Паўднёвыя паютэ (саманазва: Nuwuvi) — група індзейскіх плямён, якія размаўляюць на нумійскай мове. Карэнныя жыхары рэгіёна Вялікі Басейн. Агульная колькасць (2018 г.) - 6 800 чал.[1]

Паўднёвыя паютэ
(Nuwuvi)
Нумага, правадыр паўднёвых паютэ ў 1860-х гг.
Агульная колькасць 6800 (2018 г.)
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова нумійскія мовы
Рэлігія анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы паўночныя паютэ, мона, чэмехуэві

Паўднёвыя паютэ як самастойная лінгвістычная галіна пачалі фарміравацца ў сярэдзіне 1 тысячагоддзя н. э. на тэрыторыі ўсходняй Невады і паўднёва-усходняй Юты[2]. Іх асноўнымі заняткамі былі вандроўныя паляванне і збіральніцтва. У сярэдзіне XIX ст. налічвалася ад 16 да 31 самастойных груп, што жылі на тэрыторыі сучасных Невады, Юты і Арызоны.

Кантакты з еўрапейцамі пачаліся з 1776 г., калі на землях паўднёвых паютэ з'явіліся іспанскія місіянеры. Менавіта іспанцы далі мясцовым плямёнам назву Payuchi. У першай палове XIX ст. паўднёвыя паютэ пакутвалі ад нападаў наваха і ютаў.

З канца 1840-х гг. на іх тэрыторыях з'явіліся перасяленцы-мармоны. Адносіны паміж мармонамі і паўднёвымі паютэ захоўвалі мірны характар, аднак кантакты прывялі да эпідэмій сярод індзейцаў, мармоны паступова захапілі іх водныя крыніцы і зрабілі немагчымым традыцыйнае існаванне. У 1857 г. мармоны і паўднёвыя паютэ здзейснілі масаваю разню амерыканскіх перасяленцаў у Каліфорнію.

У Невадзе адносіны паміж амерыканскімі пасяленцамі, паўднёвымі і паўночнымі паютэ сапсаваліся ў канцы 1850-х гг. Нягледзячы на дагавор 1858 г. гэта прывяло да ваенных дзеянняў 1860 г. Яны былі спынены толькі пасля ўмяшальніцтва федэральных уладаў ЗША.

У канцы XIX ст. паўднёвыя паютэ былі пераселены ў рэзервацыі. 3 красавіка 1980 г. паўднёвыя паютэ Юты аб'ядналіся ў адзіную племянную арганізацыю, прызнаную з боку ЗША.

Зноскі

Спасылкі правіць