Паўночныя паютэ (саманазва: Numa) — група індзейскіх плямён, якія размаўляюць на аднайменнай нумійскай мове. Карэнныя жыхары рэгіёна Вялікі Басейн. Агульная колькасць (2018 г.) - 7 100 чал.[1]

Паўночныя паютэ
(Numa)
Вавока, заснавальнік рэлігійнага руху Танец духу
Агульная колькасць 7100 (2018 г.)
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова паўночная паютэ
Рэлігія анімізм, хрысціянства, танец духу
Блізкія этнічныя групы паўднёвыя паютэ, банак

Паходжанне правіць

Продкі паютэ з'явіліся ў рэгіёне Вялікі Басейн каля 1000 - 1500 гадоў таму. Магчымай іх прарадзімай была паўднёвая Каліфорнія[2]. Паютэ ніколі не былі аб'яднаны ў адзін народ, падзяляліся на розныя плямёны і групы. Паўночныя паютэ адрозніваюцца ад паўднёвых выключна па лінгвістычнаму прынцыпу.

Да кантактаў з еўрапейцамі ў першай палове XIX ст. паўночныя паютэ насялялі ўсход Каліфорніі, захад Невады і паўднёвы ўсход Арэгона. Усяго налічвалася 26 буйных тэрытарыяльных груп, кожная з якіх мела саманазву. Да паўночных паютэ таксама адносяць банак[3], якія размаўлялі на мове паўночных паютэ, але жылі сярод шашонаў.

Традыцыйная культура правіць

Да прыходу еўрапейцаў асноўнымі заняткамі паўночных паютэ былі паляванне, збіральніцтва і рыбалоўства. Палявалі пераважна ўзімку. Збіральніцтва вялося на працягу года. Збіралі ядомыя расліны і казурак. Для доўгага захавання — хваёвыя арэхі. Рыбалоўства адыгрывала выключна важную ролю ўлетку, калі пачынаўся сухі сезон[4].

З рамёстваў асабліва вылучалася пляценне кашоў[5]. У канцы XIX - першай траціне XX ст. яно мела камерцыйна накіраваны характар. У XIX ст. была вядома конегадоўля. Аднак яна не набыла асаблівай эканамічнай значнасці. Коні і сабакі выкарыстоўваліся для транспартыроўкі рэчаў.

Асаблівасці гаспадаркі вымушалі паўночных паютэ весці вандроўны лад жыцця. У раёнах азёр і балот меліся сталыя паселішчы, дзе праводзілі зімовы сезон. У астатні час галоўным тыпам паселішча быў часовы лагер. Іх памер і насельніцтва вагаліся ў залежнасці ад сезона. У мясцовасцях, багатых рэсурсамі, лагеры ўключалі 50 — 200 жыхароў[6]. Асноўны від жытла — часовы вікіяп.

Фундаментам сацыяльнай арганізацыі былі тэрытарыяльныя групы, якія часцяком фарміраваліся па сваяцкаму прынцыпу. Яны разам эксплуатавалі землі, па якіх вандравалі, абаранялі іх, аб'ядноўваліся падчас святаў і супольных паляванняў. На чале тэрытарыяльнай групы стаяў выбраны правадыр. Ён узначальваў паляванні і ваенныя дзеянні. Знутры буйных груп вылучаліся малыя вандроўныя групы з некалькіх сем'яў. Сацыяльны статус вызначаўся ўзростам[7]. Эканамічная няроўнасць рэгулявалася абавязковай узаемнай дапамогай і шчодрасцю ў дачыненні да іншых чальцоў групы.

Дамінавалі малыя нуклеарныя сем'і. Бацькі самі выбіралі нявесту жаніха, абменьваліся з яе сваякамі падарункамі. У раннія часы пасля шлюбу жаніх пераходзіў на тэрыторыю сям'і жонкі. Аднак сваяцтва вызначалася па мужчынскай лініі. Існавалі звычаі разводаў, палігініі і паліандрыі[8]. У выхаванні дзяцей прымалі ўдзел бабулі і дзядулі.

Мова правіць

Родная мова паўночных паютэ адносіцца да нумійскай групы моў. У нашы дні захавалася каля 700 носьбітаў[9]. Вывучаецца ў школах Арэгона і Невады.

Рэлігія правіць

Традыцыйныя рэлігійныя вераванні паўночных паютэ былі заснаваны на веры ў духоўную сілу puha[10], якая прасякае ўсе натуральныя аб'екты, у тым ліку людзей. Яны таксама верылі ў звышнатуральныя істоты: воўка-стваральніка сусвета Isa, яго брата-трыкстэра каёта, карлікаў-людаедаў німерыгар і г. д.[11] У якасці арганізатара рэлігійных рытуалаў мог выступаць кожны мужчына, аднак лічылася, што эфектыўна займаюцца лекаваннем толькі шаманы.

У выніку кантактаў з еўрапейцамі сярод паўночных паютэ пачало распаўсюджвацца хрысціянства. Пасля сонечнага зацьмення 1889 г. шаман Вавока стварыў на аснове традыцыйных і хрысціянскіх вераванняў рэлігійны культ Танец духу[12], які меў уплыў і на іншыя індзейскія народы ЗША.

Зноскі

Спасылкі правіць