Беларусі адносіцца да 1920 года.
Правізорыі польскага корпуса
правіцьАдміністрацыяй корпуса Доўбар-Мусніцкага ў Бабруйску[крыніца?] былі здзейсненыя два выпускі правізорыяў.
Першы выпуск уяўляў сабой маркі царскага ўрада наміналам 3, 4, 5, 7, 10, 15, 20, 25, 35, 50 і 70 капеек з наддрукоўкай польскага герба і надпісу «POCZTA Pol. Korp.» (бел.: Пошта Польскага Корпуса).
На правізорыях другога выпуску малюнак наддрукоўкі быў зменены і ўяўляў сабой надпіс «Pol. Korp.», герб Польшчы і пазначэнне новага наміналу. Правізорыі былі выкананыя на марках царскага (з зубцоўкай) і Часовага (без зубцоўкі) урадаў вартасцю 1, 2 і 3 капейкі. Маркі ў 1 капейку атрымалі намінал у 35 капеек, у 2 капейкі — 50 капеек, у 3 капейкі — 10 капеек, а некаторыя і 1 рубель.
Маркі БНР
правіцьНа працягу 1918—1920 гг. у Беларускай Народнай Рэспубліцы і ў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы ўжываліся пераважна расійскія маркі.
Асобны атрад
правіцьУ 1920 г. у Латвійскай дзяржаўнай друкарні ў Рызе была выдадзена серыя марак па заказе камандавання Асобнага атрада БНР. Надпіс «Асобны атрад» сведчыць аб тым, што маркі выпускаліся для беларускага ваеннага фарміравання на чале з генералам Булак-Балаховічам. Заказ на яго даваў старшыня Беларускай вайсковай камісіі ў Латвіі Кастусь Езавітаў.
Былі выдадзены 5 марак розных наміналаў: 5, 10, 15, 50 капеек і 1 рубель. Існуюць зубцаваныя і незубцаваныя маркі. Агульны наклад — 5 мільёнаў асобнікаў (па 1 мільёне на кожны намінал). Суадносіны зубцаваных да незубцаваных складаюць 1:1. Незубцаваныя маркі былі выдадзеныя дзеля змяншэння кошту накладу. З іх 250 тысяч былі выраблены нават без клею.
На ўсіх пяці марках серыі знаходзіцца адзін малюнак: маладыя сяляне ў нацыянальным адзенні (у магілёўскіх строях), хлопец і дзяўчына, сядзяць на лаўцы ля плота. Праект маркі быў выкананы мастаком Рыхардам Зарыньшам. Паводле меркавання гісторыкаў, прататыпам была гравюра У. дэ Гарнека, змешчаная пад назвай «Тыпы Магілёўскай губерні» ў трэцім томе выдання «Жывапісная Расія» 1882 г.
Наміналы і колеры:
Маркі былі ў выкарыстанні з 14 лютага 1920 г. да 22 красавіка 1920 г. Маркі Асобнага атрада выкарыстоўваліся палявой поштай, якая засталася на тэрыторыі Латвіі, і гасіліся асобным штампам.
-
5 кап.
-
10 кап.
-
15 кап.
-
50 кап.
-
1 руб.
З 1939 г. гэты выпуск неаднаразова перавыдаваўся як эмігранцкім урадам БНР, так і «неафіцыйна», што стала прычынай наяўнасці вялікай колькасці гэтых марак рознай якасці.
Правізорыі Беларускай рады Случчыны
правіцьПадчас Слуцкага збройнага чыну штабам Беларускай Слуцкай брыгады 1 снежня 1920 г. былі выдадзеныя правізорыі.
Выкарыстоўваліся польскія маркі, на якіх была наддрукоўка наміналу, Пагоні і літар «Ч. Р. Сл.» (Часовая Рада Случчыны). Польская марка наміналам 5 грошаў стала мець намінал 25 капеек, польскія маркі ў 10, 15 грошаў і 15 фенігаў — 50 капеек.
Лічыцца, што былі выдадзеныя 200 асобнікаў вартасцю 50 капеек і каля 20 асобнікаў вартасцю 25 капеек. Паведамлялася, што ў 1921 г. захаваліся толькі 3 камплекты. Наддрукоўка на польскай марцы ў 10 грошаў стала вядомай толькі ў 1921 г.
Валянцін Баціеўскі мяркуе, што да наддруковак можа быць датычны Васіль Русак, які 1 снежня 1920 г. хварэў і знаходзіўся бязмэтава ў Грыцэвічах.
Вядомыя два паштовыя адпраўленні з правізорыямі Слуцкай рады:
- Паштовая картка Баранавічы — Вільня ад 21 студзеня 1921 г., на якой знаходзіліся 2 правізорыі: 25 і 50 капеек (5 і 15 польскіх грошаў адпаведна);
- Заказны ліст Баранавічы — Лейпцыг ад 23 студзеня 1921 г., на якой знаходзіліся 4 польскія маркі і 2 правізорыі; правізорыі былі наміналам у 25 і 50 капеек.
Правізорыі падчас польскай акупацыі (1919—1920)
правіцьПадчас польскай акупацыі 1919—1920 гг. быў здзейснены выпуск мясцовых правізорыяў горада Гродна. Ён уяўляў сабой маркі Часовага ўрада Расіі (выпуску 1917 г. без зубцоўкі) з нанесенай на іх наддрукоўкай «Poczta Polska 40 GR» (бел.: Пошта Польская 40 грошаў). Намінал гэтых марак быў прывязаны да літоўскай аўксінаі.
Правізорыі Беларускага камітэта самапомачы
правіцьУ 1942 г. у Берліне былі надрукаваныя правізорыі Беларускага камітэта самапомачы. Правізорыі з выявай Францыска Скарыны былі выдадзеныя рудога, зялёнага, чырвонага, фіялетавага, сіняга і блакітнага колераў. У той самы час былі выдадзеныя правізорыі з Пагоняй (сінія), Віленскім замкам (рудыя), князем Альгердам (зялёныя), князем Вітаўтам (сінія) і вобразам дзяўчыны з хлопцам (зялёныя і фіялетавыя). Правізорыі выдаваліся за ўплату ўзносаў ці за дадзеныя ахвяры. Фактычным ініцыятарам выдання быў тагачасны старшыня Цэнтралі Беларускага камітэта самапомачы інжынер Мікола Абрамчык. Малюнкі для правізорыяў былі намаляваныя ў Лодзі мясцовым членам Беларускага камітэта самапомачы Зянонам Зянкевічам.
Артымаркі беларускай эміграцыі
правіцьПаколькі дадзеныя «маркі» не былі выпушчаныя поштай, ніколі не знаходзіліся ў абарачэнні і не выкарыстоўваліся як сродкі паштовай аплаты, мэтазгодна класіфікаваць іх як артымаркі.
1950-я гады
правіцьУ студзені 1950 г. пачалі рассылацца артымаркі Рады БНР. Ідэя паўстала ў Парыжы, дзе жылі ў той час Мікола Абрамчык, Лявон Рыдлеўскі, Уладзімір Шыманец, а ў Амерыцы артымаркамі займаўся Віталь Кажан.
Артымаркі выдалі ў дзвюх серыях. На першай — старшыні Рады БНР Пятро Крачэўскі (фіялетавага колеру з надпісам «3 талеры») і Васіль Захарка (чырвонага колеру з надпісам «1 талер»), Дом Рады БНР (зялёнага колеру з надпісам «50 грошаў»). Аўтар гэтай серыі невядомы. На другой серыі Пагоня (чырвонага колеру з надпісам «25 грошаў») і карта Беларусі (сіняга колеру з надпісам «10 грошаў»). Другая серыя была надрукавана па эскізах Уладзіміра Шыманца.
1960-я гады
правіцьУ 1960 г. Згуртаванне беларускай моладзі выдала артымарку ў гонар 40-й гадавіны Слуцкага Збройнага Чыну па эскізах мастака Генрыха Архацкага ў чырвоным, сінім, зялёным і шэрым колерах. На артымарцы постаць юнака з бела-чырвона-белым сцягам, на якім напісана: «Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына». Таксама на артымарцы прысутнічаюць надпісы «The Slucak Uprising 1920—1960», «Freedom for Byelorussia!» і «БНР». Артымаркі былі надрукаваныя на аркушах, на кожным па 20 асобнікаў з надпісам на дзвюх мовах: «Яны памерлі, каб жыла Бацькаўшчына — жывеце вы, каб Бацькаўшчына не памерла! Памажыце замацаваць гісторыю Слуцкага Паўстаньня — злажыце ахвяру на выданьне Слуцкага Альманаху. Наклейвайце гэтыя маркі на лістох і пачках — пашырайце праўду аб Беларусі».
Паштовыя маркі ЗБВБ
правіцьУ 1971 г. у Вялікабрытаніі адбыўся страйк паштовых служачых і Гай Пікарда ад імя ЗБВБ звярнуўся па дазвол на адкрыццё паштовай службы. Атрымаўшы дазвол, Пікарда сам зрабіў эскізы і надрукаваў аж пяць серый марак, якія 19 лютага 1971 г. выйшлі ў абарот. Яны выкарыстоўваліся да 10 сакавіка 1971 г., калі скончыўся страйк.
