Паўлаўская рэспубліка

Паўлаўская рэспубліка (Паўлаўская Рэч Паспалітая, польск.: Rzeczpospolita Pawłowska) - маёнтак Паўлава ў Віленскім павеце Рэчы Паспалітай, у якім у другой палове XVIII стагоддзя былі праведзены кардынальныя сацыяльна-эканамічныя рэформы, у выніку чаго ў ім было сфарміравана мясцовае самакіраванне.

 
П. К. Бжастоўскі. Мастак Ф. К. Фабр, 1797
 
Паўлаўскія сяляне, гравюра, 1767

У 1767 годзе Павел Ксаверый Бжастоўскі набыў маёнтак Мерач  (польск.) (цяпер Меркіне ў Літве), якое ў гонар сябе назваў Паўлава. Новы ўладальнік быў прыхільнікам ідэй Асветы, правёў шырокія рэформы, накіраваныя на паляпшэнне жыцця сялян. У 1769 годзе з іх згоды Бжастоўскі выдаў Статут, згодна з якім сялянам давалася асабістая свабода і права пакінуць маёнтак пры ўмове выплаты даўгоў і знаходжання сабе замены. Сяляне былі падзеленыя на чатыры катэгорыі: пяняжнікі, баяры, цяглыя і яктнікі. Першыя тры атрымалі буйныя гаспадаркі, за якія неслі адпаведна грашовую, грашова-адпрацоўчую і адпрацовачную павіннасці. У 1786 годзе практычна ўся фальваркавая (панская) зямля была падзелена паміж сялянамі, пры гэтым адпрацовачная павіннасць была заменена грашовай (чыншам). У выніку перадзелу зямлі была ліквідаваная цераспалосіца. Сяляне атрымалі права бязвыплатна карыстацца Мерачскай пушчай, распараджацца ўласнай маёмасцю (у тым ліку часткова зямлёй), а таксама займацца рамяством і гандлем[1].

У маёнтку быў створаны інстытут мясцовага самакіравання па прыкладзе двухпалатнага парламента. Верхняя палата складалася з прызначаных Бжастоўскім губернатара, намесніка (пісара), цівуна і арандатараў, а таксама выбарных прадстаўнікоў ад сялян: цэнзара, бурмістра, двух лаўнікаў, двух ляснічых, двух мастаўнічых і дзясятнікаў. Пасля ліквідацыі фальварка прызначаныя уладальнікам асобы страцілі значэнне і былі выведзеныя са складу палаты, у якой па стане на 1791 засядалі цэнзар, падцэнзар, чатыры стражнікі, бурмістр, чатыры дзясятнікі (войты), паддзясятнікі, два мастаўніка (будаўніка) і чатыры ляснічых. Для пасяджэнняў верхняй палаты быў спецыяльна пабудаваны дом.

 
«Павел Ксаверый Бжастоўскі аб'яўляе Статут сялянам Паўлава». Францішак Смуглевіч, 1795

Ніжняя палата, пасяджэнні якой праходзілі пад старшынствам губернатара і асобна ад верхняй, складалася з усіх самастойных гаспадароў надзелаў маёнтка. У 1791 годзе Бжастоўскі замяніў «парламент» на камісію з 12 чыноўнікаў і 8 прызначаных ім кожныя 4 гады «дэпутатаў» ад сялян[1].

Статут 1769 для разгляду цяжбаў паміж сялянамі ўводзіў суд у складзе губернатара, пісара, цівуна і двух абраных сялянамі лаўнікаў. Таксама была заснавана каса, якая крэдытавала сялян грашыма, збожжам і рабочым скатом. У 1788 годзе было выдзелена 30 тысяч злотых на утрыманне пастаяннага фельчара і аптэкі. У 1791 годзе суд быў ператвораны ў штотыднёвы, які складаўся з абраных лаўнікаў. Апеляцыі на яго рашэнні падаваліся ў другі суд з трох гаспадароў надзелаў. За свой кошт Бжастоўскі аплачваў працу двух настаўнікаў для дзяцей і дарослых, а пазней адкрыў школу, у якой выкладалася чытанне, пісьмо, арыфметыка, рэлігія, геаграфія краю, асновы сельскай гаспадаркі. Вучылі таксама спевам і давалі некаторыя практычныя ўрокі, у тым ліку хатняга рамяства. Навучанне асновам сельскагаспадарчай навукі з часам было пашырана. У 1770 годзе Бжастоўскі выдаў падручнік «Пра земляробства для выгады гаспадароў, якія пражываюць у Паўлава», які стаў першым падручнікам па сельскай гаспадарцы ў Рэчы Паспалітай, а таксама падручнік для сялян пра хваробы і лекі[1].

З сялян мужчынскага полу было арганізавана войска (міліцыя), якое мелася на ўвазе выкарыстоўваць для абароны дзяржавы. Войска было забяспечана мундзірамі і зброяй аднаго калібра, якія захоўваліся ў дамах сялян. Паўлаўскае войска прыняло ўдзел у паўстанні Касцюшкі, у чэрвені 1794 года яго інспектаваў і высока ацаніў Якуб Ясінскі. 3 і 24 красавіка Паўлава штурмавалі расійскія войскі, у канцы месяца яны захапілі маёнтак. У канцы 1794 Бжастоўскі быў вымушаны эміграваць і прадаць Паўлава Ф. Машынскаму на ўмове захавання яго статусу. У далейшым маёнтак перайшоў у рукі іншых уладальнікаў, істотна павысіўшых павіннасці і скараціўшых правы сялян, аднак Паўлава яшчэ доўгі час прытрымлівалася асноўных палажэнняў Статута[1].

Рэформы садзейнічалі развіццю капіталістычных адносін і росту якасці жыцця сялян. Большасць памешчыкаў Рэчы Паспалітай сустрэлі іх варожа, а прагрэсіўна настроеныя кругі прыводзілі ў прыклад. Асобныя палажэнні Статута Паўлава мелі паралелі і ў маёнтках іншых памешчыкаў (напрыклад, у маёнтку Храптовіча Шчорсы), аднак у цэлым становішча "Паўлаўскай рэспублікі» было унікальным[1].

Зноскі

  1. а б в г д Пазднякоў В. Паўлаўская рэспубліка // Вялікае Княства Літоўскае. Энцыклапедыя у 3 т. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 410—411. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць