Пераклад зборніка «Кабзар» Сыракомлі

Пераклад зборніка «Кабзар» Сыракомлі (руск.: Kobzarz) — польскамоўны няпоўны пераклад зборніка Тараса Шаўчэнкі, здзейснены Уладзіславам Сыракомлем. Кніга апублікаваная пасмяротна, хаця падрыхтаваў яе пісьменнік яшчэ пры жыцці[1].

Кабзар
польск.: Kobzarz
укр.: Кобзарь
Жанр паэтычны зборнік
Аўтар Тарас Шаўчэнка (арыгінал)
Уладзіслаў Сыракомля (пераклад)
Дата першай публікацыі 1863
Выдавецтва Абрагам Ас
Месца публікацыі Вільня
Колькасць старонак 120

Пераклад Сыракомлі цалкам выдаваўся чатыры разы: у 1863 г. у Вільні[2], 1872 г. (у складзе 10-томнага збору твораў) у Варшаве, 1883 г. у Львове[1] і 1993 г. зноў у Вільні[3]. У 1955 г. у Варшаве выдалі зборнік выбраных твораў Шаўчэнкі, у якім змясцілі 9 перакладаў Сыракомлі[1].

У прадмове беларускі пясняр адзначае важную ролю Шаўчэнкі ва ўкраінскай літаратуры і дае высокую ацэнку ягонай творчасці. Тамсама Сыракомля піша, што не пераклаў паэмы «Гайдамакі» і апусціў некаторыя месцы «Тарасовай ночы», бо «тут аўтар, мачаючы пэндзаль у кроў, эстэтычна сапсаваў прыгажосць сваіх вобразаў». Да таго ж перакладчык не мог не ведаць, што «Гайдамакаў» ужо перакладае Леанард Савінскі[1].

Агулам перакладзена 14 твораў з 17 другога выдання «Кабзара» (выйшла 23 студзеня 1860). На думку Вячаслава Рагойшы, Сыракомля перакладаў Шаўчэнку яшчэ раней з першага выдання 1840 г.[1]

У сваім перакладзе Уладзіслаў Сыракомля імкнуўся перадаць эстэтычную вартасць арыгіналу[1]. У той жа час перакладчык змякчаў вобраз «ляхаў» і, прыхільна ставячыся да Украіны, усюды ствараў яе станоўчы вобраз. Адаптуючы зборнік пад беларускага чытача, Сыракомля ўжывае збольшага сілаба-танічны верш, нехарактэрны польскай паэзіі, нават там, дзе Шаўчэнка выкарыстоўвае сілабічны верш, традыцыйны для польскай мовы. Часам перакладчык змяняе форму верша, вольна адступае ад арыгіналу[1].

Зноскі

  1. а б в г д е ё Рагойша, В. На хвалі добрасуседства // Літаратура і мастацтва. — 27 верасня 2013. — № 38 (4736). — С. 8. — ISSN 0024-4686.
  2. Szewczenko, Т. Kobzarz Tarasa Szewczenki (польск.). — Wilno: Nakładem A. Assa, 1863. — 120 с.
  3. Szewczenko, Т. Kobzarz (польск.). — Vilnius: Vaga, 1993. — 3 000 экз.

Спасылкі

правіць