Першая серыя: на марцы тэкст у тры радкі — «З. Б. В. Б. (10 п. ці 20 п.) Пошта». 10 п. — чырвоная на светла-зялёнай паперы; 20 п. — сіняя на светла-зялёнай паперы. Наклад — 300 асобнікаў.
Другая серыя: маркі «Асобны атрад» з 1920 г. з ручной наддрукоўкай ліловага колеру ў ніжнім правым вугле — «10 п.», у левым — «ZBVB Post», без зубцоў: 10 п. на 5 кап. — зялёная, 10 п. на 10 кап. — чырвоная, 10 п. на 15 кап. — ліловая, 10 п. на 1 руб. — карычневая. Наклад невядомы.
Маркі Рэспублікі Беларусь
правіцьПачаткі марак Рэспублікі Беларусь заклала Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 11 верасня 1991 г. № 351 «Аб выпуску паштовых марак Беларускай ССР».
Першая марка Рэспублікі Беларусь
правіцьПершая марка незалежнай Беларусі з выявай крыжа Ефрасінні Полацкай з’явілася 20 сакавіка 1992 г. Яе аформіў мастак Комлеў. Яна была надрукавана ў Маскве, як і большасць першых беларускіх марак. Наклад склаў 2 мільёны асобнікаў. Вартасць — адзін (спачатку збіраліся надрукаваць слова «рубель», але пасля адмовіліся ад гэтай ідэі з прычыны магчымага стварэння новай валюты; назва валюты з’явілася на беларускіх марках пасля дэнамінацыі 2016 г.).
Серыі стандартных марак
правіцьПершы стандартны выпуск (1992—1994)
правіцьПершыя маркі гэтага выпуску наміналам 30, 45 і 50 капеек былі выдадзены ў зварот 21 снежня 1992 г.
У 1993 г. былі дадаткова выдадзеныя маркі ў 1, 2, 3, 5, 10, 15 і 25 рублёў з датай «1992» і 50, 100 і 150 рублёў з датай «1993».
У 1994 г. былі выпушчаныя маркі ў 200, 300, 600, 1000 і 3000 рублёў. Аснову кампазіцыі марак першага стандартнага выпуску складаў дзяржаўны герб «Пагоня». Таксама вядомыя наступныя наддрукоўкі на марках першага стандартнага выпуску: наддрукоўка новага наміналу на марках 1992 г. (у 1994 і 1997 гг.) і наддрукоўкі літарнага абазначэння наміналу («А» і «В»), зробленыя ў 1996 г. Усе маркі першага стандартнага выпуску выпускаліся на простай паперы.
Другі стандартны выпуск (1995—1996)
правіцьУ сувязі са зменай дзяржаўнага герба, у 1995 г. быў зроблены другі стандартны выпуск марак наміналам у 180, 280 і 600 рублёў, на якіх выява герба была заменена панарамай плошчы Перамогі ў Мінску. У 1996 г. таксама была дадаткова выпушчана марка гэтага выпуску ў 200 рублёў (датаваная 1995 г.). У 2001 г. на частцы накладу марак другога стандартнага выпуску была зроблена наддрукоўка новага наміналу (1000 рублёў). Усе маркі другога стандартнага выпуску друкаваліся на мелаванай паперы.
Трэці стандартны выпуск (1996—1997)
правіцьМаркі трэцяга стандартнага выпуску з выявай новага дзяржаўнага герба ўзору 14 мая 1995 г. выпускаліся ў 1996—1997 гг. У 1996 г. былі выпушчаныя маркі ў 100, 200, 500, 600, 1000, 1500, 1800, 2200, 3300, 5000, 10 000, 30 000 і 50 000 рублёў. У 1997 г. быў зроблены выпуск марак (таксама з датай 1996 г.) наміналам 400 і 2000 рублёў, а марка ў 1500 рублёў (таксама з датай 1996 г.) была выпушчана ў змененым колеры (блакітным замест ружовага). Затым былі выпушчаныя маркі наміналам 800, 2500 і 3000 рублёў з датай «1997». У 2001 г. на частцы накладу марак другога стандартнага выпуску была зроблена наддрукоўка новага наміналу (400 рублёў).
Чацвёрты стандартны выпуск (1998—2003)
правіцьМаркі чацвёртага стандартнага выпуску выпускаліся з 1998 па 2003 гг. Галоўным матывам серыі была этнаграфічная тэматыка. Праз высокую інфляцыю сюжэт марак могу дублявацца. Напрыклад, сюжэт маркі ў 100 рублёў выпуску 1998 г. (вадзяны млын) быў паўтораны на марцы ў 30 000 рублёў выпуску 1999 г. У 1998 г. былі выпушчаныя маркі наміналам 100, 200, 500, 1000, 1500, 2000, 3000, 3200, 5000, 5300 і 10 000 рублёў. У 1999 г. былі выпушчаныя маркі наміналам у 800, 30 000, 50 000, 100 000 і 500 000 рублёў. Пасля дэнамінацыі 2000 г. у зварот сталі паступаць маркі чацвёртага стандартнага выпуску ў новым маштабе цэн. У 2000 г. былі выпушчаныя маркі ў 1, 2, 3, 5, 10, 20, 30, 50 і 100 рублёў, а таксама маркі з літарным абазначэннем наміналу («А» і «В»). У 2001 г. былі выпушчаныя маркі ў 100, 200, 500 рублёў, а таксама наддрукоўка новага наміналу (1000 рублёў) на марцы ў 100 рублёў 1998 г. У 2002 г. былі паўторна выпушчаныя маркі ў 1, 2, 3, 5, 10, 20, 30, 50 рублёў і з літарным абазначэннем наміналу («А» і «В»). У 2003 г. былі паўторна выпушчаныя маркі ў 200 і 500 рублёў.
Пяты стандартны выпуск (2001—2008)
правіцьМаркі пятага стандартнага выпуску выпускаліся з 2001 па 2007 гады. Асноўным матывам былі выявы архітэктурных помнікаў (за выключэннем 1000-рублёвай маркі, на якой быў выяўлены асабісты герб Францыска Скарыны). У 2001 г. былі выпушчаныя маркі наміналам у 1000, 2000, 3000, 5000 рублёў, а ў 2002 г. — з літарным пазначэннем наміналу («H», «C»). У 2006 г. марка ў 3000 рублёў была перавыдадзена са змененым малюнкам і ў новым колеры. У 2007 г. была перавыдадзена марка ў 2000 рублёў. Выпускі 2001—2007 гг. друкаваліся на мелаванай паперы. У 2008 г. маркі ў 2000 рублёў 2007 г. і 3000 рублёў 2006 г. былі перавыдадзеныя на афсетнай паперы.
Шосты стандартны выпуск (2002)
правіць«Кветкі» квадратнага фармату. Адбыўся ў 2002 г. і ўключаў у сябе маркі ў 30, 50, 100, 200, 500 рублёў і з літарным пазначэннем наміналу («А», «В», «С», «Н»).
Сёмы стандартны выпуск (2002—2008)
правіцьМаркі сёмага стандартнага выпуску з выявай ягад выпускаліся ў 2004 г. Серыя складалася з марак у 5, 10, 20, 30, 50, 100, 200, 300, 500, 1000 рублёў і з літарным пазначэннем наміналу («А», «В», «С», «Н», «Р»). Выпуск 2004 г. быў надрукаваны на мелаванай паперы. У снежні 2008 г. марка наміналу «С» была перавыдадзена на афсетнай паперы.
Восьмы стандартны выпуск (2004)
правіцьТаксама ў 2004 г. былі выпушчаныя і маркі восьмага стандартнага выпуску («дзікарослыя дрэвы»), прадстаўленыя наміналамі ў 100, 200, 300, 400, 500 і 1000 рублёў, а таксама з літарным пазначэннем наміналу («А», «В», «С», «Н», «Р»).
Дзявяты стандартны выпуск (2006)
правіцьУ 2006 г. адбыўся дзявяты стандартны выпуск («птушкі»), які складалі маркі ў 10, 20, 30, 50, 100, 200, 300, 500, 1000 рублёў і з літарным пазначэннем наміналу («А», «В» і «Н»). Былі здзейсненыя два выпускі гэтых марак (абодва ў 2006 г.), прычым першы выпуск быў на мелаванай паперы, а другі — на афсетнай.
Дзясяты стандартны выпуск (2007)
правіцьУ 2007 г. былі выпушчаныя маркі дзясятага стандартнага выпуску («звяры», фармат ромба) з літарным пазначэннем наміналу («А» і «В»). Кожная марка была выканана ў двух варыянтах афармлення.
Адзінаццаты стандартны выпуск (2008—2011)
правіцьГэтая ж тэматыка паўтарылася ў марках адзінаццатага стандартнага выпуску (2008), які складаўся з наміналаў у 10, 200, 300, 400, 1000 і 5000 рублёў. У адрозненне ад выпуску 2007 г. маркі 2008 г. былі «кніжнага» фармату. Першыя выпускі марак былі надрукаваныя на мелаванай паперы, у другой палове 2008 г. на афсетнай паперы былі перавыдадзеныя маркі ў 10, 200, 300, 400 і 1000 рублёў, а ў 2009 г. — у 5000 рублёў. Затым маркі дадзенага выпуску (у яго афсетнай варыяцыі) перавыдаваліся да 2010—2011 гг. (год дадатковай эмісіі пазначаўся ўнізе аркуша разам з нумарам заказу).
Дванаццаты стандартны выпуск (2008—2011)
правіцьУ тым жа 2008 г. была здзейснена эмісія марак дванаццатага стандартнага выпуску («кветкі», «кніжнага» фармату) наміналам у 20, 30, 50, 100, 500 рублёў і з літарным пазначэннем наміналу («А», «В» і «Н»). Былі зробленыя два выпускі гэтых марак (абодва ў 2008 г., першы — на мелаванай паперы, другі — на афсетнай). Потым маркі дадзенага выпуску (у яго афсетнай варыяцыі) перавыдаваліся да 2010—2011 гг. (год дадатковай эмісіі пазначаўся ўнізе аркуша разам з нумарам заказу).
Трынаццаты стандартны выпуск (2012—2013)
правіцьУ студзені 2012 г. адбылася эмісія марак трынаццатага стандартнага выпуску («нацыянальны арнамент») з літарным пазначэннем наміналу («М» і «N»), надрукаваных на афсетнай паперы. У 2013 г. былі дадаткова перавыдадзеныя (год дадатковай эмісіі пазначаўся ўнізе аркуша разам з нумарам заказу).
Чатырнаццаты стандартны выпуск (2012—2016)
правіцьУ сакавіку 2012 г. у продаж выйшлі маркі чатырнаццатага стандартнага выпуску («помнікі архітэктуры») наміналам у 50, 100, 200, 500, 1000, 2000, 5000, 10 000, 20 000 рублёў і з літарным пазначэннем наміналу («А», «Н» і «Р»). Першая эмісія марак чатырнаццатага стандартнага выпуску адбылася як у выглядзе гуміраваных марак на мелаванай паперы (абмежаваны наклад), так і ў выглядзе самалепак на глянцавай паперы (асноўны наклад). Самалепкі былі перавыдадзеныя на матавай паперы: у верасні 2012 г. былі перавыдадзеныя 200, 1000 і 2000 рублёў, у кастрычніку 2012 г. — «А», у студзені 2013 г. — 50, 100, 500 рублёў і «Н», у сакавіку 2013 г. — 5000, 10 000 і 20 000 рублёў, у лістападзе 2013 г. — «Р». У снежні 2014 г. маркі ў 50, 100, 200, 500, 1000, 5000, 10 000 і 20 000 рублёў былі перавыдадзеныя са змененай УФ-абаронай (аналагічнай той, якая ёсць у марак пятнаццатага стандартнага выпуску). У канцы 2015 — пачатку 2016 гг. маркі (акрамя «Р») былі перавыдадзеныя на палепшанай паперы.
Пятнаццаты стандартны выпуск (з 2014 і дагэтуль)
правіцьМаркі пятнаццатага стандартнага выпуску былі выпушчаныя ў абарачэнне ў снежні 2014 г. Выпуск складаецца з пяці безнамінальных марак: «А», «N», «М», «Н» і «Р». Малюнак марак паўтарае гэтакі адзінаццатага стандартнага выпуску са змененым наміналам і крыху змененымі дэталямі дызайну (паменшаная выява, крыху іншае размяшчэнне надпісаў, у выпадку з маркай «N» — крыху мадыфікаванае адценне). Маркі пятнаццатага стандартнага выпуску паўтараюць сваім дызайнам наступныя маркі адзінаццатага: «А» — паўтарае дызайн 10-рублёвай, «N» — дызайн 200-рублёвай, «M» — 300-рублёвай, «H» — 400-рублёвай, «P» — 1000-рублёвай. Маркі пятнаццатага стандартнага выпуску з’яўляюцца, як і маркі чатырнаццатага, самаклейкамі ды выпускаюцца на матавай паперы. У 2016 г. маркі гэтага выпуску (наміналамі «А» і «H») былі перавыдадзеныя на мадыфікаванай паперы. У 2017 г. адбылося дадатковае перавыданне маркі «А».
Шаснаццаты стандартны выпуск (з 2016 і дагэтуль)
правіцьРаздзел артыкула яшчэ не напісаны. |