Адкрыць галоўнае меню

Васі́ль Максі́мавіч Руса́к (4 красавіка 1896, Ячава, цяпер Слуцкі раён, Беларусь — 23 жніўня 1954, ГУЛАГ[1]) — беларускі нацыянальны дзеяч, выдавец, прадпрымальнік. Удзельнік Слуцкага збройнага чыну.

Васіль Максімавіч Русак
Васіль Русак. Прага, 1930-я
Васіль Русак. Прага, 1930-я
Род дзейнасці: выдавец, прадпрымальнік
Дата нараджэння: 4 красавіка 1896(1896-04-04)
Месца нараджэння: в. Ячава, Слуцкая воласць, Слуцкі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя
цяпер Слуцкі раён, Беларусь
Дата смерці: 23 жніўня 1954(1954-08-23) (58 гадоў)
Месца смерці: ГУЛАГ, СССР
Commons-logo.svg Васіль Максімавіч Русак на Вікісховішчы

БіяграфіяПравіць

 
Васіль Русак, 1920
 
Пасведчанне БВК на імя Васіля Русака, 11 сакавіка 1921

Нарадзіўся 4 красавіка 1896 г. у вёсцы Ячава Слуцкай воласці.

Прымаў удзел у Першай сусветнай вайне ў чыне прапаршчыка на Паўночным фронце. З 1917 г. сябра Беларускай сацыялістычнай грамады, адзін з лідараў Беларускай рады беларусаў-вайскоўцаў Паўночнага фронту, удзельнік Беларускага вайсковага з'езда ў Віцебску. Удзельнік Першага Усебеларускага кангрэса ў Менску (снежань 1917)[2].

У пачатку 1918 года працуе ў Беларускім камітэце Воршы, пазней вяртаецца на Случчыну, уключаецца ў дзейнасць культурніцкай арганізацыі «Папараць-Кветка». З траўня 1918 года ў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, уваходзіць у яе ЦК. Увосень таго ж года арыштаваны немцамі, пасля вызвалення ў снежні — адзін з арганізатараў «Саюза абароны краю». З прыходам бальшавікоў працаваў у валасных ды вясковых установах павета як выбраны ад сялянства, адначасова займаецца нацыянальна-культурнай працай[2].

У сакавіку 1919 года арыштаваны бальшавікамі, але праз месяц без выстаўлення абвінавачання выпучаны пад заклад 3 тыс. рублёў, якія сабралі мясцовыя сяляне. Усё лета хаваўся ад ЧК у сялянскіх хатах. У час польска-савецкай вайны актыўны ўдзельнік антыпольскага падпольнага руху, сябра Слуцкага Беларускага нацыянальнага камітэта, кіраваў беларускім хорам «Папараць-Кветкі», разам з яе драматычнай дружынай ездзіў па павеце са спектаклямі, у якіх браў удзел як артыст пад псеўданімам Базыль Карусь.

У ліпені 1920 года, з вяртаннем савецкай улады, мабілізаваны ў чырвоную армію, адбываў службу ў Слуцку. У лістападзе 1920 года, у часе з'езду Случчыны, абраны яго старшынёй, увайшоў у склад прэзідыума Рады Случчыны. Прымаў удзел у Слуцкім паўстанні 1920 года — камандзір Другога Грозаўскага палка[2].

У 1921 годзе інструктар Беларускай вайсковай камісіі, нелегальна вёў эсэраўскую агітацыю сярод беларускага батальёна БВК і беларускага сялянства Баранавіцкага павета[2].

Ратуючыся ад польскае дэфензівы, у траўні 1922 года ў Коўне (Літва), займаўся арганізацыяй партызанскіх аддзелаў на Віленшчыне супраць палякаў, звязаны з літоўскімі стралецкімі арганізацыямі[2].

