Паўночнабеларуская культура
Паўночнабеларуская культура — археалагічная культура позняга неаліту—ранняга бронзавага веку, помнікі якой былі распаўсюджаны на тэрыторыі Віцебскай і поўначы Мінскай абласцей Беларусі, поўдні Пскоўскай і паўночным захадзе Смаленскай абласцей Расіі, паўднёва-ўсходняй Латвіі ў сярэдзіне III-га—сяр. II-га тыс. да н.э. Сфарміравалася на аснове усвяцкай культуры сярэдняга неаліту пад уплывам носьбітаў верхнедпяпроўскай культуры, таксама культур шнуравой керамікі з тэрыторыі Прыбалтыкі і Падняпроўя (сярэднедняпроўская культура). Часткай даследчыкаў адносіцца да культур шнуравой керамікі.
Паўночнабеларуская культура неаліт | ||||
---|---|---|---|---|
Лакалізацыя | поўнач Беларусі, паўднёва-ўсходняя Латвія | |||
Датаванне | сяр. III-га—сяр. II-га тыс. да н.э. | |||
Тып гаспадаркі | паляванне, рыбалоўства, збіральніцтва, земляробства і жывёлагадоўля | |||
Пераемнасць | ||||
|
Носьбіты паўночнабеларускай культуры займаліся паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам, земляробствам і жывёлагадоўляй. Паселішчы размяшчаліся пераважна ў месцах вытокаў або ўпадзення невялікіх рэк у азёры, зрэдку — на абсохлых затарфаваных берагах азёр. Жытлы выцягнутыя, з 2-схільным дахам, ёсць звесткі пра існаванне заглыбленых на 0,5 м пабудоў. Для паўночнабеларускай культуры характэрны вастрадонны на раннім і пласкадонны на пазнейшых этапах развіцця ляпны посуд з дамешкамі ў цесце тоўчаных ракавін, арганікі, на пазнейшых этапах — пяску, жарствы, шамоту. Паверхня заштрыхоўвалася з абодвух бакоў пераважна ў падгарызантальным кірунку. Гаршкі шчыльна арнаментаваны па ўсёй паверхні (у т.л. донца, венчык, яго зрэз і ўнутраная частка). На пазнейшых этапах арнамент больш разрэджаны. Частка посуду паўтарае формы гаршкоў культур шнуравой керамікі. Асноўнымі элементамі дэкору з’яўляюцца насечкі, разнастайныя адбіткі гладкага і зубчатага штампаў, ямкавыя ўцісканні і наколы, сустракаюцца адбіткі шнура.
Прылады працы і побыту выраблялі з крэменю, косткі, рога, дрэва (наканечнікі стрэл, гарпуноў і дзід, праколкі, кінжалы, рыбацкія кручкі, сякеры, цёслы, долаты, дзяржанні, вырабы са шчапанага ікла дзіка і г.д.). 3 каменю вырабляліся шліфавальныя пліты, цёрачнікі, матыкі і сякеры. Пад канец існавання культуры з’яўляюцца вырабы з бронзы і медзі — сякеры і шылы (Кастыкі, Асавец—2, 7). 3 зубоў, косці, рога і бурштыну вырабляліся разнастайныя ўпрыгажэнні і амулеты. Знойдзены творы першабытнага: статуэткі людзей, звяроў, птушак, арнаментаваныя бытавыя рэчы і зброя, музычныя інструменты (флейты). На тэрыторыі Беларусі найбольш вядомыя і даследаваныя помпікі: Асавец-2, 7, Крывіна-1, 2, Крывіна- 3, Кастыкі.
Літаратура
правіць- Чарняўскі, М. Касцяныя і рагавыя вырабы на паселішчах Крывінскага тарфяніку: неаліт — бронзавы век / Максім Чарняўскі; НАН Беларусі, Ін-т гісторыі. — Мн.: Беларуская навука, 2007. — 75, [1] с., [38] л. іл. — ISBN 978-985-08-0879-0.
- Чарняўскі, Макс. М., Чарняўскі, М. М. Паўночнабеларуская культура / Макс. М. Чарняўскі, М. М. Чарняўскі // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 2: Л — Я. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2009. — 492, [1] c. — С. 176—177. — ISBN 978-985-11-0354-2.