Банак (саманазвы: Bana'kwut, Panaiti, літаральна "людзі вады") — індзейскі народ, карэнныя жыхары ЗША. У наш час жывуць разам з паўночнымі шашонамі ў Айдаха. Агульная колькасць (2010 г.) - 89 чал.

Банак
(Bana'kwut)
Фота 1895 г.
Агульная колькасць 89 (2010 г.)
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова паўночная паютэ
Рэлігія анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы паютэ

Гісторыя

правіць

Падобна да іншых паютэ, банак паходзяць з тэрыторыі Вялікага Басейна, які маглі пакінуць разам з паўночнымі шашонамі. Некаторыя лічаць, што першае апісанне банак было зроблена ў 1805 г. падчас экспедыцыі Льюіса і Кларка, у нататках якой узгаданы "індзейцы парваных макасінаў". Аднак першае канкрэтнае апісанне было зроблена толькі ў 1829 г. У 1833 г. яны насялялі раку Партнёф у Айдаха. У 1853 г. губернатар Вашынгтона паведамляў пра групу банак на ўсходзе Айдаха, якая нядаўна перасялілася з-за заходніх гор у пошуках выратавання ад воспы і іншых індзейцаў.

Да канца 1860-х гг. банак былі інтэграваны з паўночнымі шашонамі, хаця захоўвалі адрозную мову. У 1863 г. і 1869 г. разам з шашонамі падпісвалі мірныя пагадненні з ЗША і ў выніку былі пераселены ў рэзервацыю. Аднак большасць конных банак на чале з правадыром Бізонавым Рогам хутка пакінула вылучанае месца жыхарства і працягвала незалежны лад жыцця. Скарачэнне статкаў дзікіх жывёл ў 1870-х гг. выклікала голад сярод прадстаўнікоў гэтай групы, таму Бізонавы Рог аб'яднаўся з паўночнымі паютэ для нападаў на амерыканскіх перасяленцаў. У чэрвені — жніўні 1878 г. амерыканскія салдаты і добраахвотнікі вялі ваенныя дзеянні супраць банак на чале з Бізонавым Рогам. Яны скончыліся паражэннем індзейцаў. Рэшткі банак былі пераселены ў 2 рэзервацыі ў Айдаха і Вашынгтоне.

У 1901 г. агульная колькасць банак дасягала 513 чалавек, аднак яны ўжо былі значна асіміляваны шашонамі. Далейшай інтэграцыі з шашонамі садзейнічала стварэнне адзіных выбарных органаў кіравання.

Традыцыйная культура

правіць

Хаця ў XIX ст. банак займаліся конегадоўляй і палявалі на бізонаў, важнымі заняткамі для іх заставаліся рыбалоўства і збор цыцаніі. Яны вандравалі невялікімі сямейнымі групамі ўздоўж рэк, аб'ядноўваліся для супольных святаў, паляванняў і войн. Да перасялення ў рэзервацыю жылі ў травяных буданах і скураных тыпі. Карысталіся лукам, стрэламі, дзідамі, каменнымі нажамі.

Вопратка паходзіла на вопратку паўночных паютэ. Плялі з раслінных валокнаў фартухі, кашулі, понча, выраблялі з футра трусоў плашчы, са скур дзікіх жывёл — штаны. Для вырабу адзення таксама выкарыстоўвалі коўдры, што выменьвалі ў амерыканскіх гандляроў на футра.

Фальклор уключае міфы і казкі пра стваральніка свету ваўка Эсу, трыкстэра каёта Эюпэ, карлікаў-людаедаў нінумбі, вадзяных духаў.

Спасылкі

правіць