У канцы 1922 года з рэкамендацыі прадстаўніцтва БНР у Коўне выязджае на вучобу ў Чэхаславаччыну, дзе ўвосень 1923 года паступае ў Пражскую вышэйшую тэхнічную школу на агранамічны факультэт. У часе вучобы актыўна ўдзельнічае ў грамадска-палітычным жыцці беларускай эміграцыі: уваходзіць у Загранічную групу БПСР, адзін з кіраўнікоў Аб'яднання беларускіх студэнцкіх арганізацый за граніцай і Заходняй Беларусі (АБСА), працуе ў Беларускім (Крывіцкім) культурна-асветным таварыстве імя Ф. Скарыны, супрацоўнічае з часопісам «Перавясла» ды інш. Пасля атрымання вышэйшай адукацыі застаецца жыць у Празе[2].

Узяўшы шлюб з чэшскай дзяўчынай, паспяхова займаецца прадпрымальніцтвам. У 1931 годзе ўзначаліў Пражскі Беларускі нацыянальны камітэт, за свой кошт падрыхтаваў і выслаў у Лігу Нацый мемарандумы на французскай мове ў абарону нацыянальных і сацыяльных праў беларускага народу. У 1934 годзе выдаў на лацінцы «Biełaruski śpieŭnik», фундаваў выданне часопіса «Iskry Skaryny». У 1936 годзе разам з украінцамі-эмігрантамі арганізаваў у Празе сумесны беларуска-ўкраінскі фэст народнай песні. Улетку 1939 года выдаў на нямецкай мове інфармацыйную брашуру «Bielarus — Weissruthenien» з этнаграфічнай мапай Беларусі[2].

У 1941 годзе паводле асабістага праекта з дапамогай А. Жука выдаў паштоўкі з гербам Пагоня, які спалучаў беларускага вершніка і імянны знак Францішка Скарыны (сонца з маладзіком)[2].

У часе нацысцкай акупацыі Прагі хаваў у сябе дзве жыдоўскія сям'і, дапамог ім атрымаць пасведчанні, што яны беларусы[1][2]. Быў запрошаны на Другі Усебеларускі кангрэс у Менску, аднак удзелу ў ім не прыняў. У час візіту ў Менск сустракаўся з Радаславам Астроўскім, Кастусём Езавітавым, Міхасём Гузоўскім[3].

2 чэрвеня 1945 г. арыштаваны ў Празе савецкай контрвыведкай за «антысавецкую дзейнасць у эміграцыі», 2 чэрвеня 1946 г. Ваенным трыбуналам войскаў Міністэрства ўнутраных спраў Беларускай вайсковае акругі асуджаны на 10 гадоў лагераў[2]. Памёр у лагеры 23 жніўня 1954 года[1].

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 Міхась Скобла. Уладзімер Ляхоўскі: У Слуцкім паўстанні сацыяльны чыннік супаў з нацыянальным. Радыё Свабода (28 лістапада 2014). Праверана 4 снежня 2014.
  2. 2,0 2,1 2,2 2,3 2,4 2,5 2,6 2,7 2,8 2,9 Ул. Ляхоўскі, Ул. Міхнюк, А. Гесь. Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах. — 2-ое выд. дапрац.. — Менск: Энцыклапедыкс, 2006. — С. 295—296. — 400 с. — ISBN 985–6599–25–3.
  3. Ул. Ляхоўскі, Ул. Міхнюк, А. Гесь. Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах. — 2-ое выд. дапрац.. — Менск: Энцыклапедыкс, 2006. — С. 268. — 400 с. — ISBN 985–6599–25–3.

ЛітаратураПравіць

  • Спадчына 6-1995 // Ліст Васіля Русака Кастусю Езавітаву
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Ляховский, В.В. «Не палите мои здабытки огнем…» Судьба и «дело» слуцкого повстанца В.Русака на фоне политических событий первой половины ХХ ст. / В.В. Ляховский // От «Германской» к Гражданской: становление корпуса народных вожаков русской смуты. – Москва, “АИРО-XXI», 2014. — С. 246—275
  • Ляховский, В.В. Василий Максимович Русак / В.В. Ляховский // Вожаки и лидеры Смуты 1918–1922 гг. Биографические материалы / сост. и науч. ред. А.П. Посадский – Москва: АИРО-XXI, 2017. – 592 с.

СпасылкіПравіць